Среда, 28 октября 2020

Дзеці вайны: Дзям’янава дачка

1 343

Ну, вось і зноў май. І зноў памяць вярэдзіць душу. І кароткая ноч напярэдадні самага галоўнага на зямлі свята зноў здасца цэлым жыццём. А перад вачыма адзін за адным узнікнуць такія знаёмыя і такія родныя твары: тата, мама, бабуля, дзядзька  Сцяпан Пацяруха, дзядзька Іван Лабуда, Мікалай Карунас, Стручысты… І, быццам было ўчора, чуецца ўслед шэпат:” Глядзіце, гэта ж Дзям’янава дачка! Такая ўжо дарослая!”05май2015_1957

А калі пачалася вайна,  Сонечцы споўнілася ўсяго два гадочкі. Што магла яна запомніць з таго часу?  Толькі пазнейшыя, пасляваенныя аповеды бабулі. Бацька надта рана, мо з 17 гадоў, пачаў займацца палітыкай.  Хадзіў на сходкі, якія арганізоўвала Вера Харужая, агітаваў за Саветы, развозіў лістоўкі… На адной з  такіх сходак Дзям’ян Яраслававіч Шарашовец  пазнаёміўся з Верай Іванаўнай Барылка – дачкой дырэктара гімназіі з Ульянаўска,  пераехаўшага  з сям’ёй на радзіму ў Купліно.

Соня нарадзілася позна. Бацька сядзеў то ў белай ці чырвонай пружанскіх турмах, то ў Бярозе Картузскай.  Бабуля пешкі насіла ў Бярозу перадачы. Прыйшоў ён дахаты вельмі хворы – лысы, з разбітымі губамі, жоўты. Жанчыны збіралі сабачы тлушч для яго лячэння. Баяліся, што не выжыве. Але Дзям’ян Яраслававіч паправіўся. І актыўнасць сваю не пакінуў. Калі прыйшлі Саветы, працаваў у Шарашове міліцыянерам, потым – у райфінаддзеле.05май2015_1942

У 1939 годзе нарадзілася доўгачаканая Соня. І столькі было ў сям’і шчасця і радасці! Калі  б не вайна…

Падполле, партызанская дзейнасць… Вось адзін малюнак, які выразна захавала чэпкая дзіцячая памяць: іх маленькая хатка ў Ліхасельцах запоўнена нейкімі незнаёмымі людзьмі. Але таты сярод іх няма. “А дзе мой тата?” — дапытваецца дзяўчынка ў мужчын. “Немцаў б’е!”—тлумачыць адзін. Спалоханая бабуля хапае Соню, выносіць за печ і потым, калі ўсе ўжо разыходзяцца, прыціскаючы любімую ўнучку да грудзей, шэпча: “Ты ніколі не паўтарай тое, што сказаў гэты дзядзька. Ніколі! На самой справе ён не ведае, дзе твой тата…”

Але што дакажаш такой маляўцы! Ужо на наступны дзень яна, здаецца, на ўсю вёску крычала, выганяючы з агарода гусей: “Ану пайшлі адсюль, немцы праклятыя!” Так, пакуль не вырасла, і называла гусей немцамі…

Жылі як на вулкане, казала пра той час бабуля. Маму раз-пораз выклікалі на допыты, катавалі, а яны ўцякалі  ў лес. Лес хаваў і ў час фашысцкіх аблаў…05май2015_1945

Калі тата прыходзіў дахаты,  маленькая Соня ўсаджвалася яму на калені і шаптала на вуха: “Не бойся, я цябе так схаваю, што ніхто не знойдзе!” А тата –  такі родны і любімы – пяшчотна цалаваў яе ў шчаку…

Толькі пасля вайны  дачка даведалася, што яе бацька Дзям’ян Яраслававіч Шарашовец быў партызанам атрада імя Чкалава брыгады “Савецкая Беларусь”. На яго рахунку было нямала папсаванай тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі ворага, разбураных мастоў… І гэта ва ўмовах пастаяннага варожага палявання.

Аднойчы (у кастрычніку 1942 года) у тры гадзі-ны ночы ў дом Шарашоўцаў уварваліся немцы і загадалі збірацца. На вуліцы ўжо стаялі падводы з аднавяскоўцамі. Здаецца, плакала і галасіла ўся вёска.

Так яны аказаліся ў  Беластоку.  Мама з бабуляй працавалі на швейнай фабрыцы. Трохгадовая Соня заставалася ў бараку са сваёй старэйшай стрыечнай сястрой Тамарай. У дзяўчынкі, як і ў дарослых, быў свой парадкавы нумар вязня – 392.

Усяго наглядзелася: барак размяшчаўся побач з яўрэйскім гета, па вуліцах хадзілі фашысты з вялізнымі аўчаркамі. Аднойчы адна з іх раптоўна кінулася на Тамару. І толькі цудам дзяўчынцы ўдалося ўратавацца. А Соня вельмі цяжка захварэла горлам. Яна ўжо памірала. І бабуля стала на калені перад нямецкім урачом, каб той паглядзеў дзіця. Немец рукамі выціснуў гной з нарываў. Соня яшчэ доўга  ляжала ў гарачцы. Але ўсё ж выздаравела.

У ліпені 1944-га іх вызвалілі з фашысцкага рабства. Вярнуліся ў родныя Ліхасельцы. А там – страшная навіна: загінуў тата! У час фашысцкай аблавы ён адводзіў партызан у лес і быў забіты. Яго цела, расказвалі потым вяскоўцы, немцы разам з загінуўшымі ў той дзень партызанамі Фёдарам Усікам і Віктарам Старко цэлы дзень вазілі на возе і дапытваліся ў людзей, хто гэта. Але ніхто не выдаў…

Іх траіх і закапалі потым у адной яме на Ялоўскіх могілках.  Прысутнічаць на перазахаванні Соне не дазволілі. Але яна да цяперашняга часу памятае тое адчуванне холаду і страху ад таго, што таты больш няма…

Вайна закончылася.  Толькі  “падарункі” ад яе працягвалі паступаць. Адзін з іх не менш страшны, чым смерць таты,— захварэла на туберкулёз і хутка памерла мама. Соня засталася з бабуляй. Жылося вельмі цяжка. Але татавы сябры не забывалі дачку свайго баявога таварыша Дзям’яна Шарашоўца. Бываючы ў Ліхасельцах, заўсёды прывозілі дзяўчынцы ласункі, вопратку. А дзядзька Мікалай Карунас, які быў цяжка паранены ў час той фашысцкай аблавы ды так і кульгаў усё жыццё, называў яе сваёй хрэсніцай і кожны раз вадзіў з сабой у мясцовы магазін: маўляў, выбірай, што хочаш! Соня па-дзіцячы ганарылася гэтым: адчувала асабістую далучнасць  да той вялікай справы, за якую загінуў тата.

Соф’я Дзям’янаўна ўжо даўно старэйшая за свайго бацьку. Пасерабрыла яе скроні сівізна. Выраслі  двое сыноў. Становяцца на ногі чацвёра ўнукаў і  праўнучка…

Ах, гэты май! Ён зноў вярэдзіць душу…

Кожны год людзі, якія збіраюцца 9 мая на могілках у Ялове, а потым – на ўрачыстым мітынгу ў Бакунах,  бачаць гэтую жанчыну: яна няспешна падыходзіць да магілы, дзе на помніку значацца тры прозвішчы, схіляецца над ёю з кветкамі…  Моладзь, магчыма, і не ведае, а мясцовыя старажылы пераглядваюцца: “Гэта ж Дзям’янава дачка! Як хутка ідуць гады…”

Ганна Хадаровіч.

На здымках: 1. З партрэтам бацькі. 2.Першы пасляваенны здымак: Соні 8 гадоў.

3.Соніна вясна. 20 гадоў.

Фота Сяргея Талашкевіча і з сямейнага архіву С.Д.Давыдавай (Шарашовец).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *