Суббота, 26 мая 2018

След на дарозе да святыняў. Удзельнікі экспедыцыі правялі сустрэчы з пружанскай моладдзю

879

3-4 верасня ў Пружанах знаходзілася навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў». Удзельнікі экспедыцыі прывезлі да нас Благадатны агонь ад Труны Гасподняй, разам з пружанскімі вернікамі прайшлі хрэсным ходам, правялі агульны малебен і заклалі ля Свята-Мікалаеўскай царквы невялічкі Сад Малітвы (на здымку).IMG_1778 IMG_1791 IMG_1804

А яшчэ ўдзельнікі экспедыцыі (а гэта святары, акцёры, мастакі, паэты, пісьменнікі і іншыя выбітныя асобы) выступалі перад моладдзю. Сустрэчы аказаліся плённымі, насычанымі і цікавымі.

У першы дзень выступленні прайшлі ва ўсіх інтэрнатах аграрна-тэхнічнага каледжа. Напрыклад, у інтэрнат №1 завіталі пісьменнік Анатоль Бутэвіч, народная артыстка БССР Марыя Захарэвіч і фотакарэспандэнт газеты “Звязда” Яўген Пясецкі.IMG_1737 IMG_1740 IMG_1765

Анатоль Іванавіч Бутэвіч у свой час займаў пасаду міністра культуры і друку, быў паслом нашай краіны ў Румыніі. Сёння ён піша кнігі, у асноўным на гістарычную тэматыку. Ён адразу патлумачыў, чаму да Дня беларускага пісьменства экспедыцыя крочыць з Благадатным агнём:

— У нашай краіне пісьменства і царква вельмі цесна звязаны. Першай беларускай кнігай з’яўляецца “Тураўскае евангелле”, а першай беларускай друкаванай кнігай – “Псалтыр”. Хрысціянства шмат зрабіла для  развіцця пісьменнасці.

Анатоль Іванавіч, звяртаючыся да аўдыторыі, падкрэсліваў, што мы, беларусы — асаблівая нацыя, у якой багатае на падзеі мінулае.

Яўген Пясецкі — адзін з самых выбітных беларускіх фотакарэспандэнтаў. Яго здымкі ўразаюцца ў памяць і робяць “Звязду” самай прыгожай айчыннай газетай.  Пачаў ён з таго, што сёння фотаапаратам нікога не здзівіш, амаль кожны здымае на мабільнік і выкладвае атрыманае ў інтэрнэт. Для сустрэчы ён падрыхтаваў падборку сваіх работ, у якіх паказаў дзіўныя куткі Беларусі. Сапраўднай з’явай у айчыннай журналістыцы стала спалучэнне фотаздымка з паэтычным словам – гэта адметная рыса творчасці Яўгена Пясецкага.

— Вось гэта і ёсць мая работа, мая любімая справа, маё жыццё, — падвёў ён рысу.

Калі Анатоль Бутэвіч выклікаў цікавасць да роднага краю словам, то Яўген Пясецкі гэта красамоўна праілюстраваў. А вось Марыя Захарэвіч агучыла прыгажосць роднай мовы.

Знакамітая артыстка чытала для навучэнцаў каледжа вершы. Пра вайну, пра жыццё, пра каханне. Без перабольшання скажу, што калі ў пакоі загучаў голас Марыі Геор-гіеўны, то ўсталявалася такая цішыня, што можна было пачуць палёт мухі. А калі дайшла чарга да верша пра маці, якая чакала сына з вайны, то на вачах некаторых першакурснікаў заблішчэлі слёзы.

Удзельнікі экспедыцыі разышліся па гарадс-кіх школах, а таксама завіталі ў Параслянскую СШ.

Кіраўнік экспедыцыі пісьменніца, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Ніна Загорская наведала СШ №5.IMG_1825

Ніна Сямёнаўна шмат гаварыла пра моц і важнасць веры, чытала свае вершы. Пасля яе слова ўзяла Лідзія Шагойка, супрацоўніца Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.IMG_1838 Сваёй місіяй у экспедыцыі яна лічыць данясенне звестак і запальванне цікавасці да беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Яна цікава расказала вучням пра жыццё і творчасць Аляксея Пысіна і Янкі Сіпакова, зачытала іх творы.

Паэтка Іна Фралова засяродзіла ўвагу старшакласнікаў на праблеме выбару. Выбару паміж святлом і цемрай.

— Выбар давядзецца рабіць кожнаму ў жыцці, але не трэба баяцца. У Бога на кожнага з вас ёсць план. Паступайце сумленна.IMG_1815

А Ніна Загорская ў заключнай прамове параіла:

— Адказы на ўсе свае пытанні знойдзеце ў кнігах. Калі запытаеце ў настаўніка, таксама пачуеце адказ. Нават у планшэтах і ў махляра-інтэрнэту можна знайсці карыснае. Толькі ніколі не лезьце ў бруд.

Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *