Четверг, 18 апреля 2024

Детские мечты стережет скульптура, или Послание через 50 лет

3 168

Пра тое, што ў пастамент скульптурнай выявы, устаноўленай у Шарашове, роўна 50 гадоў таму выхаванцы дзіцячага дома заклалі капсулу з пасланнем нашчадкам, я даведалася  з асноўнай крыніцы інфармацыі жанчын сталага ўзросту – сацыяльнай сеткі “Аднакласнікі”. Менавіта тут на адной са старонак з‘явілася паведамленне-напамін, што капсулу меркавалі дастаць 15 красавіка 2015 года. Сорамна, але колькі разоў, бываючы ў Шарашове, мінала невялікую скульптурку дзяўчынкі-школьніцы з кніжкай у руках каля цяперашніх будынкаў бальніцы і не звярнула ўвагі на надпіс.12мар2015_6080

Як аказалася, пра пасланне нашчадкам памяталі тыя, чыё маленства прайшло ў гэтым дзіцячым доме. Былыя выхаванцы вырашылі, што ўскрыцце капсулы павінна адбыцца абавязкова. Праўда, перанеслі падзею на паўтара месяца, прымеркаваўшы яе да Дня абароны дзяцей.03

Тэма сіроцтва фактычнага і сіроцтва сацыяльнага заўсёды была і застаецца вельмі балючай. У цяперашні час імкнуцца вырашыць праблему праз стварэнне апякунскіх і прыёмных сем‘яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Але падобная “камернасць” была немагчымай у пасляваенныя гады, калі сіротамі засталіся адначасова дзясяткі тысяч дзяцей.  Дзіцячыя дамы адразу пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў былі створаны ва ўсіх буйных населеных пунктах: Пружанах, Малечы (ён тады ўваходзіў у Пружанскі раён), Ружанах і Шарашове. Што ведаеце вы пра гэтыя ўстановы? Што ведала я, пакуль спецыяльна не зацікавілася гэтым пытаннем? Вельмі мала.

Дзетдом у Пружанах  размясцілі каля старога парку, у былой сядзібе доктара Аўгусціна Пацэвіча. Адразу пасля вайны знаходзіліся тут рознаўзроставыя дзеці. Асобна вучобу для старэйшых, зразумела, не  наладжвалі, за партамі ў класах беларускай і рускай школ яны сядзелі побач з пружанскімі дзецьмі. Кожны з тагачасных школьнікаў упэўнена называе хоць адно-два імя сваіх сяброў і сябровак з дзетдома.

Час быў галодны і халодны, у нястачы жылі ўсе, але людзі імкнуліся, чым маглі, дапамагчы сіротам.

Раённая газета “Красное знамя” за 21 верасня 1944 года пісала: “Камсамольцы Шаняўскога і Хараўскога сельсаветаў сабралі муку, яйкі, крупы, адзенне, тканіну для дзіцячых дамоў”. Або інфармацыя ў нумары за 17 снежня таго ж года: “Рай-прамкамбінат вырабіў 30 пар абутку для дзетдома, адрамантаваў 100 пар. Вязальна-прадзільны цэх аддаў 60 пар панчох, шкарпэтак, пальчатак, дзіцячых касцюмаў”.

А вось заметка за подпісам дырэктара Пружанскага дзетдома Шатон: “За некалькі дзён да 1 мая 1945 года сталі паступаць першыя падарункі. Насельніцтвам сабрана для дзетдома ў Пружанах 487 яек, 500 г мёду, 11 кг сала. Школа №2 сабрала 2373 рублі, Дабучынская школа – 705 яек, 1,5 кг сала і іншыя прадукты”.

Клаўдзія Васільеўна  Шатон ёсць на групавым фотаздымку, датаваным 1961 ці 1962 годам, — у акружэнні выхавальнікаў і дзяцей. У гэты час у Пружанскім дзетдоме заставаліся ўжо толькі дашкольнікі — ад трох да сямі гадоў. А праз пару гадоў яго зусім расфарміравалі. Маргарыта Сцяпанаўна Мішына, якая паспела папрацаваць выхавальніцай дзетдома, а пазней шмат гадоў загадвала дзіцячым садком, створаным на яго базе, і зараз памятае, як плакалі малыя, калі іх развозілі па іншых дзетдамах, як сэрца шчымі-ла ў дарослых. «Я ніколі не магла чуць дзіцячы плач, — прызнаецца жанчына. — Заўсёды імкнулася суцешыць, прытуліць да сябе»…

120 дзецям даў тады  прытулак Пружанскі дзіцячы дом. 120 розных лёсаў, аб‘яднаных адзіным болем — адсутнасцю сваёй сям‘і. І ўсё жыццё ў многіх не загойваюцца да канца тыя раны ў душы.

Леанід Ляўчук жыве цяпер у Мінскай вобласці. У Пружанскі дзетдом трапіў у 1962-м, у два гады. «У маёй памяці не засталося ні прозвішчаў, ні імён, — кажа ён. — Толькі памятаю, што плакаў увесь час. Начная нянька клала мяне побач з сабой. Ад цяпла я засынаў. Вось гэта была мама. А памятаю яшчэ, што спальны корпус загарэўся ноччу і нас выносілі пажарныя. Гэта ўжо ў 1964 ці 1965-м».2

 

Шарашоўскі дзетдом  вельмі добра апісаны ў кнізе аб жыццёвым шляху ўраджэнца вёскі Роўбіцк Анатоля Клімца, напісанай  Анатолем Крэйдзічам. У 1953 годзе 10-гадовы хлопчык трапіў сюды пасля гібелі бацькі.  Аказалася, што, нягледзячы на некаторыя бытавыя нястачы, жыццё ў дзетдоме «цікавае і карыснае». Але матэрыяльныя пытанні  паступова вырашаліся: у 1957 го-дзе тут з‘явіліся нават пія-ніна і свой трактар, была абсталявана механічная майстэрня для працоўнага навучання. «Школа ў Шарашове адна на ўсіх — мясцовых і дзетдомаўскіх. На заняткі і з заняткаў усе ідуць строем і са сваім дзетдомаўскім сцягам. Усе дзеці — пад прыглядам старэйшых. Але гэта не вайсковы і не лагерны строй. Тут усе адчуваюць сябе вольна і раскавана»...

Напэўна, жыццё не было такім простым і зразумелым, як цягнецца рука апісаць яго праз гады. Напрыклад, наконт строю і вольнасці крыху пярэчыць гэтым нататкам запіс у кнізе загадаў дзетдома за 1954 год: дзве выхавальніцы папярэджаны за тое, што праводзяць выхаванцаў у школу толькі да паўдарогі. Тыя ж, безнаглядныя, «утвараюць усялякія агіднасці».нк1

Успамінае ўраджэнец  Шарашова Уладзімір Міхайлавіч Граб:

—Я пайшоў у школу ў 1949-м годзе, але ж  у нас у класе былі не толькі 7-8-гадовыя дзеці, але і пераросткі, падлеткі нават па 14 гадоў, якія не маглі вучыцца падчас вайны. Сярэдняя школа стаяла як і сёння,  на вуліцы Кірава,  толькі быў тады стары драўляны будынак, калі новую школу пабудавалі побач, яго разабралі.

Цяжкі быў час, галаднаваты яшчэ, і гэтыя пераросткі панадзіліся адбіраць у нас ежу. Дадуць нам з дому лусту хлеба і кавалачак сала – яны забяруць. І што самае дрэннае, прымушалі нас, малых, на перапынку курыць.  Я асабліва аднаго памятаю, Базылём яго ўсе клікалі. У Шарашове пасля вайны акопы былі, зброю знаходзілі. Ён вучыцца не жадаў і яго далей ад усіх, за печкай садзілі, мабыць,  каб не замінаў астатнім. І вось аднойчы ён снарад нейкі знайшоў, на ўроку з ім важдаўся, а той як выбухне, і яму адарвала палец.

Вось такія «дзеткі» былі, насілі з сабой і нажы, лазілі ў агароды, курэй кралі, потым  варылі дзесьці на балоце. Хаця картачную сістэму яшчэ ў 48-м адмянілі і  жыццё наладжвалася пакрыху, але і ў сярэдзіне 50-х у дзіцячым доме, думаю, не вельмі сытна кармілі.

Дырэктарам, дарэчы, быў тады Раман Сафронавіч Каптур. Цудоўны чалавек, педагог па прызванні: я крыху ведаў гэтую сям‘ю, бо пазней вучыўся ў тэхнікуме з яго сынам Валерыем.

Але паваенныя сіроты сышлі, а потым ужо ў Шарашова прывозілі дзяцей з дашкольных дзіцячых дамоў Брэстчыны.

-Шкада, але ніхто з нас не ведае гісторыі дзіцячых дамоў, — разважае Раіса Янкоўская, якая жыве зараз у Санкт-Пецярбургу.  — Нас прывезлі ў Пружанскі дзіцячы дом з дома немаўляці, быў такі ў Брэсце, — тры гады мне было, у 1958-м. І гэта быў самы лепшы час у маім жыцці.

Я памятаю, як гулялі па сцежках у парку, як віселі на плоце – за ім рэчка была, басейн. Наш конюх  (забылася яго імя, дзядзька Фе-дзя ці Рыгор) нас падсаджваў, і мы глядзелі, як людзі купаюцца. Мы пастаянна збягалі да яго на стайню,  шалаш тут пабудавалі.  Конюх быў самым нашым любімым  дзядулем. Ён нас ратаваў ад голаду. Хаця, які там голад: нам проста падабалася корпацца ў гарачай духмянай бульбачцы, якая варылася для коней і жыўнасці. Яблыкі з саду для жывёлы конюх парыў — і мы елі. А колькі казак ён і яго памочніца нам расказалі. І на фотаздымках такія родныя твары выхавальнікаў. Магчыма, яны і былі нашымі першымі бацькамі…

Цікава, ці застаўся хто з персаналу? Наўрад  ці. А так хочацца абняць усіх.

Месцаў  было мала, і мы спалі з Нінай Амбрашчук у адным ложачку. А перад першым класам нас усіх перавезлі адсюль у Шарашова, у школу. Памятаю, што мы плакалі, збягалі нават.  А потым прывыклі, тут у нас была сапраўдная «рэспуб-ліка ШКІД», як у кніжцы…

У красавіку 1965 года ўсе выхаванцы Шарашоўскага дзетдома, каля 100 чалавек,  атрымалі заданне напісаць сачыненне аб тым, якой яны бачаць сваю будучыню. Кожны ўзяў лісцік паперы, абмакнуў ручку з простым пёркам у чарнілку-непралівайку… Спісаныя паперкі паклалі ў капсулу (па-мойму, яе ролю выканала звычайная бутэлька).

Ніна Кузьміна адгукнулася на мае пытанні ажно з Тайланда:

—Я выхоўвалася ў дзіцячым доме ў Шарашове з1962 па1966 гады. Дырэктарам тады быў Рыгор Іванавіч Дземідовіч. У мяне засталіся добрыя ўспаміны аб ім. Я думаю, дзякуючы яму, і  жылося нам у дзетдоме добра: ён удзяляў шмат увагі  нам і патрабаваў гэтага ж ад выхавальнікаў. На канікулах нас вазілі на экскурсіі ў Маскву, Ленінград.нк4

Па адукацыі Рыгор Іванавіч быў гісторыкам. У гуртку «Юны следапыт» мы разам займаліся пошукам магіл невядомых салдат. Каля Дома культуры ў Шарашове пахаваны герой-падпалкоўнік Бараннікаў. Дык наш дырэктар адшукаў яго сваякоў, і па запрашэнні яго жонка і дзве дачкі з Масквы прыехалі ў дзіцячы дом. Каля помніка-магілы арганізавалі мітынг (гэта было 9 мая 1964 ці 1965 года).  Гэтае свята я запомніла на ўсё жыццё.

Маёй любімай выхавальніцай была Марыя Пятроўна Зіміна. Яшчэ запомніліся Яўгенія Міхайлаўна і Ядвіга Казіміраўна — карэнныя жыхаркі Шарашова. Апошняя працавала ў швейнай майстэрні, і мы, дзяўчынкі, любілі бавіць тут час: жанчына была душэўная і нас разумела. На жаль, прозвішчаў не памятаю, колькі гадоў прайшло!

Зінаіда Грыцук  працавала выхавальніцай у Шарашоўскім дзіцячым доме з 1971 года да самага яго закрыцця ў 1978-м: —Я зусім маладзенькай прыйшла на працу, адразу пасля школы. Памятаю, прывезлі з Кобрынскага дашкольнага дзіцячага дома групу першакласнікаў. На той час я іх сіроцтва так востра не ўсведамляла: проста было  вельмі шкада. Але калі ў мяне з’явіліся свае дзеці, то я тых малых успамінала і ўспамінаю дагэтуль. Яны так жадалі ласкі, цяпла.

А наогул мне неяк удавалася знаходзіць з выхаванцамі агульную мову, хаця ў старэйшай групе амаль аднагодкі мае былі.  Мяне ўразіла іх згуртаванасць. І яны ж яшчэ мяне правяралі: ці можна давяраць! Аднойчы ўвайшла ў групу, гляджу – на падлозе грошы ляжаць. Падняла, пытаю: хто згубіў? Ніхто не прызнаецца, і я доўга высвятляла, чые, шукала гаспадара. Аказалася, гэта быў тэст на сумленнасць (дарэчы, потым даведалася, што іншая выхавальніца такую праверку не прайшла).

Яны мяне слухаліся. Сама цяпер, маючы вышэйшую адукацыю, вялікі педагагічны стаж, не разумею, чаму.  Магчыма, таму, што я ім давярала і яны мне давяралі. Шанавалі добразычлівае стаўленне. Быў такі выпадак, хлопчык украў у мяне грошы. Я сказала: дзеці, не ў грошах справа, а ў тым, што гэта зрабіў хтосьці з групы. І яны, уяўляеце, самі знайшлі гэтага хлопчыка, прывялі яго да мяне і прымусілі прабачэння прасіць.

Лічылася заўсёды, што ў дзіцячым доме дзеці “цяжкія”, але я такога сказаць не магу. Больш самастойныя — адназначна, ім даводзілася прабівацца ў жыцці самім. Так, дзеці былі абдзелены ласкай і любоўю бацькоўскай, але не душэўнымі якасцямі.

У наступную суботу, 30 мая ў Шарашове плануюць ўрачыста дастаць капсулу, прачытаць пісьмы, напісаныя  50 гадоў таму. Цікава, якія свае мары даверылі выхаванцы дзетдома паперы: «правільныя» — як вучылі настаўнікі — аб імкненні стаць вучонымі, урачамі ці касманаўтамі, прынесці карысць грамадству, ці патаемныя — аб жаданні  шукаць свой шлях у жыцці не ў адзіноце, а разам з мамай і татам, мець сям‘ю? Магчыма, праз тыдзень мы даведаемся аб гэтым. Давайце пачакаем.

Ірына Сядова.

2 комментариев

  • newsman

    «…1942 год — стахановка Пурис Анастасия Кондратьевна была арестована ночью. Мы остались одни в квартире на несколько суток. Потом нас забрали в детприемник, затем в распределитель, где нам придумали свидетельства о рождении, и, наконец, в детский дом города Пружаны Брестской области.

    Позже, как особо опасных детей врагов народа, нас отправили в город Шерешово в Беловежской пуще. Что такое этот «детский дом», никому не советую знать. Утром по несколько человек брали в особую комнату, где избивали ремнем с металлической пряжкой. Над девочками издевались ночью… Это был специальный детдом по уничтожению в детях человеческой личности.! …»

    http://www.sakharov-center.ru/asfcd/auth/?t=page&num=1558

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Автор

    Вы знаете, сколько человек мне рассказывали о детдоме, но подобного не от них не слышала. В Пружанах живут как минимум три женщины, которые были в детдоме в 1945-46 годах, я с ними говорила. Конечно, они не были детьми «врагов народа», поэтому теоретически можно поверить во всякое.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *