Четверг, 24 мая 2018

ОАО «Агро-Колядичи» приступило к севу озимых зерновых культур

947

ААТ «Агра-Калядзічы» на працягу многіх гадоў з’яўляецца ў нашым раёне лідарам па ўраджайнасці збожжавых культур. Вось і сёлета нават пры неспрыяльных умовах надвор’я на круг тут атрымана 55 цэнтнераў збожжа. А ўраджайнасць пшаніцы і трыцікале склала адпаведна 59 і 57 цэнтнераў з гектара.

У гэтыя вераснёўскія дні на палетках таварыства кіпіць напружаная праца — пачалася сяўба азімых збожжавых культур.IMG_3207

— Усяго мы павінны засеяць восенню 1630 гектараў, у тым ліку 300 гектараў будзе выкарыстана на зялёны корм, — гаворыць галоўны аграном Л.У. Чарняк.

Сёлета ў гаспадарцы адбыліся змены ў структуры азімага кліна. Адмовіліся ад вырошчвання жыта, але будуць павялічаны пасевы пшаніцы і трыцікале адпаведна да 450 і 880 гектараў.

Леанід Уладзіміравіч тлумачыць гэта тым, што жыта — культура, якая часта палягае, з-за чаго ўзнікаюць праблемы з уборкай. Да таго ж жыта па ўраджайнасці саступае пшаніцы і трыцікале.

Добра вядома, што ўраджайнасць збожжавых залежыць ад многіх фактараў. Вельмі важна, каб зерне было пакладзена ў глебу, запраўленую ўгнаеннямі. У ААТ «Агра-Калядзічы» сёлета пад сяўбу азімых збожжавых унесена больш як 10 тысяч тон арганікі. Акрамя гэтага, гаспадарка забяспечана пад поўную патрэбнасць фосфарнымі і калійнымі ўгнаеннямі.

— Высявалі раней сарты пшаніцы «багатка» і «сейлар», а сёлетняй восенню пасеем новыя — «элегія» і «бокліс», — зазначае галоўны аграном. — Што датычыцца трыцікале, то сеем ужо добра правераныя сарты «дзінара» і «бальціка».

Будучы ўраджай у значнай ступені вызначае рэпрадукцыйны склад насеннага матэрыялу. Так, у таварыстве высяваецца толькі суперэлітным і элітным насеннем трыцікале. Што датычыцца пшаніцы, то тут эліта складае 30%, а астатняе насенне адпавядае першай рэпрадукцыі.

На сяўбе поспех вызначаюць людзі. Усе ўдзельнікі восеньскай пасяўной забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем. А сеяць азімыя збожжавыя ў гаспадарцы даручана Міхаілу Траццяку, Рыгору Крахмалю і Аляксею Панасевічу. За светлавы дзень у сярэднім яны засяваюць каля 80 гектараў.

У сувязі з умовамі надвор’я сёлетняя восеньская пасяўная пачалася некалькі пазней звычайных тэрмінаў, але механізатары не гоняцца за гектарамі. На першы план выходзіць якасць работ. Менавіта ад гэтага і будзе ў канчатковым выніку залежыць іх заработная плата.

Прайшоўшыя восеньскія дажджы дадалі аптымізму сельскім працаўнікам. Але сонечнае надвор’е апошніх дзён і высокія тэмпературы паветра зноў прывялі да дэфіцыту вільгаці ў верхніх слаях глебы. За пасяўнымі агрэгатамі цягнецца шлейф пылу. Аднак, нягледзчы на ўсе цяжкасці, сяўба азімых збожжавых у гаспадарцы будзе завершана ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны.

На здымку: галоўны аграном Л.У.Чарняк і механізатар М.В.Траццяк на сяўбе пшаніцы паблізу вёскі Дабучын.

Мікола АРХУЦІК,   Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *