Суббота, 20 января 2018

Пастораль двенадцати месяцев. В «Пружанском палацике» открылась выставка Кшиштофа Гродзицкого

812

Дзе яшчэ можна сустрэць усе дванаццаць месяцаў года, якія сабраліся ў адзін час і ў адным месцы?! Вы скажаце, толькі ў сне або ў аднайменнай казцы. Памыляецеся! На такія цуды здольны і «Пружанскі палацык»: у яго выставачнай зале адбылася неверагодная сустрэча не толькі Верасня з Кастрычнікам, але і іншых братоў-месяцаў. Яны прыляцелі сюды ў выглядзе анёлаў, кожны з якіх мае свой характар, настрой і ўвасабляе важную падзею ці перыяд у жыцці чалавека.Кшыштау

Беласнежны Студзень, быццам лебедзь, раскінуў свае крылы і гатовы ахінуць зямлю пластом снежнага пуху. Люты-хітрун аж пачырванеў ад збянтэжанасці: трымае ў руках валянцінку, але ж мы ведаем, якія сюрпрызы ён можа паднесці. Не верыць яму і строгі Сакавік-сусед: ён стаіць убаку, малітоўна склаўшы рукі, нагадваючы, што наступіла пара Вялікага посту і варта пакінуць зямныя спакусы і падумаць пра вечнае. Парасткі новага жыцця прынёс людзям велікодны Красавік, які пераапрануўся ў далікатна-зялёную стракатую сукенку. Ён падымае высока над галавой пераможны кубак — чашу з пралескамі: зямля прачнулася і неўзабаве прычапурыцца, падобна яму. У гэтым ёй дапаможа Май: схіліўшы калена, ён гатовы служыць верай і праўдай зямлі і людзям.

Блізнятам Чэрвеню і Ліпеню нічога не застаецца, як толькі радавацца разам з усім светам. Першы ўжо паспеў рассыпаць у лясах ягады і сам, гарэза, умыўся чарнічным сокам — будзе адмывацца цэлы месяц! Другі, Ліпень-лежабока, ахоўвае пастушкоў. А вось Жнівень –гаспадар, працуе ў полі, дапамагаючы жнеям вязаць снапы, і падбірае каласкі, што засталіся на пожні, шануе кожнае зярнятка. Дошчачка з лічбамі ў руках Верасня нагадвае дзецям аб пачатку новага навучальнага года. Кастрычнік жаласна прыціскае да грудзей сцяблінкі льну: у гэтую пару яго трэплюць так, што аж трэскі ляцяць. Апошнія два месяцы года не думаюць пра зямное: Лістапад спыніўся ля адзінокай магілы, мабыць, памінае на Дзяды тых, хто пайшоў у іншы свет. А Снежань нясе людзям радасць нараджэння Святога Дзіцяці, і Віфлеемская зорачка пераліваецца золатам на яго крыле.лістапад

Усіх анёлаў убачыў у дрэве і расфарбаваў рознымі колерамі майстар з Польшчы — найвядомы прадстаўнік польскага наіўнага рэалізму Кшыштаф Градзіцкі. 55-гадовы нашчадак падляскіх шляхціцаў сёння жыве і працуе ў гміне Вулька Святкова, цалкам прысвяціўшы сябе разьбе па дрэве. Прымаў удзел у шматлікіх міжнародных конкурсах, выставах і пленэрах і адзначаны высокімі ўзнагародамі. Заслужаны дзеяч польскай культуры.

Творы  Кшыштафа Гра-дзіцкага карыстаюцца папулярнасцю сярод калекцыянераў,  знаходзяцца ў розных дзяржаўных і прыватных зборах Еўропы.

Работы Кшыштафа Градзіцкага простыя і зразумелыя ўсім. Сваё натхненне ён чэрпае ў велізных кавалках ліпы ці ясеня, аддаючы перавагу дрэвам з мудрагелістымі формамі. Прыродныя формы дэфармаванай драўніны – расколіны, скручаныя галінкі і заблытаныя карані – падказваюць скульптару канчатковую форму. Так і на гэты раз: бясформенныя кавалкі дрэва ажылі і ў «магічных» руках мастака ператварыліся ў анёлаў з казачнага свету наіўнай прастаты.

Алена Зялевіч, старшы навуковы супрацоўнік  музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.

На здымках:  Кшыштаф Градзіцкі;  анёл Лістапад.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *