Четверг, 24 мая 2018

Спецпроект «РБ»: Этот день мы приближали, как могли

1 163

Дасылайце фотаздымкі і  пісьмы на адрас: г.Пружаны, вул.Чырвонаармейская, 78, рэдакцыя газеты «Раённыя будні». Можна скарыстацца і электроннай поштай: RRBud2@brest.by.
Больш падрабязную інфармацыю наконт праекта можна атрымаць у Ганны Хадаровіч па тэл. 9-15-02.

Сцяпан Максімавіч РЭЧЫЦ (1905 — 1963), в.Загор‘е
МІКАЛАЙ ПЯТРОВІЧ Вайцяхоўскі (1922 — 1988), В.БОРКІ

МОЙ ПРАДЗЕД Сцяпан Максімавіч Рэчыц жыў у вёсцы Загор’е. Ён пайшоў ваяваць у 1944-ым годзе, калі Пружаншчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Меў званне старшыны і самую адказную і небяспечную спецыяльнасць сапёра. Пра бясстрашша і гераізм ваенных сапёраў шмат напісана кніг і знята кінафільмаў. Я ганаруся, што сярод такіх людзей быў і мой прадзед Сцяпан. У красавіку 1945-га года ён удзельнічаў у штурме фашысцкага логава — Берліна. Быў цяжка паранены і кантужаны.

Пасля Вялікай Перамогі вёска Загор’е сустракала майго прадзеда, як героя. У яго было шмат баявых медалёў. Аднак якіх, я цяпер не ведаю. У 1963 годзе Сцяпан Максі-мавіч памёр, і ўсе ўзнагароды былі пахаваны разам з ім.

НЕ ДАЖЫЎ да сёлетняга юбілею Вялікай Перамогі і мой дзядуля па мамінай лініі Мікалай Пятровіч Вайцяхоўскі з вёскі Боркі. Ён таксама быў ветэранам Вялікай Айчыннай. Ваяваў на Сахаліне. Служыў кулямётчыкам і быў паранены. Яго жонка — мая бабуля Ніна Якімаўна часта расказвала мне пра дзеда Мікалая і пра вайну. Вёска Боркі з усіх бакоў акружана лесам. У гады Вялікай Айчыннай вайны многія вяскоўцы былі партызанамі ці партызанскімі сувязнымі. За гэта фашысты спалілі вёску. «Калі нашы Боркі гарэлі,— успамінала бабуля,— людзі і плакалі, і радаваліся адначасова. Радаваліся таму, што іх усё-такі не расстралялі і адправілі ў Беласток, а не ў далёкую Германію».

Пасля вайны дзядуля працаваў паляводам у калгасе «Савецкі пагранічнік». Ён старанна, па-гаспадарску адносіўся да любога даручэння. Напрыклад, ніхто ў вёсцы не мог так скласці сцірту з саломы, як дзед Мікалай.

Пра ўсё гэта мне расказала бабуля Ніна. Толькі месяц, як яна памерла…

Слухаючы ўспаміны маіх родных, я ўсё часцей і часцей пачала задумвацца пра сэнс жыцця, пра такое патрыятычнае пачуццё, як любоў да Ра-дзімы, і задаваць сабе хвалюючае пытанне: а я так змагла б, калі б была на іх месцы?

Кацярына ДЗЕМАСЮК, вучаніца СШ №5  г.Пружаны.

НА ЗДЫМКУ: дзед М.П.Вайцяхоўскі з бабуляй Нінай.
Фота з сямейнага архіву.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *