Пятница, 23 октября 2020

Празднование Великой Победы в Пружанах: от торжественного шествия до салюта

4 055

Адчуванне таго, што пружанцы святкуюць самае светлае, самае значнае свята ў жыцці кожнага з нас – Дзень Перамогі, было з самай раніцы 9 Мая: нават на прыватных дамах луналі дзяржаўныя сцягі, святочна апранутыя людзі з кветкамі і шарамі ў руках збіраліся на цэнтральных вуліцах.

Ускладанне кветак і   вянкоў нашым вызваліцелям ад працоўных калектываў праводзілася да помнікаў і абеліскаў. Найбольш урачыста яно прайшло на мітынгу каля брацкай магілы на гарадскіх могілках. Аб велічы і значнасці Вялікай Перамогі для нашчадкаў гаварыў старшыня райвыканкама М.М.Серкоў. Міхаіл Мікалаевіч згадаў свайго дзеда, які загінуў пры абароне Ленінграда, дзякаваў за сённяшняе мірнае жыццё ўсім ветэранам, хто дажыў і хто не дажыў да 70-годдзя Перамогі.09май2015_2742

Выступаючы на мітынгу, былы вязень канцлагера ў Азарычах С.С.Карпей, дырэктар СШ №1 імя ЧБВА Т.К.Кашкан гаварылі аб Вялікай Айчыннай вайне, як аб самай жахлівай, аб подзвігу савецкіх воінаў і мірных жыхароў, хто цаной асабістага жыцця набліжаў пераможны май. Настаяцель Спаса-Праабражэнскай царквы айцец Ігар, аддаючы даніну памяці загінуўшым, правёў памінальную ліцію. Кіраўнікі раённай улады, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, грамадзяне ўсклалі кветкі да брацкай магілы воінаў. Як напамін пра іх подзвіг, прагучаў армейскі залп.

А неўзабаве цэнтральныя вуліцы горада напоўніла мора людзей: дэлегацыі працоўных калектываў і прадстаўнікоў грамадскасці ў святочным шэсці накіраваліся да помніка спаленым вёскам. Узначальвала шэсце кіраўніцтва раёна і школьнікі, удзельнікі акцыі БРСМ “Бессмяротны полк”. Яны неслі партрэты сваіх дзядуль і прадзядуль, якія падчас Вялікай Айчыннай вайны змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Удзел у шэсці прынялі і байкеры, якія сабраліся ў Пружанах, каб аддаць даніну пашаны гераічным дзядам. А тым часам перад Палацам культуры, быццам радуючыся мірнаму жыццю, у вальсе кружыліся старшакласнікі. У гонар юбілейнай гадавіны Перамогі яны выпусцілі ў неба 70 рознакаляровых шароў. [nggallery id=17]

Каб успомніць тых, хто прайшоў дарогамі вайны, сабралася каля помніка спаленым вёскам безліч людзей. Акрамя пружанцаў і гасцей нашага горада з іншых рэгіёнаў краіны, былі і прадстаўнікі замежнай дэлегацыі. Адкрываючы мітынг, старшыня райвыканкама М.М.Серкоў павіншаваў прысутных са святам. Словы ўдзячнасці адрасаваў ён байцам фронту, згадаўшы найбольш значныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, партызанам і работнікам тылу, якія набліжалі Перамогу.

— Вайна зрабіла нас моцнай нацыяй, — зазначыў Міхаіл Мікалаевіч, — і мы ніколі не забудзем подзвіг савецкага народа, які гарантаваў людзям мір.

Узнёслыя словы падзякі за Перамогу ў сваіх выступленнях выказвалі  ветэран Вялікай Айчыннай вайны І.М.Алякумаў, выконваючы абавязкі намесніка каман-дзіра 181 баявой верталётнай базы па ідэалагічнай рабоце Г.І.Сакалачка, першы сакратар РК БРСМ Аляксандр Бабігорац. Пра тое, што ў міры радасна жыць, калі суседзяў яднае сяброўства і праца, гаварыў прадстаўнік дэлегацыі Гайнаўскага павета Андрэй Шварц. Сардэчнае віншаванне ад балгарскага народа беларускаму перадаў мэр г.Первамая Ангел Папазаў, які адзначыў агульнасць беларуска-балгарскай культуры, наша агульнае сёння і агульнае заўтра. Благачынны цэркваў Пружанскага раёна айцец Міхаіл заклікаў не толькі шанаваць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, але і памятаць гісторыю. Выступоўцы дзякавалі ветэранам за шчаслівыя дзіцячыя ўсмешкі і мірнае неба.

Да помніка былі ўскладзены вянкі. А пасівелыя ветэраны, якіх, на жаль, застаецца ўсё менш, віншаванні прымалі цэлы дзень. Кветкі ім падносілі як дарослыя, так і дзеці прама на вуліцы. У гэты дзень яны былі героямі, як і 70 гадоў таму.

Святочныя мерапрыемствы прадоўжыліся ў гарадскім парку. Працавалі дзіцячыя атракцыёны, жадаючыя частаваліся салдацкай кашай. Перад музеем-сядзібай разгарнулася імправізаваная пляцоўка. На той “Сонечнай паляначцы” выконвалі ваенныя песні мясцовыя артысты, а прысутныя дружна ім падпявалі.

Неўзабаве музычную эстафету перанялі школьнікі. Прадстаўнікі ўсіх гарадскіх школ і гімназіі спаборнічалі ў конкурсе літаратурна-музычных кампазіцый “Мы не забудзем”. Сваёй пранікнёнасцю той творчы паядынак, думаю, нікога не пакінуў раўнадушным. Вершамі, песнямі, танцамі ў атмасферу 1941-45 гадоў яны здолелі пагрузіць шмат прысутных. Вызначыць лепшых журы было нялёгка. Аднак усё ж пераможца быў названы – СШ №3.

Людзі, для якіх у той святочны дзень у парку выступалі артысты, працаваў выязны гандаль, яшчэ доўга не разыходзіліся.

Бліжэй да вечара святочныя мерапрыемствы прадоўжыліся каля Палаца культуры. Там выступалі аматарскія калектывы ГДК. Адбыўся канцэрт беларускай спявачкі Алёны Ланской, авацыі прысутныя падарылі  таксама пружанкам Ганне Мязга, Кацярыне Бурдук, Вользе Якімавай, якія выступілі ў перапынку. А завяршылася свята прыгожым салютам.

Галіна Каляда, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *