Суббота, 24 октября 2020

На Муравском кладбище обнаружено воинское захоронение времен Первой мировой войны

2 444

Мы  марым  пра  нязведанае, імкнемся далучыцца да таямніц сусвету, з цікавасцю сочым за тэлевізійнымі сюжэтамі гістарычных расследаванняў. Але часам  варта  зірнуць зацікаўленым і нераўнадушным позіркам  вакол сябе – і ўбачыш столькі таямнічага і невядомага, што  забудзешся пра ўсе серыялы.25апр2015_0363

Тыдні тры таму брыгада  “Камунальніка” займалася будзённай справай: спілаваннем старых дрэў на могілках у вёсцы Мурава. І раптам пры расчыстцы старой часткі могілак убачылі  сярод зараснікаў асіны і рознага кустоўя рады пліт, па форме падобных на крыжы. Пахаванне?

Так. І не зусім звычайнае: воінскае,  часоў Першай сусветнай вайны. Прабачце, адкуль яно ўзялося? Мы ведаем тры падобныя памятныя месцы на тэрыторыі раёна: у Ружанах, Слабудцы і на каталіцкіх могілках у Пружанах. І раптам Мурава. Але пра гэтае пахаванне таксама знайшоўся ўспамін: на сайце Андрэя Дыбоўскага “Глобус Беларусі” ёсць радок: “Згодна са звесткамі, знаходзіцца на тэрыторыі вясковых могілак. Не ўладкавана”.25апр2015_0355

У неўладкаванасці ўпэўніліся на ўласныя вочы, калі выехалі на могілкі. Сярод карчоў ад спілаваных  дрэў і разварушанага  грэйдэрам камення налічылі з паўсотні плітак. Частка выкладзена ў радок, частка разрознена ляжыць па ўсёй тэрыторыі. Падобна, ёсць і яшчэ: ажно да старой агароджы могілак яўна бачны абрысы іншых радоў. Але ж каб даведацца, ці скрыта што зямлёй, трэба праводзіць раскопкі.25апр2015_0435

Звычайна, на падобных брацкіх пахаваннях пасярэдзіне ставілі мемарыяльны помнік або крыж, але падмурка пад яго візуальна таксама не бачна. І наогул, чаму пліты ляжаць так шчыльна? На магілы не падобна.

Мураўскі старажыл патлумачыў журналістам: нямецкае пахаванне знаходзілася непадалёку, каля старой царквы. Калі на яе месцы сталі ўзводзіць клуб, то астанкі і пліты перанеслі на могілкі. Чаму не даглядалі? “А чаго пра іх клапаціцца, — паціснуў плячыма, — немцы ж гэта. Тое, што царкву зруйнавалі, магілы святароў пад асфальт пайшлі, павінна непакоіць…”25апр2015_0448

Але на самай справе на цэментных  плітах – не толькі нямецкія і аўстрыйскія прозвішчы, не толькі даты, што сведчаць аб бойках  вясной і летам 1915 года. Тут знайшлі апошні прытулак і салдаты, якія загінулі  падчас польска-расійскіх канфліктаў. Вось, напрыклад, надпіс: “Невядомы салдат арміі бальшавіцкай. 23.VII.1920”. Наогул, для спецыялістаў гэтыя надпісы (а сумесна з карэспандэнтамі ў Мураву выехалі гісторыкі-прафесіяналы, работнікі музея-сядзібы “Пружанскі палацык”) — бясцэнная крыніца ведаў. Нумары часцей, даты, колькасць страт дазваляюць скласці больш поўнае ўяўленне аб падзеях стагадовай даўнасці ў нашай мясцовасці. Пакуль ведаем аб гэтым часе мы вельмі мала.

Дарэчы, аб немцах. На   ўсіх падобных мемарыяльных могілках гэтага перыяду  рабіўся надпіс: “Тут пахаваны  салдаты – ахвяры Першай сусветнай вайны”. Заўважце, без указання нацыянальнасці. Ваяры з абодвух бакоў вызначаліся менавіта як ахвяры імперскіх амбіцый дзяржаў, якія распачалі вайну. І не варта блытаць “першых” немцаў з “другімі”, салдат кайзераўскай і гітлераўскай армій.

Мемарыялы гэтыя ўладкоўваліся ў 1920-я гады, калі тэрыторыя Заходняй Беларусі ўваходзіла ў склад Польшчы. Верагодна, палякі рабілі іх на нямецкія грошы. Цяпер толькі на тэрыторыі Брэстчыны афіцыйна ўлічана каля трох дзясяткаў такіх мемарыялаў, і многія знаходзяцца ў добрым ці ва ўсялякім выпадку прыстойным стане. Што ж у нас? Грэйдэрам праехаць – і няма праблемы?

Гутарка не ідзе аб ушанаванні памяці, а аб паважлівым стаўленні, як і да любых іншых магіл. Тым больш, што воінскія пахаванні тэрмінаў даўнасці не маюць. Узнавіць мемарыял, зразумела, складана. На мой погляд (падкрэсліваю: не спецыяліста) разумней за ўсё было б акуратна пакласці гэтыя  50 уцалелых пліт каля рэшткаў старой каменнай агароджы могілак, а побач устанавіць крыж з адпаведным надпісам. І далейшыя работы па прывядзенні гэтай часткі могілак у парадак праводзіць  вельмі асцярожна і нават у прысутнасці спецыялістаў: магчыма, знойдуцца яшчэ пліты ці нават астанкі.

Ну, вось, скажаце вы,  пачала з абяцання   гістарычнага расследавання, а закончыла парадамі па карчаванні пянькоў. Што ж, выбачайце. Але, мне здаецца,  факт падобнага знаходжання малавядомага пахавання  100-гадовай даўнасці каштоўны сам па сабе. І варта нарэшце паставіцца да  яго з належнай увагай.

Ірына Сядова. Фота аўтара.

Один комментарий

  • Чытач

    Дзякуй аўтару за артыкул. Даволі годна напісана і без усялякіх там Сідарэнкаўскіх «рускіх светаў».

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *