Вторник, 1 декабря 2020

Памяти ружанских учителей, которые во время войны учили и защищали

2 022

Мэта — анямечванне

Гэтую жудасную вайну немцы назвалі  “татальнай”,  гэта значыць —  усеагульнай. Іншымі словамі кажучы, яны вялі вайну не толькі супраць арміі, але і супраць мірнага насельніцтва, супраць жанчын і дзяцей.

Яшчэ ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны наш знакаміты пісьменнік Кузьма Чорны пісаў у газеце “Савецкая Беларусь”: “Нямецкі фашызм пагражае нашым дзецям не толькі знішчэннем. Нямецкая гадзіна мае яшчэ намер залезці ў душу нашых дзяцей, апустошыць яе, пасеяць у ёй атруту абыякавасці да роднай зямлі. Гітлераўскія полчышчы будуць спрабаваць анямечыць нашых дзяцей, знішчаць і аддаваць на пагібель і забыццё роднае, беларускае”.25апр2015_0323

Гітлераўская “школьная палітыка” ў адносінах да славянскіх народаў знайшла адлюстраванне ў афіцыйных інструкцыях. “Калі мы будзем вучыць чытаць і пісаць, — казаў фюрэр, — то ў рэшце рэшт гэта абернецца супраць нас. Адукацыя дае больш развітым з іх магчымасць вывучаць гісторыю, авалодаць гістарычным вопытам, а адсюль развіваць палітычныя ідэі, якія не могуць не быць адчувальнымі для нашых інтарэсаў. Нельга, каб яны ведалі больш, чым веданне дарожных знакаў. Навучанне ў вобласці геаграфіі можа быць абмежавана адной адзінай фразай: “Сталіца рэйха – Берлін”. Матэматыка і ўсё іншае зусім не патрэбны”.

З мэтай анямечвання беларускіх дзяцей фашысты імкнуліся выкарыстаць мясцовых настаўнікаў. Таму ўжо ў кастрычніку 1941 года  ствараецца інспектарат беларускіх школ, які быў  пададзены як “асветна-школьны беларускі цэнтр”. Сталі стварацца  “органы народнай адукацыі” і на месцах. Кіраваць інспектаратам беларускіх школ быў прызначаны  прыбалтыйскі немец Е.Сівітц.  Гітлераўцы хацелі прыцягнуць да навучальна-выхаваўчай работы тых асоб, у надзейнасці якіх  яны былі поўнасцю ўпэўнены. Але такіх было не шмат.

 З рызыкай для жыцця

Многія настаўнікі не сталі прыслужнікамі фашыстаў. Да іх ліку з упэўненасцю можна аднесці Сцяпана Лявонцьевіча Махнюка – даваеннага інспектара Ружанскага  раённага аддзела адукацыі. 22апр2015_0045За сваю непакорнасць ён быў расстраляны ворагамі ў 1941 годзе.  Помнікам мірнаму настаўніку  стала хіба што вось толькі гэтая пажаўцелая ад часу невялічкая фотакартка, якая захавалася ў блізкіх людзей.

Па волі гітлераўцаў пайшлі з жыцця  настаўнікі яўрэйскай нацыянальнасці з Лыскава і Ружан – Моталь Шаламніцкі, Соф’я Бейзер, Іда Шварц, Роза Іосіфаўна, Эстэра Ісаакаўна…

Сапраўдныя педагогі-патрыёты  па закліку сэрца нярэдка імкнуліся  патаемна ад новай улады  працягваць вучыць дзяцей. Пра аднаго з такіх настаўнікаў хачу расказаць падрабязней.

Сцяпан Васільевіч Валчок у 1937 годзе закончыў  сямігодку ў Магілёўцах, а пасля заканчэння ў Пружанах настаўніцкіх курсаў у 1939 годзе ўзначаліў  Ліберпольскую школу. 22апр2015_0047Калі пачалася вайна, заняткі ў школе прыпыніліся, і настаўнік, перагаварыўшы з некаторымі бацькамі ў Магілёўцах, пачаў тайна вучыць дзяцей па хатах. Навучаў сямёра падлеткаў. Натуральна, што заняткі праходзілі не сістэматычна: трэба было кожны раз мяняць месца і захоўваць пэўную канспірацыю. У гэтым была вялікая рызыка.

Калі ў 1943 годзе гітлераўцы прыступілі да масавага вывазу насельніцтва на працу ў Германію, настаўнік трапіў на чужбіну. У 1945 годзе быў вызвалены з фашысцкага рабства, стаў радавым салдатам, а калі вярнуўся ў родныя Магілёўцы, зноў пачаў вучыць дзяцей у школе.

 Пад ляснымі шатамі

Ратуючыся ад жорсткіх новых парадкаў, мірнае насельніцтва паступова падавалася ў навакольныя лясы:  хто ў партызаны, хто – пад іх ахову. Іх паселішча ў Гута-Міхалінскім лесе называлі “сямейным лагерам”, які размясціўся на сухім востраве пасярод малапраходных балот. Сем’і знаходзіліся пад  аховай партызанскага атрада імя Кірава. Было шмат дзяцей. 22апр2015_0044Па ініцыятыве  старшыні Брэсцкага падпольнага антыфашысцкага камітэта Іосіфа Паўлавіча Урбановіча, ураджэнца в.Шэйпічы, і камандзіра  партызанскага атрада Аляксандра Іванавіча Самуйліка ў кастрычніку 1943 года было вырашана адкрыць “лясную школу”.22апр2015_0043 Усю арганізацыйную работу па яе стварэнні, набыцці школьных прыналежнасцей усклалі на камісара сямейнага атрада педагога Барыса Іванавіча Марчанку. Вялікую дапамогу яму аказалі настаўнікі Яўген Іосіфавіч Гардзей і Сямён Міхайлавіч Дурэйка.

Варта заўважыць, што змагаліся былыя настаўнікі супраць ворага і са зброяй у руках. Актыўны ўдзел у многіх баях прымаў, напрыклад, Іван Антонавіч Куніца.

Паводле ўспамінаў Я.І.Гардзея, аднойчы група партызан, сярод якіх быў і І.А.Куніца, напаролася на фашысцкую засаду. Схватка з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка была няроўнай. Партызаны пачалі адыходзіць да лесу. Варожая куля трапіла Куніцы ў нагу, і ён не змог рухацца далей, адстрэльваўся да апошняга патрона. Акупанты хацелі ўзяць яго жывым. Але адважны настаўнік, выкарыстаўшы гранату, падарваў сябе і пры гэтым знішчыў некалькі немцаў.

А жыццё працягвалася. У лясную школу залічылі ўсіх дзяцей школьнага ўзросту. На пачатак заняткаў  набралася 38 вучняў. Праз лясную школу прайшлі браты Іван і Косця Хмурцы, Васіль Гавейна, Іван Крук, Косця Брыш, Марыя Крук, Ніна Мініч, Валя Гардзей, Вольга Крук, Васіль Швед, Віця Саўчук, Ніна Крук, Ліза Крук, Васіль Руды, Косця Баран, сёстры Ніна і Галіна Казадоевы, Міша Гавейна, Марыя Гусак, Соф’я Гусак, Валя Ярмолік, Алёша Ярмолік, Міша Гусак і многія іншыя.

Ужо ў мірныя дні былыя  “лясныя” вучні  так успаміналі пра той час.

Васіль Гавейна:

“…Школа размяшчалася ў зямлянцы, пабудавана была нашымі бацькамі і старэйшымі братамі. Сцены зямлянкі былі з бярозы, падлога выкладзена з палавінчатых бярвенняў. Для асвятлення ў столю былі ўстаўлены аконныя шыбы. Сталы і лаўкі зрабілі з ацесаных жэрдак. Дошка была з фанеры, на якой пісалі вугалькамі з партызанскага кастра. Мы любілі грэцца каля кастра, глядзелі, як гарыць і патрэсквае галлё, і яркія іскры ляцяць, звіваючыся, уверх. Пасядзець каля кастра было адно задавальненне, чаго тут толькі нельга было пачуць…”

Канстанцін Хмурэц:

“У маіх успамінах заста-ліся заняткі  пад вялікім дубам у летні час, а калі было холадна – у зямлянцы. Аднойчы, калі мы прыйшлі ў сваю школу, у зямлянцы стаяла вада. Мы тады вельмі засмуціліся. Помню рукі нашай настаўніцы Ганны Рыгораўны, якая часта гладзіла нас па галаве і казала: “Пачакайце, дзеці, хутка вайна пойдзе на захад”. Так  і адбылося”.

У першыя дні заняткі праводзілі камісар атрада Б.І.Марчанка і настаўніца Марыя Палейка.25апр2015_0321 Безумоўна, у Барыса Іванавіча хапала іншых спраў, звязаных з баявымі дзеяннямі атрада, і яго замяніла Ганна Рыгораўна Рудая.

Камандзір атрада імя Кірава А.І.Самуйлік  у сваіх успамінах пісаў: “Настаўнікі ўсю цеплыню сваіх сэрцаў аддававалі дзецям. Яны ж адказвалі настаўнікам любоўю да іх. Частымі гасцямі ў школе былі байцы, якія вызначыліся ў схватках з ворагам. Дзеці нарыхтоўвалі сухое галлё, дапамагалі дарослым на атраднай кухні, адкуль цягнула апетытным пахам. Збіралі лекавыя расліны, якія выкарыстоўваліся партызанскімі медыкамі, нарыхтоўвалі венікі. Так школьнікі ўносілі свой пасільны ўклад у справу вызвалення беларускай зямлі. 1 верасня 1944 года “выпускнікі” лясной школы сталі працягваць вучобу ў нармальных умовах і вучыліся добра. Усім гэтым яны абавязаны Г.Рудай і М.Палейка”.

 Дзеці вайны

На ўсе гады свайго жыцця засталіся ўспа-міны пра суровыя партызанскія часы ў настаўніцы Ганны Рыгораўны Рудай. Хіба ж можна забыць пра такія выпрабаванні?

Ужо ў мірны час настаўніца расказвала: “Кіраўцы грамілі ворагаў, наносячы ім урон, але ніколі не забывалі пра сваё малодшае пакаленне, пра дзяцей, якім, як і ў мірны час, хацелася павесяліцца. Партызаны дапамагалі школе, прыносілі старыя падручнікі, алоўкі. Алоўкі дзялілі на кавалачкі, каб усім дасталося і ўсе маглі пісаць. Былі ў школе глобус і геаграфічная карта СССР. Нярэдка да зямлянкі даносілася рэха перастрэлкі. Гэта быў суровы, трывожны час, поўны смяротнай небяспекі. Калі з’яўлялася пагроза, даводзілася прыпыняць заняткі і хавацца  ў схованках-тайніках. Аднойчы прасядзелі ў такой схованцы трое сутак. Колькі было ў дзяцей страху!? Дзеці не плакалі. Напэўна, агульнае гора было большым за дзіцячыя слёзы ці слёзы вымерзлі ў марозную зіму…”

Дзеці вайны… Гэта асаблівая катэгорыя людзей з пакалечанымі лёсамі, нерэалізаванымі магчымасцямі. Толькі ў Брэсцкай вобласці, паводле архіўных дадзеных,  фашысты знішчылі 44953 непаўналетніх. Наўрад ці гэта поўны жалобны падлік. Асабліва  жорстка абыходзіліся з насельніцтвам яўрэйскай нацыянальнасці. У Ружанах былі знішчаны дзеці і настаўнікі яўрэйскай школы. У Лыскаве з прыходам немцаў таксама не стала яўрэйскай школы: усе дзеці разам з дарослымі загінулі ў газавых камерах Трэблінкі ці былі расстраляны.

З дакладной запіскі І.П.Урбановіча сакратару Брэсцкага  абкама КПБ С.І.Сікорскаму: “…Страшную, пакутлівую смерць учынілі азвярэлыя бандыты дзецям в.Байкі. На іх было нацкавана 15 сабак. Пакалечаных дзяцей спалілі жывымі. Па вуліцы, асветленай пажарышчам, сабакі цягнулі знявечаных імі дзяцей. У доме Васіля Іванавіча Гайдука немцы схапілі за ножкі нованароджанае дзіцятка і ўдарылі аб сценку,   парадзіху забілі ў пасцелі…”

***

У сучасным свеце, калі ў розных месцах  планеты працягваюцца войны, мінулыя злачынствы нацыстаў  сёння служаць суровым папярэджаннем аб пагрозе, а памяць заклікае да недапушчэння гэтых жахаў. А яшчэ гэтая публікацыя – даніна павагі высакароднасці настаўнікаў, якія, нягледзячы на неверагодныя выпрабаванні, здолелі захаваць у сабе дабрату і душэўнае цяпло, якое шчодра аддавалі  пахрышчаных вайной дзецям – нашай будучыні.

Вера Церахава, былы малалетні вязень фашызму.

На здымках: 1. Настаўнікі і вучні яўрэйскай школы ў Ружанах 1940 год. 2.Сцяпан Лявонцьевіч  Махнюк. 3. Сцяпан Васільевіч Валчок. 4. Іосіф Паўлавіч Урбановіч. 5. Аляксандр Іванавіч Самуйлік. 6.Ганна Рыгораўна Рудая. 

2 комментариев

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *