Воскресенье, 18 февраля 2018

Выращивать черемшу и бальзам, печь «шклёндру» предложили жителям Ровбицка, чтобы возродить деревню

1 066

На мінулым тыдні старшыня райвыканкама М.М.Серкоў сустракаўся з жыхарамі вёскі Роўбіцк. Падчас прыёму грамадзян узнімаўся шэраг пытанняў, якія тычыліся перспектыў газіфікацыі населенага пункта, асфальтавання пад’язных дарог і дастаўкі тавараў у мясцовыя магазіны. Пасля абмеркавання Міхаіл Мікалаевіч запрасіў найбольш ініцыятыўных жыхароў, а таксама старажылаў Роўбіцка і выхадцаў адсюль для зусім іншай гутаркі.ровбицк

Справа ў тым, што будучае гэтага населенага пункта, зыходзячы з цяперашніх дэмаграфічных дадзеных, выглядае не вельмі добра. У наступным годзе ў мясцовую школу пойдуць 28 вучняў, колькасць людзей працаздольнага ўзросту ледзь дасягае трох соцень. Відавочна, што праз пару дзясяткаў гадоў Роўбіцк можа «скаціцца» да ліку іншых неперспектыўных вёсак раёна, дзе няма школы і дзіцячага садка, дзе адсутнічаюць магазіны, колькасць жыхароў няўмольна скарачаецца, а пустуючых  хат — павялічваецца.

— Ці варта біць трывогу ўжо зараз? Варта! — запэўніваў старшыня райвыканкама.— Сёння, калі Роўбіцк  яшчэ — немаленькая вёска, мы маем магчымасці пераламіць сітуацыю. Таму я прапаную падумаць усім прысутным: чым можна ажывіць мясцовае жыццё?

У нашым раёне  населеных пунктаў з падобнай дэмаграфічнай сітуацыяй нямала: практычна ўсюды адзначаецца мінус у прыросце насельніцтва. Хаця ёсць  прыклады, на якіх можна павучыцца. Напрыклад, вёскі Альшаны Столінскага раёна ці Моталь Іванаўскага, якія  маюць сваю адметнасць, а значыць, прыцягваюць не толькі часовых прыезджых, але і тых, хто выбірае  пастаяннае месца жыхарства. Такога эфекту, лічыць старшыня райвыканкама, можна дасягнуць і ў Роўбіцку, і ў іншых вёсках Пружаншчыны.

Са свайго боку М.М.Серкоў запэўніў, што раённыя ўлады дапамогуць: будуць адшуквацца інвестары для адкрыцця малых, магчыма, аўтэнтычных прадпрыемстваў. Аднак падобныя меры прынясуць вынік толькі праз пэўны час. Працэс можна паскорыць, дзякуючы мясцовай ініцыятыве. На чым яна зможа грунтавацца?

Падчас сустрэчы мясцовыя жыхары, а таксама вядомыя ў раёне былыя кіраўнікі Г.Г.Разанка і С.В.Тарасевіч выказвалі нямала ідэй, сярод якіх былі і слушныя. Напрыклад, арганізаваць у вёсцы выпуск бандарнай прадукцыі, акультурваць і вырошчваць на продаж  чарамшу ці бальзам, якія карыстаюцца попытам у грамадзян і нават харчовых прадпрыемстваў, але занесены ў Чырвоную кнігу і збор іх у дзікай прыродзе забаронены. Абсалютна аўтэнтычным будзе выпуск «роўбіцкай шклёндры» — мясцовай каўбасы, рэклама якой зможа значна павялічыць турыстычную прыцягальнасць вёскі.

Аднак было і нямала сумненняў наконт пачынання ўласнай справы. Абяцанне ўсялякай падтрымкі з боку ўлады? Добра. Будуць арганізаваны сустрэчы з патэнцыяльнымі пакупнікамі? Яшчэ лепш. Правядзенне семінараў з дасведчанымі спецыялістамі, якія параяць, чым перспектыўна займацца і з якога боку пачынаць? Выдатна. Але ж усё гэта толькі на словах, а як будзе ў рэальным жыцці? Адсюль і боязь.

На маю думку, каб пазбавіцца яе, неабходна прыцягнуць да гэтай справы эканамістаў, якія ў дадатак далі б фінансавыя выкладкі: колькі спатрэбіцца грошай для таго, каб стварыць, напрыклад, пчальнік, і як хутка мёд з яго пачне прыносіць даход. Чалавек змог бы канкрэтна ацаніць свае матэрыяльныя магчымасці: укласці сёння 10 мільёнаў рублёў, якія праз паўгода будуць прыносіць па столькі  ж штомесяц. І не быць залежным ад дзяржавы, быць гаспадаром самому сабе. Ды яшчэ і добры імідж ствараць Роўбіцку.

Міхаіл Мікалаевіч зазначыў,  што гэта першая падобная сустрэча, якая праз два месяцы будзе мець працяг. Для таго, каб у наступны раз можна было размаўляць больш канструктыўна, вырашылі стварыць ініцыятыўную групу, у якую ўвайшлі жыхары Роўбіцка Т.М.Папко, Г.К.Жукоўскі і В.І.Папко, якім неабходна за гэты тэрмін вывучыць жаданні аднавяскоўцаў, іх заўвагі і прапановы ў абазначаным накірунку.

Калі такая ініцыятыва будзе развівацца, а яшчэ лепш — дасць пэўны плён, то назапашаны вопыт можна перанесці і на іншыя населеныя пункты Пружанскага раёна. Хто ведае, магчыма, «эфект Роўбіцка» сапраўды дапаможа адрадзіць нашу вёску.

Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *