Пятница, 21 сентября 2018

Представители власти встретились с православными священниками Пружанского района

920

Аб каардынацыі сацыяльнай работы ў рамках выканання праграмы “Супрацоўніцтва Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай царквы” ішла гутарка падчас сустрэчы ў Палацы культуры  прадстаўнікоў райвыканкама з праваслаўнымі святарамі раёна.

Пачалося мерапрыемства з узнагароджання. Адзначыўшы вялікую работу па духоўна-маральным выхаванні школьнікаў і актыўную пазіцыю ў захаванні гістарычнай ролі Праваслаўнай царквы на тэрыторыі Пружаншчыны настаяцеля Спаса-Праабражэнскай царквы айца Ігара Мрыхіна, старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч уручыў яму Падзячнае пісьмо райвыканкама (на здымку).   IMG_4520

Раскрываючы тэму сустрэчы, намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец больш падрабязна спыніўся на ўзаемадзеянні службаў раёна і рэлігійных канфесій у рабоце з дзецьмі, у тым ліку з няпоўных сем’яў. Такіх сем’яў, як нагадаў Мікалай Пятровіч, у нашым раёне ажно 827. Апеку над 93 дзецьмі ўзяла дзяржава, і бацькі цяпер кампенсуюць выдаткі на іх утрыманне.

Дзеля таго, каб дзеці не адчувалі сябе пакінутымі, менавіта місіянерскай дзейнасці выступоўца адводзіў вялікую ўвагу. Ён нагадаў, што ў нашым раёне зарэгістраваны чатыры рэлігійныя канфесіі, больш за ўсіх – 22 прыходы мае праваслаўная царква. І менавіта праваслаўныя святары выконваюць вялікую работу, маральна выхоўваючы моладзь, дапамагаючы шматдзетным і няпоўным сем’ям. Як станоўчы прыклад, асобна была адзначана дзейнасць цэнтра дапамогі жанчынам і сем’ям у крызіснай сітуацыі пры Свята-Аляксандра-Неўскім саборы “Мы заўсёды побач”.

Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, да якой, бясспрэчна, адносяцца многія праваслаўныя храмы, гаварыў  начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І.Панімаш.

Надзённыя пытанні ў рамках сваёй дзейнасці на сустрэчы паспрабавалі вырашыць А.А.Ганчароў – начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях, А.Л. Іваноў – начальнік землеўпарадкавальнай службы і А.Г.Глушко – начальнік ад-дзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама. Трэба аддаць належнае святарам: гэтым момантам многія з іх скарысталіся, узняўшы, у прыватнасці, пытанні афармлення праектнай дакументацыі на будаўніцтва культавых збудаванняў.

На завяршэнне сустрэчы М.П.Кудравец сказаў аб неабходнасці яднання веруючых, захавання веры і, наогул, захавання міру і адзінства на зямлі. У сувязі з гэтым намеснік старшыні райвыканкама нагадаў аб выбарчым праве кожнага грамадзяніна і заклікаў праявіць актыўнасць падчас маючых адбыцца выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Галіна КАЛЯДА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *