Вторник, 23 января 2018

Светлана Еремеева: «Успеха без труда не бывает»

1 065

— Поспех не нараджаецца выпадкова, для гэтага трэба працаваць, — лічыць настаўніца фізікі СШ №5 Святлана Аляксандраўна Ерамеева і настройвае на гэта сваіх вучняў.IMG_4502

Вопыт настаўніцы, талент і стараннасць школьнікаў даюць плённыя вынікі. Вучні Святланы Аляксандраўны заўсёды ўдала выступаюць на раённых алімпіядах, маюць дыпломы абласных і рэспубліканскіх этапаў.

Напярэдадні Дня настаўніка мы сустрэліся са Святланай Ерамеевай і папрасілі падзяліцца сакрэтамі ўдалага ўзаемадзення з дзецьмі.

— У чым сакрэт? — перапытвае Святлана Аляксандраўна. — Адразу і не скажаш… Пэўна, найперш у вучня павінны быць здольнасці. Так, мне вельмі пашанцавала з Андрэем Крыштопікам, які ў 9 класе ўзяў дыплом І ступені абласной алімпіяды, пасля чаго паступіў у ліцэй БДУ. Сёлета ён ужо абараняў гонар ліцэя і прынёс дыплом І ступені рэспубліканскай алімпіяды.

Яшчэ адзін мой былы вучань – Яўген Ляшчоў, таксама адораны юнак. Ён паказаў добрыя вынікі на абласным этапе алімпіяды, а пасля ўдзельнічаў у абітурыенцкай алімпіядзе БДУІР, дзе заняў другое месца па фізіцы і трэцяе па матэматыцы. Па выніках ЦТ ён стаў студэнтам аднаго з самых прэстыжных факультэтаў .

Летась на раённай алімпіядзе праявілі сябе сямікласнікі Мікіта Лапука і Мікіта Зарэцкі. Таму ім – асаблівая ўвага: фізікай мы займаемся штодня, месяц займаліся нават летам. Так мы ідзём да поспеху з кожным вучнем, у якога мне ўдалося разгледзець схільнасці да фізікі.

— А не сумуюць на ўроках астатнія дзеці?

— Стараюся рабіць свае ўрокі цікавымі, паказваю як мага болей эксперыментаў, каб зацікавіць іх, уцягнуць у працэс навучання. На ўроку я ж расказваю тэму ўсім аднолькава, але асабліва крыўдна глядзець на дзяцей, у якіх ёсць здольнасці, але няма жадання прыкладаць намаганні.

Разумею, што здольнасці ва ўсіх розныя, таму стараюся даваць дыферэнцыраваныя заданні, каб кожны мог паспрабаваць свае сілы ў пошуку рашэння.

— А вось тая акалічнасць, што сярод названых Вамі “алімпіяднікаў” толькі юнакі – гэта выпадковасць?

— Ведаеце, калі я толькі прышла працаваць, у меня наадварот хадзілі на алімпіяды і пісалі даследчыя работы дзяўчынкі – Таццяна Галёнка, Валерыя Собаль, мая дачка Люба Ерамеева. А цяпер больш хлопчыкаў. Думаю, гэта заканамерна, у фізіцы патрабуецца больш мужчынскі склад розуму, ды і цікавасць да той жа тэхнікі праяўляюць хлопчыкі.

— Няўжо ў Вас няма нейкіх асаблівых хітрыкаў?

— Я не ўмею рабіць нешта напалову або дрэнна. Калі ўзяўся за падрыхтоўку, трэба прыкласці ўсе намаганні. Любы талент неабходна развіваць. Шмат кантактую з бацькамі сваіх вучняў, супакойваю іх перад алімпіядамі ці экзаменамі. Мне вельмі прыемна, што гэтая сувязь не знікае, калі вучні пакідаюць школу, мы працягваем з імі стасункі, я радуюся іх поспехам. Бацькі ўдзячна адносяцца да маёй працы.

Можа,  хітрыкамі можна назваць тое, што да кожнага свайго «алімпіядніка» я знаходжу індывідуальны падыход? Мы працуем разам у школе і за яе межамі. Напрыклад, калі рыхтаваліся да абласной алімпіяды, разам з хлопцамі абыйшлі радыёмайстэрні ў пошуках неабходных дэталей, якімі давялося карыстацца падчас выканання практычнага задання. Я часта жартую, што я вучу дзяцей, а дзеці мяне.

— А чаму дзеці могуць навучыць вопытнага педагога з вышэйшай ква-ліфікацыйнай катэгорыяй?

— Мае “алімпіяднікі” – гэта як подых свежага паветра. Мне вельмі падабаецца працаваць з імі. Дарэчы, гэта дапамагло мне летась атрымаць вышэйшую катэгорыю: з 11 прэтэндэнтаў яе атрымалі толькі 3, астатнія “засыпаліся” на задачах.

— Святлана Аляксандраўна, віншуем Вас з Днём настаўніка і жадаем як мага больш адораных вучняў. А якія мары ёсць у Вас і Вашых вучняў?

— Мы атрымалі новае абсталяванне для кабінета фізікі – гэта выдатна. Зараз выкарыстоўваем інтэрактыўную дошку. Зразумела, што заўсёды хочацца большага. Асабіста я мару, што мы зможам электрыфікаваць другі кабінет фізікі, каб можна было дзецям не толькі расказваць, але і паказваць доследы і эксперыменты.  А яшчэ я хачу шчыра павіншаваць сваіх калег і падзякаваць за падтрымку, якую я заўсёды ад іх адчуваю. Падтрымку я адчуваю і з боку сям’і, мае родныя людзі з’яўляюцца для мяне крыніцай натхнення, бо фізікі без лірыкі не бывае.

Гутарыла Кацярына ПАШКЕВІЧ.

На здымку: С.А.Ерамеева з васьмікласнікамі Алінай Субота і Антонам Якутчыкам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *