Воскресенье, 24 июня 2018

Осознанный выбор девушки из православной семьи: церковный клирос, а не сцена

946

На гэтую дзяўчынку я звярнула ўвагу яшчэ некалькі   гадоў  таму: сярод іншых юных спявачак у складзе вакальнага гурта яна вылучалася  не толькі  прыгожым  голасам, доўгай касой, але наогул нейкай добрай энергетыкай — нібы напаўняла яе ўнутранае святло, промні якога кідалі водбліскі ў самае сэрца слухачоў. Потым ужо спецыяльна стала прыслухоўвацца да гэтага звонкага голасу падчас канцэртаў дзіцячай школы мастацтваў.IMG_9969_2055

Але аказалася, што асноўнае месца, дзе можна пачуць яе спевы, — клірас Спаса-Праабражэнскай царквы ў Пружанах. Ірына Шчурко — не толькі прыхаджанка гэтага храма, але і член нядаўна створанага пры ім праваслаўнага маладзёжнага брацтва ў гонар Праабражэння Гасподняга.

—Калі пачала спяваць, памятаеш?

—Не, мама расказвае, што калі была зусім маленькая. А сама ўжо добра памятаю, што спявала ў дзіцячым садку.

—У першым класе адразу цябе аддалі ў школу мастацтваў?

—Да нас у школу прыходзілі настаўнікі, запрашалі вучыцца музыцы, але мама папярэджвала, што будзе вельмі цяжка сумяшчаць вучобу і заняткі музыкай. Кінеш хутка, маўляў. Але я ўгаварыла, яна мяне запісала. І, як бачыце, не кінула, адвучылася сем гадоў па класу фартэпіяна. Дадатковымі прадметамі ў мяне былі гітара і пастаноўка голасу. Хадзіла кожны дзень і нават было такое, што і па суботах хадзіла. Восем раніцы, усе яшчэ адпачываюць, а Іра на веласіпедзе круціць у музычную школу.

—Ты лічыш сябе ўпартым чалавекам, хочаш дабіцца мэты?

—Я не ўпартая, мне гэта проста вельмі падабалася, таму хацелася  рабіць.

—Многія  дзяўчынкі з тых, хто займаецца музыкай, імкнуцца стаць эстраднымі спявачкамі…

—Мне проста больш блізкія вакальныя спевы. У дзяцінстве яшчэ часам уяўляла, што стану спявачкай, круцілася перад люстэркам. Але некалькі гадоў таму выйшла ў фінал конкурсу “Звонкая раніца” і паехала ў лагер “Зубраня”. Нас там нагружалі па поўнай праграме: вакал, сцэнічныя рухі, мова… І я зразумела, што не змагу, не хачу такога жыцця.

—Адкуль, ты лічыш, твае вакальныя дадзеныя?

—Дасталіся ў спадчыну ад мамы. А дапамагалі развіць настаўнікі музыкі.

—Калі цябе запрасілі спяваць на клірасе?

—Мы з бабуляй хадзілі ў сабор, і рэгент Людміла Мікалаеўна прапанавала паспрабаваць. Я да гэтага яшчэ несур‘ёзна ставілася. Прыносілі маленькае крэселка, я на яго станавілася і то падпявала, то глядзела навокал. Потым ужо з узростам пачала асэнсоўваць, што гэта вельмі сур‘ёзна. У Спаса-Праабражэнскі храм мяне запрасіла тагачасны рэгент — матушка Аляўціна.

—Што ты адчуваеш, калі спяваеш духоўную музыку?

—Гэта не так, як на сцэне. Там хвалюешся: а раптам няправільна возьмеш ноту ці словы забудзеш, наогул, мітусня на сцэне напружвае, а ў храме так спакойна на душы, і хвалявання ніякага няма. Абстаноўка знаёмая, свае ўсе людзі. Я не вельмі люблю, калі гля-дзяць, як я спяваю.

—А не крыўдна? Іншыя пружанскія дзяўчаты і хлопчыкі ўдзельнічаюць у шматлікіх конкурсах, недзе перамагаюць, ім гонар, узнагароды. У праекце “Дараванне” таксама сёлета многіх адзначылі.

—Ведаеце, не крыўдна і ніколі нікому не зайдросціла. Наогул, я хачу сказаць, што ў Пружанах вельмі многа таленавітых дзяцей. Я з многімі ў сяброўскіх адносінах , вельмі рада за іх дасягненні. І ніякай “канкурэнцыі” не адчуваю, калі Вы пра гэта. Тым больш, што пасля школы я хачу выбраць прафесію, не звязаную з музыкай.

—Чаму?

—На сцэну я не пайду. Настаўнік музыкі – крыху не маё. Спадзяюся атрымаць прафесію, якая дасць магчымасць зарабляць на жыццё. А спяваць у храме змагу ў любы час.

—А чаму настаўнік – не тваё? Ты ж старэйшая ў сям‘і, напэўна, шмат часу ўдзяляеш брату і сястрычкам, ёсць магчымасць развіваць педага-гічныя здольнасці.

—Я іх сапраўды вельмі люблю, але дзяўчынкі яшчэ зусім маленькія, якая тут педагогіка. Брат, праўда, мяне слухаецца часам, але ён не намнога маладзейшы.

Адчуваю сябе з імі не педагогам, а проста старэйшай сястрой. Мама мяне часам пакідае даглядаць сястрычак, гэта нялёгка. Але аднаму дзіцяці ў сям‘і, напэўна, вельмі сумна жыць. Я рада, што ў нас шматдзетная сям‘я. Мама навучыла нас усім дзяліцца. Вось у цябе шакаладка – раздзялі яе на ўсіх. І сапраўды, можа, і шкада было спачатку дзяліць, але ты раздала ўсім – і табе радасна бачыць іх радасць. І зараз мы маленькіх вучым дзяліцца таксама.

—Тваё стаўленне да царквы – ад сям‘і?

—Так, у нас сям‘я жыве ў праваслаўі. Гэта ад бабулі, напэўна, яна нас так выхавала. Мама ў мяне рэгент у Шарашоўскай Свята-Мікалаеўскай царкве. Яна ў дэкрэтным водпуску, але таксама ходзіць спяваць на клірас, ёй таксама гэта падабаецца.

Калі я нарадзілася, мама ўжо была рэгентам. І вось усяночная ў царкве, мама мяне ўзяла з сабой, хор спявае, а я кулёчкам ляжу на куфры. Так што я ад нараджэння царкву наведваю. Гэта нармальна цяпер, царква – частка жыцця, і не пайсці на службу ў нядзелю будзе неяк нават нязвыкла, не ведаю нават, што для гэтага павінна здарыцца.

—Ты лічыш, што духоўнае выхаванне патрэбна?

—Так, абавязкова. І добра, што да нас у школу прыходзіць айцец Ігар Мрыхін, праводзіць гутаркі, конкурсы праваслаўнай тэматыкі. Я лічу, што ўрокі духоўнасці павінны быць і ў школе, і, у першую чаргу, дома.

—Ёсць нейкія рэчы, якія табе не дазваляе зрабіць менавіта рэлігійная забарона? Бывае, што мена-віта царква абмяжоўвае твае жаданні?

—Такое ёсць. Дапусцім, я не магу сябе дазволіць у посны дзень, ва ўсялякім выпадку падчас Вялікага посту, пайсці ў Лядовы ці на якое забаўляльнае дзейства, на дыскатэку. Пост – гэта такі стан супакаення душы, трэба думаць аб нечым незямным. Раней многае было складана, а потым стала звычкай. Гэта не так цяжка, як Вы думаеце, тым больш што ў маім блізкім атачэнні ўсе прытрымліваюцца такіх жа канонаў.

—Каго са сваіх настаў-нікаў успамінаеш добрым словам?

—У першую чаргу, маму Таццяну Мікалаеўну. Яна галоўны мой настаўнік і памочнік. Бывала такое, што ў восем раніцы яна мяне адпраўляла ў школу і сустракала позна вечарам, я ўжо як выціснуты лімон. Не кожная мама, думаю, такое зразумее. Вельмі ёй удзячна. Духаўнік мой айцец Ігар падтрымлівае ва ўсім. І настаўнікі музычнай школы Ірына Анатольеўна Буланькова, Тамара Уладзіміраўна Урублеўская і Марыя Аляксандраўна Нікітчык.

З Ірынай Анатольеўнай вельмі пашанцавала. Мы з ёй вельмі падобныя, пачынаючы ад імя. І характары супадаюць, і ідэі. Таму мне побач з ёй вельмі лёгка і спяваць у царкве, і выступаць з хорам на нейкіх мерапрыемствах.

—Як дзяўчынка праваслаўная, ты адчуваеш прысутнасць сваёго анёла-ахоўніка?

—Нейкіх асабістых прыкладаў прыводзіць не буду, але такое бывае. Прыходзіш з царквы стомленая, урокі так цяжка вучацца, папросіш: дапамажы мне, каб заўтра ў школе ўсё добра было. Сядзіш потым на ўроку: вось-вось выклічуць – і раптам якая неспадзяванка, нешта перамянілася, і не выклікалі. А калі сур‘ёзна, то сапраўды, адчуваю.

—Якой ты ўяўляеш сваю сям‘ю ў будучым?

—Яшчэ рана пра гэта загадваць, напэўна, гэта нават не ад мяне залежыць, але адназначна – праваслаўнай.

—На чытанне час застаецца?

—Я вельмі люблю чытаць, але зараз мой брат, на жаль, чытае больш за мяне.

—У яго, магчыма, менш абавязкаў?

—Ён таксама вучыцца ў музычнай школе, толькі на клірасе не спявае: сказаў, што гэта занятак для дзяўчат. А наогул, – ён мой першы крытык. Кажа: ты сёння дрэнна спявала, не так.

А з абавязкамі…  Хаця музычную школу скончыла, але калі просяць выступіць, я не адмаўляю.  Сёлета                     11 клас,  рэпетытары. Хочацца і ўсё паспець, і дапамагчы. А потым думаеш: навошта я столькі на сябе нагрузіла? Толькі ж гэта ўсё мне падабаецца.

—Як ты свой  характар уяўляеш?

—Я таварыская, маю шмат сяброў, люблю зносіны з людзьмі. Сябе складана ацэньваць. Але характар мой жудасны. Я вельмі патрабавальная і прамалінейная: калі нешта не падабаецца ў чалавеку, я яму аб гэтым прама скажу. Не змагу ні схлусіць, ні прамаўчаць. У нечым гэта плюс, а ў нечым і мінус. Але гэта тычыцца аднагодкаў, а з чалавекам старэйшым я прамаўчу.

Гутарыла Ірына Сядова.

Гэтая размова адбылася ў нас яшчэ зімой. А зараз засталіся ў нядаўнім  мінулым  экзамены і выпускніца СШ №1 імя ЧБВА Ірына Шчурко рыхтуецца да іншага этапу свайго жыцця.  Шчаслівага шляху табе, дзяўчынка, нязгаснага душэўнага святла!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *