Пятница, 23 октября 2020

Интеллектуальный отбор: скоро начнутся вступительные экзамены в гимназию

1 434

Галоўная мэта, з якой пятнаццаць гадоў таму стваралася гімназія, – забяспечыць магчымасць атрымання больш якаснай адукацыі здольным дзецям. Пра тое, як гэтай навучальнай установе ўдаецца адпавядаць пастаўленым задачам, інтэрв’ю з дырэктарам гімназіі А.К.Момлікам.  SAMSUNG DIGITAL CAMERA

— У звычайным класе, — расказвае Аляксандр Канстанцінавіч, — дзе вучацца розныя дзеці, настаўнік арыентуецца на “сярэдняга” вучня. Таму  высокаматываваныя дзеці не даатрымліваюць тых ведаў, якія маглі б атрымаць, калі б вучыліся ў класе з такімі па здольнасцях, як самі. Дзеля гэтага пры паступленні ў пяты клас гімназіі і праводзіцца адбор вучняў, якія жадаюць і могуць атрымаць высокі ўзровень ведаў.

— Што трэба для таго, каб стаць вучнем гімназіі?

— Прайсці ўступныя іспыты. А гэта – дыктанты па рускай і беларускай мовах, кантрольная работа па матэматыцы, якія дзеці будуць пісаць 2, 4, 6 чэрвеня. Па іх выніках і па выніках навучання па гэтых прадметах у чацвёртым класе адбудзецца залічэнне выпускнікоў пачатковай школы ў пяты клас гімназіі. І такія іспыты праходзяць усе без выключэння дзеці, не залежна ад таго, вучыліся яны ў пачатковых класах гімназіі ці іншых школ. Прахадны бал у пяты клас гімназіі па выніках мінулага года – 41.

Дарэчы, 23 мая ў 10.00 гадзін у нашай навучальнай установе адбудзецца Дзень адчыненых дзвярэй для бацькоў вучняў 4-х класаў. Запрашаем усіх. Адкажам на любыя пытанні і раскажам пра ўсе асаблівасці паступлення і вучобы ў гімназіі.

— Наколькі апраўданы такі адбор вучняў?

— З года ў год правільнасць адбору пры паступленні ў гімназію нашы вучні пацвярджаюць сваімі ведамі. І гэта іх перамогі не толькі на раённым і абласным узроўнях. Сёлета нашы навучэнцы гучна зарэкамендавалі сябе і на ўзроўні рэспублікі: Анастасія Бублевіч стала прызёрам заключнага этапу рэспубліканскай аліміпіяды па беларускай мове (настаўніца Галіна Паўлаўна Кніга), а Ганна Тачко – прызёрам рэспуб-ліканскай навукова-практычнай канферэнцыі па нямецкай мове (настаўніца Ірына Вікенцьеўна Хатомчанкава). Варта адзначыць, што пераможцаў раённых, абласных алімпіяд і разнастайных інтэлектуальных конкурсаў у нас так многа, што дзеля іх ушанавання мы праводзім асобнае свята ў Палацы культуры, якое так і называецца “Нашы інтэлектуалы”. Сёлета яно адбудзецца 28 мая, у канцы навучальнага года з ганаровым падвядзеннем яго вынікаў.

— Пра высокі ўзровень ведаў гімназістаў сведчыць і паступленне ва ўстановы вышэйшай адукацыі…

— На працягу апошніх пяці гадоў працэнт выпускнікоў, якія паступаюць у УВА, не апускаецца ніжэй 85%, а апошнія два гады мы пераадолелі 90-працэнтны рубеж. І гэтаму садзейнічае арганізацыя навучання па накірунках у 10-11 класах, чаго няма ў іншых гарадскіх школах. А гэта – фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, філалагічны накірункі, пры навучанні на якіх больш гадзін адводзіцца прафіліруючым прадметам.

— Аднак, Аляксандр Канстанцінавіч, адметнасць навучання ёсць не толькі ў старэйшых класах гімназіі, ці не так?

— З пятага па дзявяты класы вучні гімназіі ў большым аб’ёме, чым у іншых школах, вывучаюць матэматыку і замежныя мовы. А гэта, як вядома, спатрэбіцца пры навучанні на любых накірунках. Аднак гэта не значыць, што ўключыцца ў навучальны працэс у гімназіі дзеці з іншых школ могуць толькі з пятага класа, пасля праходжання конкурснага адбору. Шмат вучняў да нас прыходзяць пасля дзевяці класаў. І гэта зразумела: яны мяркуюць атрымаць больш грунтоўныя веды па прадметах, якія спатрэбяцца ім пры далейшым паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Дзеля гэтага, акрамя абавязковых экзаменаў пасля заканчэння дзевяці класаў, — ім яшчэ патрэбна вытрымаць іспыт па прадметах, якія будуць вывучаць па накірунках, каб пацвердзіць ужо атрыманыя веды.

— Аляксандр Канстанцінавіч, а ці адпавядае больш паглыбленаму вывучэнню школьных прадметаў матэрыяльна-тэхнічная база гімназіі?

— Дзякуючы падтрымцы райвыканкама, у нашай навучальнай установе за кароткі тэрмін зроблены вялікі аб’ём рамонтных работ у актавай зале, вучэбных кабінетах, адміністрацыйных памяшканнях. У прыватнасці, проста выдатна  ўкамплектаваны кабінет фізікі. Падобнае магу сказаць пра кабінет хіміі і біялогіі, дзе ёсць неабходнае абсталяванне і рэактывы. Аднак, нягледзячы на гэта, усё роўна будуем планы і шмат чаго мяркуем зрабіць і сёлета. Спадзяемся, што пры захаванні фінансавання гімназія набудзе самы сучасны выгляд, тут будзе камфортна і дзецям, і настаўнікам. А вопытныя педагогі, якія працуюць у нас, дадуць вучням грунтоўныя веды. Так што запрашаем да нас таленавітых і здольных дзяцей, якім  дапаможам дабіцца пастаўленых мэт у жыцці.

Інтэрв’ю ўзяла Галіна Каляда.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *