Среда, 26 сентября 2018

В Пружанах прошел открытый чемпионат Беларуси по многодневной велогонке по шоссе

1 317

На тэрыторыі нашага раёна нядаўна прайшоў адкрыты чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па шматдзённай велагонцы на шашы. На працягу пяці дзён за перамогу змагаліся 33 удзельніцы з усіх абласцей і горада Мінска. Поўным складам былі прадстаўлены каманды Мінска, Віцебскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцей.15июн2015_9594 15июн2015_9599

Спаборніцтвы падобнага рангу Пружаншчына прымала ўжо не першы раз. Неабходна адзначыць, што спартсменкам давялося змагацца не толькі з сапернікам, але і са спякотай, якая панавала практычна на працягу ўсёй гонкі.

Спаборніцтвы складаліся з некалькіх этапаў. Былі праведзены як групавыя гонкі, так і гонкі на час. У апошні дзень велагоншчыцы пераадолелі 60 кіламетраў па маршруце Пружаны-Запруды-Пружаны.

За каманду Брэсцкай вобласці выступалі выхаванкі пружанскай школы веласіпеднага спорту Таісія Насковіч і Хрысціна Бялецкая (першы трэнер Анатоль Плеска). Цяпер дзяўчаты з’яўляюцца навучэнкамі Брэсцкага вучылішча алімпійскага рэзерву.15июн2015_9580

Па выніках спаборніцтваў у індывідуальным заліку першай і другой сталі прадстаўніцы Гомельскай вобласці — Вольга Антонава і Іна Савенка, трэцяе месца заваявала Паліна Піваварава з Віцебскай вобласці.

У камандным заліку мацнейшай стала каманда Гомельскай вобласці. Прызавыя месцы дасталіся таксама велагоншчыцам Мінска і Віцебскай вобласці. Спартсменкі Брэстчыны сталі чацвёртымі.

Падчас урачыстага закрыцця спаборніцтваў лепшыя каманды і спартсменкі атрымалі медалі і прызы ад арганізатараў чэмпіянату. Прызам адзначана і самая юная ўдзельніца спаборніцтваў  Хрысціна Бялецкая.15июн2015_9588

Як паведаміў галоўны суддзя спаборніцтваў Мікалай Камінскі,  лепшыя спартсменкі адправіліся на першыя Еўрапейскія гульні ў Баку.

На здымках: стартуе групавая гонка; пружанскія велагоншчыцы Хрысціна Бялецкая і Таісія Насковіч;  старшы трэнер нацыянальнай каманды па веласпорце, чэмпіён ХХII летніх Алімпійскіх гульняў у Маскве Алег Логвін (у цэнтры) з галоўным суддзёй спаборніцтваў Мікалаем Камінскім і пераможцам спартакіяды школьнікаў Уладзіславам Цімошыкам.

Мікола Архуцік. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *