У садзе ААТ «Ружаны-Агра» — не толькі яблыні. Летась паўгектара зямлі на яго тэрыторыі вырашылі выдзеліць пад клубнічную плантацыю. Сёлета тут атрымалі першы ўраджай. Аграном таварыства Максім Мельнікаў прызнаецца:
— Сёлета яшчэ не чакалі асаблівага ўраджаю, паколькі для інтэнсіўнага плоданашэння клубніц патрэбен час. Але літаральна за тыдзень работнікамі саду сабрана амаль тона чырвоных ягад.
Напэўна, справа ў добрым пасадачным матэрыяле: у ААТ «Ружаны-Агра» высадзілі нідэрландскі сорт «кімберлі», які адрозніваецца і ўстойлівасцю да хвароб, у тым ліку да шэрай гнілі, і высокай вусаўтваральнай здольнасцю. Яшчэ сярод немалаважных пераваг спецыялісты называюць добрую транспартабельнасць і цудоўныя смакавыя якасці. А галоўнае — з аднаго гектара клубніц гэтага сорту можна сабраць да шасці-сямі тон ягад.
Звычайна пасадкі эксплуатуюцца тры гады, паколькі затым клубніцы губляюць сваю ўраджайнасць, а ягады становяцца дробнымі. Калі пасаджаныя кусты састарэюць, плантацыю мяркуюць абнавіць.
Сабраны ў Ружанах ураджай клубніц ідзе выключна на патрэбы гаспадаркі ва ўласную сталовую і рэалізуецца работнікам таварыства па цане, якая, дарэчы, значна ніжэйшая за рыначную.
На здымку: работнікі саду Л.Я.Косцюк і Т.В.Якубчык.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ.