Среда, 19 сентября 2018

«Шуфлядка», «цвік» і «прыгажуня». А якое ваша любімае слова на роднай мове?

1 347

Пагадзіцеся, мы мала карыстаемся роднай мовай у паўсядзённым жыцці, у побыце. Але мы яе памятаем. І любім.

Заўтра краіна адзначыць Дзень беларускага пісьменства. Па ўсёй Беларусі пройдуць святочныя мерапрыемствы, а галоўная дзея сёлета разгорнецца ў Шчучыне. Напярэдадні свята мы звярнуліся да людзей розных прафесій, каб даведацца, якое ж слова ці выраз роднай мовы надта запаў у душу, дапамагае выразней выказаць думку, вучыць ці проста выклікае ўсмешку.DIGITAL CAMERA

Арына Ро, кіраўнік гуртка пры Палацы культуры:

— Мая мама родам з Пружан, а я вырасла ў Піцеры, але кожнае лета праводзіла ў бабулі і дзядулі. Вельмі шмат беларускіх слоў я люблю. З дзяцінства памятаю бабуліна “хутчэй”, “зараз”, “папільнуй”. А дзякуючы інтанацыі з якой яна казала: “Не ру! Памалу!”, здаецца, сэнс можна зразумець носьбіту любой мовы.

Але найбольш усяго мне запомнілася слова “шуфлядка”. Яго я часта чула ад мамы, таму скрыню ў стале менавіта так і называла і вельмі здзіўлялася, калі піцерскія знаёмыя мяне не разумелі.

Вольга Дзімітруковіч, дырэктар раённай дзіцячай бібліятэкі:

— Я часта заўважаю сітуацыі, калі па-беларуску можна выказаць думку намнога яскравей. Вельмі люблю выраз “як хваробе кашаль”. Калі ў бібліятэку прыходзіць шмат дзетак, люблю сказаць, што іх так многа, “як зорачак у небе, як кветачак на лузе”. Вельмі яркае слова “збянтэжыў”. Таксама я чую асаблівы сэнс у слове “прыгажуня”. Мне здаецца, гэта не проста дзяўчына з выбітной знешнасцю, але і ласкавая, мілая па характары. Аднойчы задумалася над выразам Уладзіміра Дубоўкі “О, Беларусь, мая шыпшына”: думаецца, нікому б не прыйшло ў галаву параўнаць краіну з “шиповником”, а вось з кветкай шыпшыны атрымалася вельмі ўдала.

Іван Каробка, дырэктар СШ№5, выкладчык фізікі:

— Магчыма, гэта прагучыць пафасна, але мне вельмі блізкі выраз: “Жыву ў Беларусі, тым і ганаруся”. У душы я патрыёт. Дзе б мне ні давялося быць: у санаторыі, на адпачынку, у камандзіроўцы, — мяне заўсёды цягне ў Пружаны, як бы хораша ні было ў іншых месцах. Яшчэ мая бабуля, праўда, па-польску казала: “Усюды добра, а дома найлепш”.

Мікалай Кудравец, намеснік старшыні райвыканкама:

— Памятаю, калі яшчэ працаваў у школе, разам з вучнямі мы вывучалі гісторыю слоў “спадар” і “спадарыня”. Правялі вялікую работу, нас нават паказвалі па тэлебачанні. У той час гэтыя словы ўкараняліся ў наша жыццё. На жаль, сёння яны амаль выйшлі з ужытку, але ж яны сапраўды такія прыгожыя! Таксама яшчэ ў школе я вельмі любіў казаць дзецям у сталоўцы: “Смачна есці!”. Гэта падабалася і мне, і школьнікам.

Наша “калі ласка” гучыць прыгажэй і мягчэй, чым рускае “пожалуйста”. Тое ж магу сказаць і пра слова “Радзіма”.

Юрый Зялевіч, дырэктар музея-сядзібы “Пружанскі палацык”:

— Мабыць, нікога не здзіўлю, калі адкажу, што адным з найважнейшых для мяне беларускіх слоў з’яўляецца “палацык”. Гэтае слова зразумела ўсім славянам, ёсць ва ўсіх славянскіх мовах, акрамя рускай. Таму часам госці з усходняй суседкі здзіўляюцца, што яго нельга дакладна перакласці на рускую мову.

Яшчэ адно слова, якое суправаджае мяне па жыцці, – “рупліўцы”. Я працую побач з такімі людзьмі. Рупліўцы – людзі, якія ўкладваюць у справу ўсю душу. А значыць, гэта ўсе, хто працуе ў сферы культуры.

Ганна Хадаровіч, былая супрацоўніца “Раённых будняў”:

— У маім жыцці шмат беларускай мовы, але адразу ўспамінаецца нядаўняя гісторыя. Сёлета мая ўнучка пайшла ў першы клас гімназіі, а ў гэтай навучальнай установе з павагай ставяцца да роднай мовы, таму я вырашыла ўнучку крышачку падвучыць. Наша вучоба ідзе быццам і паспяхова, але слова “хлопчык” ніяк не даецца маёй малой. Яна ўвесь час кажа “юнчык”.

У час работы ў “раёнцы” я любіла амаль у кожны свой артыкул устаўляць слова “балазе”. Што значыць “добра, што”. З-за гэтага ж слова атрымлівала шмат тэлефанаванняў ад чытачоў: маўляў, напісана добра, але што ж гэта за слова такое? Прызнаюся, нават часам чакала такіх пытанняў.

Аляксандр Шаманаў, трэнер па плаванні:

—Брат старэйшы за мяне на тры гады.  Але, калі я вучыўся ў пачатковай школе, давялося мне зведаць слова, якое ён не разумеў. Дні два я хадзіў за ім і дражніўся: «цвік, цвік, цвік»…  А калі ўбачыў, што брат моцна крыўдзіцца, то прызнаўся, што гэта проста “гвоздь”. На што ён адразу мяне запытаў: як жа тады будзе звацца малаток? Нічога, акрамя слова “кувалда”, на той момант у маю галаву не прыйшло.

Цікавілася мовазнаўствам Кацярына Пашкевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *