Вторник, 20 октября 2020

Война в Бродах: “День Победы. Как он был от нас далек”…

1 269

Гэтыя паэтычныя радкі тым часцей усплываюць у нашай памяці, чым бліжэй мы падыходзім да дарагога ўсімі намі свята — 70-годдзя Вялікай Перамогі над фашысцкай Германіяй. Гэтыя словы, народжаныя сэрцам і душой, адлюстроўваюць той цяжкі ваенны час і веру савецкіх людзей у перамогу над лютым ворагам, вытокі якой закладзены ў гераічнасці абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Менавіта тады, у найцяжкіх умовах пачатку вайны, з’явіліся сотні герояў, якія здолелі сарваць хуткі рух фашыстаў на Маскву.

IMG_4374_7316

Для Беларусі, якая страціла за час вайны кожнага трэцяга жыхара, увекавечванне гераічнага подзвігу — справа не толькі дзяржаўнай палітыкі. Гэта святы абавязак кожнага беларуса: захоўваць і памнажаць патрыятычную нацыянальную самасвядомасць.

Першымі аб пачатку  вайны даведаліся  Васіль Хоміч і  Леанід Грыцук, па тэлефоне: яны дзяжурылі ў гэты дзень у сельскім Савеце. Вестка хутка разнеслася па вёсцы. А ў панядзелак 23 чэрвеня нямецкая разведка ўжо была ў Брадах. Падчас наступу немцаў у нас баёў не было, нягледзячы на тое, што праз Брады ў накірунку Ваўкавыска прабілася група савецкіх танкаў. Магутная тэхніка засталася небаяздольнай з-за недахопу гаручага, таму паблізу ад вёскі па дарозе на Шарашова было пакінута пяць машын, а іх экіпажы пешшу пайшлі на ўсход.

Напачатку наступу немцы імкліва і хутка рухаліся наперад. Пасля  разведчыкаў пачалі падыходзіць наступаючыя  часці. У вёсцы спыніліся механізаваныя і конны абозы з велізарнымі фургонамі, якія цягнулі запрэжкі па двое ці чацвёра дужых коней. Выпешчаныя нямецкія салдаты мыліся, галіліся, грэбуючы нашым драўляным посудам, куды налівалі ваду: спачатку прымушалі каго-небудзь папіць з гэтага посуду, а потым толькі пачыналі мыцца.

Пасля  наступіла зацішша, і папаўзлі  розныя чуткі пра далейшыя падзеі. Адны казалі, што немцы ўжо далёка за Мінскам, іншыя — што іх пагналі назад. Усё часцей падвечар заходзілі ў вёску савецкія салдаты, прасілі хлеба і цывільную вопратку, а днём у полі распытвалі, як прайсці напрасткі ў тым ці іншым накірунку. Брадоўцы, якія перанеслі нягоды Першай сусветнай вайны (былі выселены ў Расію), вельмі спачувальна ставіліся да просьбаў акружэнцаў, разумеючы цяжар сітуацыі, што склалася для адступаючых.

Час ішоў, немцы сталі ствараць свае органы ўлады. У Шчарчове размясцілася камендатура жандармерыі. У Шарашове арганізавалі павет, куды ўвайшла і вёска Брады. Вясковым старастам быў прызначаны Мікалай Раманавіч Краўчук па мянушцы Раманка. Складаліся спісы жыхароў. Жандармерыя пачала праводзіць (безумоўна, па даносах) пошукі членаў партыі, камісараў, савецкіх служачых, чырвонаармейцаў. З ліку брадоўцаў працавалі ў 1939-41 г.г. ва ўстановах савецкай улады Аляксей Ігнатавіч Чарнак — дырэктарам райпрамкамбіната ў Камянцы, Васіль Фёдаравіч Хоміч і Васіль Міхайлавіч Васільчук — служылі ў міліцыі ў Камянцы, Трафім Сідаравіч Краўчук і  Вольга Ігнатаўна Хоміч – былі абраны членамі Шарашоўскага выканаўчага камітэта, Рыгор Сідаравіч Васільчук — член выканкама Шчарчоўскага сельскага Савета. Напачатку вайны яны адразу вярнуліся дахаты, але пасля ўсталявання нямецкай улады ў вёсцы не паказваліся, ведаючы, што будуць арыштаваны.

З вясны 1942 года немцаў пачалі сур’ёзна турбаваць партызаны. У адказ на гэта яны пачалі праводзіць карныя аперацыі. З мэтай ізаляцыі партызан ад мясцовага насельніцтва (бо ведалі, што прадукты, зброю, звесткі пра немцаў яны атрымліваюць у вяскоўцаў) пачынаюць высяляць вёскі, размешчаныя на ўскраінах пушчы. Так былі выселены суседнія Ясень, Хідры, Цімахоўшына, Дзедаўка, Тарасы. Адначасова з высяленнем карнікі вялі аперацыі непасрэдна і супраць партызан. Так, па даносе мясцовых нямецкіх прыслужнікаў Аляксей Чарнак і Васіль Хоміч былі прадстаўлены як былыя савецкія службоўцы-камуністы, якія зараз знаходзяцца ў партызанах, прычым А.І.Чарнак — нібыта іх камандзір.

Вясной 1942 года ўзбуйнены карны атрад на досвітку акружыў Брады, усім жыхарам было загадана выходзіць на пляц у цэнтр вёскі з рыдлёўкамі. Калі ўсіх сагналі, па баках паставілі кулямёты і салдат з сабакамі, перакладчык абвясціў, што, калі Чарнак і Хоміч не прыйдуць і не здадуцца немцам, то будуць расстраляны ў першую чаргу іх сям’і і сваякі, а потым і ўсе жыхары. Сястра Аляксея Чарнака  Вольга Хоміч  — сувязная, адправілася ў партызанскі атрад і неўзабаве вярнулася і перадала камандзіру карнікаў пісьмо, у якім Аляксей прасіў даць яму адну гадзіну часу для прыбыцця, не аддаваць загад на расстрэл жыхароў вёскі. Слова ён стрымаў. Пасля яго прыбыцця і працяглага допыту ўсіх брадоўцаў адпусцілі па хатах, а Чарнака А.І.  і яго сястру Хоміч В.І. адправілі ў турму ў Пружаны.

У перыяд нямецкай акупацыі не засталося ніводнай сям’і, якая не адчула б нямецкага «парадку» на сваёй спіне. Многія брадоўцы былі сасланы ў Германію на прымусовыя работы, шмат мужчын, прызваных у Чырвоную армію пасля вызвалення Беларусі, загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Іх імёны — на помніку, узведзеным у цэнтры вёскі. Сюды ўсе гэтыя 70 гадоў прыходзяць мясцовыя жыхары (ужо не адно пакаленне!) і ўшаноўваюць памяць  загінуўшых у баях з лютым ворагам. Так будзе заўсёды на Беларусі.

Васіль Хоміч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ураджэнец в.Брады.

На здымку: помнік у вёсцы Брады.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *