Пятница, 25 мая 2018

Столинские огурцы, лунинецкая клубника, а теперь и дрогичинская малина. А чем займутся пружанцы?

1 454

Нярэдка пры сустрэчы з жыхарамі сельскай мясцовасці даводзіцца чуць адну слушную заўвагу з боку вяскоўцаў: маўляў, дэмаграфічны прырост вёскі пачнецца толькі тады, калі тут будзе вырашана пытанне занятасці моладзі. Такое выказванне аспрэчыць складана, але на само пытанне можна паглядзець з розных бакоў. Можна зрабіць яго галаўным болем дзяржавы, а можна…малина

Ёсць і іншы прыклад, прычым для таго, каб пазнаёміцца з ім, не трэба адпраўляцца з абменам вопытам у Польшчу, Германію і нават за акіян. Так, днямі ў складзе дэлегацыі райвыканкама па вывучэнні перадавых ідэй мы пабывалі ў Драгічынскім раёне. Чаму менавіта гэты рэгіён прыцягнуў нашу ўвагу?

— Дэмаграфічная сітуацыя і ў нашых населеных пунктах застаецца складанай,— расказвае старшыня Драгічынскага сельвыканкама Т.П.Юрашэвіч.— Аднак змены апошніх гадоў даюць усе спадзяванні на тое, што ў будучым негатыў удасца пераадолець.

І Таццяна Пятроўна паказала гэта на прыкладзе вёсак, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. За 4-5 гадоў рэзка памянялася сітуацыя з пустуючымі сядзібамі: пакінутыя ўчасткі зямлі перадаюць у прыватныя рукі. Аднак не пад дачы для прыезджых, а толькі тым, хто жыве на тэрыторыі раёна. І попыт настолькі вялікі, што было прынята рашэнне аб абмежаванні выдзяляемых плошчаў да аднаго гектара. Толькі за бягучы год такім чынам былі размеркаваны 37 гектараў. Як правіла, яны засаджваюцца… ягаднымі кустамі.IMG_2732

— Думаем, што ў будучым Драгічын можа стаць новай «сталіцай»: як Століншчына знакаміта агуркамі, Лунінец — клубніцамі, мы ўразім Брэстчыну, Беларусь і нават суседнія краіны малінай,— сцвярджае старшыня сельвыканкама.

Менавіта ажыятаж па вырошчванні гэтай культуры назіраецца на Драгічыншчыне, што відавочна нават у самым райцэнтры: многія сядзібы поўнасцю засаджаны малінай. У сезон сям-там вісяць аб’явы аб аптовай скупцы гэтай ягады.

 Сама расце!

Для пераймання вопыту старшыня сельвыканкама завезла нас у фермерскую гаспадарку «Распберры», кіруе якой Мікалай Максімавіч Лойка. Ён даўно  займаецца вырошчваннем гэтай культуры і тонка разбіраецца ва ўсіх нюансах і аспектах справы.IMG_2737

Маліна для нашага кліматычнага пояса — вельмі ўдалая ягада, якую можна па немудрагелістасці догляду смела ставіць у адзін шэраг з клубніцамі або вішнямі. Словам, драгічынская зямля, а значыць і пружанская (бо адлегласць паміж намі толькі 80 км), ідэнтычныя па сваёй урадлівасці, па клімаце, сярэднегадавых тэмпературах паветра.

— Дастаткова правесці пярвічную апрацоўку, у ходзе якой знішчыць вялікае зелле, унесці адпаведную падкормку і высадзіць саджанцы,— расказвае фермер. Першыя саджанцы гаспадарка купляла ў рэспубліканскім Інстытуце пладаводства, але зараз рэалізуе ўласны пасадачны матэрыял, які прайшоў паспяховую апрабацыю. Зараз асноўны акцэнт робіцца на рэмантантны сорт маліны Полька (Polka), які дае добрыя ўраджаі. Гарантаваны збор у не вельмі спрыяльныя гады, як сёлетні, — да васьмі тон з гектара, хаця ў лепшы сезон лічба можа вырасці ўдвая, а то і ўтрая.

— Калі вырошчваннем гэтай ягады вырашыць заняцца фермер, то пачынаць трэба адразу з 10 гектараў, што дасць эканамічнае абгрунтаванне выдаткаў, а пры наяўнасці тэхнікі можна займаць пад маліну і да 50 гектараў,— сцвярджае М.М.Лойка.— Прыватнік на сваёй сядзібе спакойна зможа апрацаваць ручна 10 сотак пасадак, а сям’і з 3-5 чалавек па сілах вырошчваць маліну і на 30 сотках.

Як расказаў фермер, догляд у многім падобны на вырошчванне клубніц. Пасадку саджанцаў лепш праводзіць увосень, каб вясну яны сустрэлі амаль у поўнай сіле. Абавязкова праводзяцца апрацоўкі ад шматлікіх шкоднікаў, якія не толькі знішчаюць ягаду, але і саму расліну. Па восені, пасля збору ўраджаю, маліна скошваецца на вышыні да пяці сантыметраў ад зямлі, прычым раслінныя адходы можна выкарыстоўваць пад мульчыраванне і пакідаць там жа, у якасці ўгнаенняў. На адным месцы фермер трымае расліны не больш шасці гадоў, хаця на прыватнай сядзібе гарантавана добры ўраджай можна здымаць і дзесяць гадоў запар.IMG_2730

Хоць маліны і больш далікатныя, чым клубніцы, але і яны паддаюцца замарозцы: у драгічынскіх земляробаў ягаду ахвотна купляе прадпрымальнік з Брэста, які пастаўляе замарожаную прадукцыю далёка за межы рэспублікі.

Эканамічная прыцягальнасць

Усе выдаткі на набыццё матэрыялу, падрыхтоўку глебы, вырошчванне і збор ураджаю падлічыць нескладана. А што можна атрымаць узамен?

Бягучы год вызначыўся, як заўважыў Мікалай Максімавіч, не вельмі прыцягальнымі цэнамі. Напрыклад, на маскоўскіх рынках за кілаграм ягады можна было выручыць тры долары ЗША. Непасрэдна ў раёне аптовыя пакупнікі прапаноўвалі 30-40 тысяч рублёў. І ўсё-такі магчымы даход значна пераўзыходзіць траты,  адзін гектар можа прынесці да 15 тысяч долараў ЗША.

Але піянерам гэтай справы ў нашым раёне давядзецца сутыкнуцца з некаторымі цяжкасцямі, аб якіх папярэджваюць драгічынскія прафесіяналы. Па-першае, рынкі збыту: у Драгічынскім раёне многія садаводы спачатку спрабавалі самастойна вывозіць прадукцыю на рынкі абласнога цэнтра і нават за мяжу, але такі падыход апраўдвае сябе толькі пры вялікіх аб’ёмах.

Таму ў райцэнтры зараз многа скупшчыкаў, якія наладзілі ўласную схему супрацоўніцтва: прапануецца спецыяльная тара, у якую вядзецца збор ягады, а сабраны ўраджай скупшчыкі забіраюць уласным транспартам. У нас іх пакуль няма, але попыт абавязкова павінен нараджаць прапанову.

А можа, паспрабуем?

На маю думку, пружанцам неабавязкова поўнасцю капіраваць вопыт суседзяў. Можна засяродзіць увагу не толькі на маліне: беларускі  рынак па-ранейшаму экспартуе ў вялікіх аб’ёмах агрэст, сліву, вішню і многія іншыя садовыя культуры, якія сустракаюцца практычна па ўсіх нашых вёсках. Прыцягвае сам факт таго, што людзі не чакаюць «прыходу цудаў», а становяцца будаўнікамі і ўласнікамі свайго лёсу. Па неафіцыйных звестках, за сезон прадпрымальныя садаводы на маліне атрымліваюць да 50 тысяч долараў ЗША. Такая лічба вельмі здзівіла нас, але калі мы задалі пытанне Т.П.Юрашэвіч наконт праўдзівасці такіх чутак, то яна не выказала ніякага здзіўлення.

Старажылы Пружанскага раёна ўспамінаюць часы, калі наш рэгіён славіўся сваімі садамі, керамікай і розным іншым рамяством. Што перашкаджае аднавіць гэтую славу, зрабіць так жа, як робіцца ў нас пад бокам?

Алег Сідарэнка.

Фота аўтара.

Один комментарий

  • Егор

    «Што перашкаджае аднавіць гэтую славу, зрабіць так жа, як робіцца ў нас пад бокам?»

    Лень. Лучше сходить в аквапарк или ледовый… В Дрогичине то таких забавок нет…

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *