Понедельник, 26 октября 2020

Зарисовка о своей бабушке-партизанке принесла победу в областном творческом конкурсе ученику СШ №1

1 204

Памяць аб гераічнай барацьбе продкаў з нямецкімі захопнікамі захоўваюць нашчадкі. Гэта паказаў абласны завочны конкурс творчых работ, які праводзіўся на базе Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. У намінацыі “Замалёўка аб дзецях вайны” першае месца заняў вучань 10 класа  СШ №1 імя ЧБВА Руслан Сахарук. Пад кіраўніцтвам настаўніцы С.А.Хамчук ён расказаў пра сваю бабулю.23апр2015_0030

— Марыя Антонаўна Ляўчук – адна з тых, — піша Руслан, — хто з годнасцю прайшоў партызанскімі сцежкамі Вялікай Айчыннай вайны. Аднак цяжкі лёс, які выпаў на яе долю, не здолеў адбіць галоўнага – жадання змагацца за жыццё.

У гады фашысцкай акупацыі сям’я Марыі Антонаўны  Пестрак, якая складалася з дзевяці чалавек, жыла на адным з хутароў Івацэвіцкага раёна. Яе старэйшы брат Аркадзь стаў сувязным. Дапамагалі партызанам, якія часта спыняліся ў хаце сям’і, бацькі і іншыя дзеці.

Вось успаміны былога камандзіра партызанскай брыгады імя Панамарэнкі, змешчаныя ў кнізе “Буг у агні”: “Прымаючы нас, Пестрак рызыкаваў сваім жыццём і жыццём семярых сваіх дзяцей”.

Аднойчы, ведаючы, што ў вёску павінны прыбыць партызаны, Марыя Антонаўна па загаду сваёй маці пераправілася праз раку і паведаміла ім, што тут ужо знаходзяцца немцы. Дзякуючы яе мужнасці і смеласці, партызаны засталіся жывымі. Пасля таго выпадку Марыю  забралі ў партызанскі атрад. Поруч з дарослымі яна змагалася за сваю будучыню, за сваю краіну.

Як адзін з самых яркіх эпізодаў вайны, Марыя Антонаўна ўспамінае выпадак, калі ёй давялося дапамагаць партызану, які прыбыў на іх хутар з важнай інфармацыяй. Выратаваць яго ад гібелі, калі нечакана наляцелі немцы, дапамагла знаходлівасць: яго пераапранулі ў жаночае адзенне.

Пасля вайны Марыя Антонаўна пераехала ў Пружаны. Шмат гадоў працавала бухгалтарам у райаддзеле сацыяльнага забеспячэння. За добрасумленную працу была ўзнагароджана граматай Вярхоўнага Савета БССР. Аднак самыя каштоўныя для яе ваенныя ўзнагароды, у ліку якіх ордэн Айчыннай вайны.

— Пад уражаннем ад бабулінага аповеду, — кажа Руслан, — я знаходжуся дагэтуль. Мяне перапаўняе пачуццё гордасці за яе. Гэтая кволая жанчына для мяне — сімвал стойкасці і мужнасці людзей, якія наблізілі Вялікую Перамогу.

Галіна КАЛЯДА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *