Четверг, 24 мая 2018

Самый культурный сантехник живёт в Пружанах

1 330

Колькі нерваў губляем мы з-за непрацуючага ў прыбіральні зліўнога бачка, працякаючага на кухні крана, прарванай каналізацыі ў падвале… Жыхар Пружан Мікалай Панкратаў можа даць фору любому сантэхніку. Чалавек ужо 15 гадоў на заслужаным адпачынку, а да яго, як да лепшага спецыяліста раёна, па-ранейшаму звяртаюцца па параду домаўладальнікі, якім трэба зрабіць ацяпленне, пракласці каналізацыйную сістэму, водаправод…

У палове гарадскіх дамоў і кватэр ёсць праца маіх рук,— канстатуе Мікалай Рыгоравіч.

ЛЮБОЎ да гэтай нялёгкай і карпатлівай справы з’явілася ў яго не адразу. Пасля школы Мікалай хацеў вучыцца ў заводскім рамесным вучылішчы на электраслесара. Адгаварыў хлопца дырэктар, які прымаў дакументы: маўляў, у электрыка павінны быць дужыя і вялікія рукі. А ты маленькі, лёгка пралезеш, куды трэба,— вучыся на водаправодчыка. І быццам у ваду глядзеў. Першы практычны экзамен на рамонце гарадской каналізацыі навучэнец Панкратаў здаў на выдатна. Да восені палова яго аднакурснікаў разбегліся, а Мікалая майстар групы Іван Пятровіч Галіцын, які «пры цары» працаваў разам з італьянскімі майстрамі на знакамітых фантанах Петрадварца, старанна вучыў рабіць бандаж на дзіравыя трубы.
Зваркі не было,— успамінае той час Мікалай Рыгоравіч.— Мы мазалі цэментам і накручвалі на трубу медыцынскія бінты. Пасля двух-трохдзённай вытрымкі на месцы дзіркі атрымліваўся камень. Сам па сабе цэментавы раствор з часам мог трэснуць, але марля гэтага не дапускала…

Варта адзначыць, што да Панкратава ў Пружанах ніхто такую тэхналогію не прымяняў.

А паколькі ў вучылішчы рыхтавалі шырокапрофільных спецыялістаў, то з прыездам Мікалая Рыгоравіча раён атрымаў у адной асобе не толькі ўмелага сантэхніка, але і цесляра, сталяра, майстра шкляной і бляшанай спраў…

ПРА ТОЕ, як уралец, ураджэнец Ніжняга Тагіла Мікалай Панкратаў апынуўся ў Пружанах, размова асобная. Жыццё нямала па-кідала гэтага чалавека па свеце, лёс нярэдка падносіў нялёгкія выпрабаванні, з якіх ён заўсёды стараўся выйсці пераможцам. Сваю тэрміновую службу радавы Панкратаў праходзіў у Венгрыі, у адзін з вельмі небяспечных і для гэтай краіны, і для ўсіх яе насельнікаў перыяд ваеннага перавароту 1956 года. І, відаць, нездарма цяпер мае пасведчанне, якое прыраўняла яго да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Пасля дэмабілізацыі, знаходзячыся на лячэнні ў санаторыі, Мікалай Рыгоравіч пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Наталляй Паўлаўнай з вёскі Лазоўка. Яна і пераманіла ў Пружаны. Наталля Паўлаўна ўжо 15 год, як памерла. Адзінай падтрымкай Панкратава і саюзніцай ва ўсіх справах стала Марыя Міхайлаўна. У асабістым жыцці ён такі ж верны, як у выбранай на ўсё жыццё прафесіі.

У Пружанах Мікалай Рыгоравіч спачатку шчыраваў на камбінаце будаўнічых матэрыялаў. Потым гэтага чалавека з залатымі рукамі з задавальненнем узялі на работу на льнозавод. Тут ён адпрацаваў 26 гадоў (у тым ліку чатыры, ужо будучы на заслужаным адпачынку).

Складана, калі не ведаеш, што і як рабіць,— расказвае мой субяседнік пра сваю работу.— А я магу парамантаваць паломку нават па тэлефоне…

У гэты час, быццам у пацвярджэнне яго слоў, у прыхожай зазвінеў тэлефон. Уважліва выслухаўшы субяседніка, Мікалай Рыгоравіч пачаў настойліва даказваць, што ён робіць не так і як трэба рабіць на самой справе. Але раптоўна перапыніў размову: маўляў, у мяне тут карэспандэнты з раённай газеты, я патэлефаную вечарам.

Ён размаўляе з прыемным уральскім акцэнтам — на «о». Хаця ўжо даўно лічыць сябе беларусам.

У МАЙСТЭРСТВЕ свайго суразмоўцы я пераканалася ўвачавідкі, калі Мікалай Рыгоравіч настойліва запатрабаваў наведаць свой падвал у пяціпавярхоўцы. Я лічу, што на экскурсіі сюды трэба вадзіць не столькі карэспандэнтаў, колькі камунальнікаў. Для таго, каб урэшце навучыліся, як трэба герметызаваць і ўкладваць, каб не працякалі, каналізацыйныя трубы, акриловые ванны і іншую сантэхніку.

Тут знаходзіцца і асаблівая гордасць Мікалая Рыгоравіча — майстэрня з варштатам, фрэзерным і свідравальным станкамі, электранаждаком і вялікім мноствам неабходных для работы інструментаў. Калі выдасца вольная хвіліна, Панкратаў з задавальненнем займаецца «дзеравякамі». Напрыклад, выразае з падатлівай ліпы шкатулку ці вазу. Адну з такіх, якая аднойчы прыглянулася яму на фота ў энцыклапедыі «Чароўны свет дрэва» ці кніжным падарункавым выданні «Дарыце людзям прыгажосць»…

АДНОСІНЫ да кніг «па спецыяльнасці» ў сантэхніка Панкратава асабліва трапяткія. Я бачыла, як свяціліся яго вочы, калі раскрываў энцыклапедыю мастацтва краін і народаў свету ці «Літаратурна-мастацкія помнікі Салавецкіх астравоў», «Народныя мастацкія промыслы». Як падбіраў малюнкі для сваіх шкатулак у кнігах «Вышыўка па шоўку і аксаміту», падаруначных фотаздымках з музеяў «Палех» і «Фядоскіна»…

Такіх кніг у бібліятэцы вы не знойдзеце,— паказвае Мікалай Рыгоравіч на цесна застаўленыя паліцы ў сваёй аднапакаёвай кватэрцы.

Ён збірае іх ужо не адно дзесяцігоддзе.

Магчыма, такое вострае разуменне прыгажосці і захапленне ёю Мікалаю Рыгоравічу перадалося ад дзеда па мацярынскай лініі, які быў вядомым у Вятцы чырвона-дрэўшчыкам і якога ў 1918 годзе расстралялі белачэхі. Ад яго засталася майстэрня — падхлеўная хата. Пяцігадовы Міколка любіў назіраць, як з-пад умелых рук майстроў тут, быццам у казцы, вырасталі шафы, ложкі, гарнітуры. Бацька яго займаўся вырабам скуры, шыў футра. Маці таксама была рукадзельніцай: прала, ткала, вышывала. Аднойчы Мікалай таксама рашыўся: а давай і я паспрабую! Выразаў шкатулку, потым другую, трэцюю… Ён і цяпер ахвотна дорыць іх сябрам і знаёмым. З вялікім задавальненнем зазначае цікавасць да гэтых захапленняў унукаў — шасцігадовага Ромкі, які ўпэўнены, што, калі вырасце, абавязкова будзе, «як дзед», сантэхнікам, і Валеры — студэнта політэхнічнага ўніверсітэта…

НАПЭЎНА, пасля нашай сустрэчы Мікалай Рыгоравіч доўга расказваў таму чалавеку, як трэба ладзіць з трубамі. Хутчэй за ўсё, нават схадзіў па адрасу з нязменным чамаданчыкам, начыненым неабходнымі інструментамі. А, вяртаючыся позна вечарам дахаты, марыў, як папоўніць сваю калекцыю кнігай «Фабержэ» з фотаздымкамі фантастычна прыгожых яек.

— Не, я так не ніколі не зраблю. Я проста для сябе, для душы…
Ганна Хадаровіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *