Среда, 19 сентября 2018

История одного фотоснимка: все ветераны Городечненского сельсовета в 1960-ых

796

Помнік расстраляным аднавяскоўцам і воінам Савецкай Арміі, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, каля Гарадзечненскай школы заўсёды быў знакавым месцам. На працягу ўсіх сямідзесяці гадоў пасля Вялікай Перамогі тут збіраліся людзі, каб аддаць даніну павагі тым, хто загінуў, абараняючы нашу Радзіму. Разам з піянерамі, якія застылі ў ганаровай варце, на мітынгах ля гэтага  помніка стаяла мясцовая інтэлігенцыя, прадстаўнікі ўлады, простыя вяскоўцы. Былі тут і ўдзельнікі вайны, якія выжылі, многія з тых, каго невядомы фатограф адлюстраваў на гэтым здымку, як мяркуецца, у 1960-я гады.01июл2015_0749

Зусім нядаўна памёр  апошні з гэтых ветэранаў былога Гарадзечненскага сельсавета – Пётр Міхайлавіч Гусак (другі злева ў другім радзе зверху). Больш не засталося нікога з удзельнікаў  баявых дзеянняў той жахлівай вайны. Аднак жыве памяць.

Гэты здымак, які перадаў у рэдакцыю жыхар Гарадзечна Аляксандр Фёдаравіч Юшчанка, стаў падставай для сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, каб даведацца пра сфатаграфаваных людзей.

— Петрык Аляксандр Венядзіктавіч, — амаль усе са старажылаў вёскі пазнавалі былога дырэктара школы, што сядзіць у цэнтры здымка (у гальштуку). – Побач – Міхаіл Грышчук з Паддубна. Крайні справа ў гэтым радзе Аляксей Гусак з Прылутчыны, другі справа – Сяргей Кошаль з Сасноўкі.

— А вось Кулайчук з Паддубна, — углядаліся людзі ў постаці тых, хто сядзіць на здымку ўнізе, — далей, здаецца, Юшчанка з Харкоў, Грышчук, Курчак, Кароль…

Дзіўна, але Мікалай Перапека з Паддубна (другі рад зверху, шосты справа) запомніўся людзям не тым, што абараняў Ленінград і ўсё жыццё насіў у лёгкіх варожую кулю, а тым, што… на працягу ўсяго пасляваеннага жыцця быў у своеасаблівай апазіцыі, рашуча адмаўляючыся прымаць удзел у галасаванні на выбарах.

— Васіль Корсак з Гарадзечна, Данька з Сасноўкі, Павел Верамяйчук, Сцяпан Дэц, Завада з Жабіна, — пазнавалі людзі ветэранаў у тым жа, другім зверху радзе на здымку, часта ўзгадвалі толькі імя ці прозвішча  альбо наогул мянушку чалавека. – А вось Мікалай Іванюковіч з Прылутчыны, Фёдар Базылюк з Сасноўкі, Сілюк з Паддубна, — пазнавалі сфатаграфаваных у  першым радзе зверху. І часта нават здзіўляліся: а як, маўляў, гэты ці той аказаліся ў ліку ветэранаў?

-Самымі ганаровымі  ветэранамі многія жыхары нашага сельсавета, — кажа былая настаўніца Соф’я Іванаўна Дэц, — лічылі Уладзіміра Фёдаравіча Зазулю (стаіць першы злева ў другім радзе) і Уладзіміра Якаўлевіча Карпука (трэці ў гэтым жа радзе справа). Людзей, якія ваявалі на фронце, былі паранены і мелі высокія баявыя ўзнагароды.

Як некалі расказваў карэспандэнту сам Уладзімір Фёдаравіч, на вайну яго мабілізавалі неўзабаве пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў роднай вёскі. З Харкоў тады пайшлі ваяваць адразу     18 хлопцаў. Лічаныя дні ў вучэбцы — і на фронт. Разам былі залічаны ў соты гвардзейскі стралковы полк восьмай гвардзейскай арміі. І свой баявы шлях аднавяскоўцы пачалі з польскай зямлі.

— Пачыналася Вісла-Одэрская аперацыя, 14 студзеня 1945 года, — успамінаў  ветэран. – У акопах павярнуцца нельга было ад вялікай колькасці салдат. Здавалася, што ад артылерыйскіх залпаў зямля стогне. Па сігналу ў атаку паднялася пяхота. На варожыя ўмацаванні мы, хлопцы з адной вёскі, беглі разам. І я бачыў, як сябры падалі, падкошаныя варожымі кулямі…

Падчас прарыву абароны на Вісле Уладзіміра Зазулю лёс збярог. У тым першым у сваім жыцці баі салдат праявіў смеласць і гераізм. Калі дасягнуў варожых умацаванняў і наткнуўся на драцяную загароду, не разгубіўся. Скінуў шынель і, пераадолеўшы па ім калючы дрот, апынуўся у нямецкай траншэі. Тады яго прыклад паўтарылі многія салдаты, якія прарвалі варожую абарону. Вызвалены ад немцаў горад Радам сустрэў толькі трох з васемнаццаці хлопцаў з Харкоў. У жывых засталіся Уладзімір Зазуля, Уладзімір Карпук і Мікалай Цынгель (на здымку сядзіць першы ў другім радзе знізу).

Вайна для іх скончылася, калі да Берліна заставалася каля сарака кіламетраў. Баявыя раненні перашкодзілі ажыццявіць мару: дабіць ворага ў яго логаве. Больш чым паўгода давялося лячыцца ў шпіталях, пакуль салдаты вярнуліся  дамоў.

Усе ветэраны Вялікай Айчыннай вайны тагачаснага Гарадзечненскага сельсавета з гэтага здымка ў мірны час  шчыравалі на роднай зямлі ў калгасе, мясцовай школе, на чыгунцы. Словам, жылі паўсядзённымі клопатамі. Светлая ім памяць…

Галіна КАЛЯДА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *