Среда, 2 декабря 2020

Родина, работа, дом. Три причины, по которым Сергей Капица и его семья предпочитают жить в деревне

1 798

Радзіма, работа, дом

Вось тры кіты, на якіх грунтуецца выбар Сяргея Іванавіча Капіцы, калі ён тлумачыць, чаму жадае жыць у вёсцы.

— Лічу, што нездарма нашы продкі прыдумалі прымаўку «Згадзіўся там, дзе нарадзіўся»,— расказвае аграном з ААТ «Жураўлінае».— Навошта шукаць сваё месца там, дзе цябе ніхто не ведае ды і сам ні з кім не знаёмы? Лепш, чым у «родных сценах», нідзе не будзе.

Таму пасля заканчэння школы Сяргей вырашыў атрымліваць адукацыю, звязаную з сельскай гаспадаркай, каб пайсці працаваць у родны саўгас «Савецкі». Хаця які малады чалавек і зараз, і дзесяць гадоў таму не марыў жыць у горадзе, пажадана, пабольш памерамі? Падчас вучобы ў Пружанскім аграрна-тэхнічным каледжы, а потым у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі Капіца таксама пабачыў «гарадскія» ўмовы жыцця і вырашыў, што ў вёсцы ўсё-такі лепш.20мар2015_6997

— Кажуць, што ў вёсцы няма, дзе бавіць вольны час так, як у горадзе. Насамрэч, усё наадварот. Напрыклад, пасля работы чым я магу займацца ў Пружанах: гля-дзець увечары тэлевізар або пайсці ў які-небудзь бар? Можна яшчэ сабрацца з вудай на рыбалку або ў лес па грыбы. Аднак у нашых Клепачах я магу проста прагуляцца па вясковых вуліцах і падыхаць свежым паветрам разам з сям’ёй. А лес і возера да мяне бліжэй, чым для гарадскіх.

Ці толькі гэта трымае ў сельскай мясцовасці? Зразумела, што для дзятвы такі прастор добра, а даросламу патрэбна яшчэ і ствараць уласны дабрабыт. Таму на другое месца Сяргей Капіца ставіць работу. Пасля вучобы ён атрымаў працу ў акцыянерным таварыстве са стабільным заробкам. Зараз аграном атрымлівае пяць мільёнаў рублёў, што і для многіх гарадскіх арганізацый — добры паказчык. Па-другое, спецыяліст упэўнены, што яго праца будзе запатрабавана заўсёды, таму не задумваецца аб магчымых скарачэннях або няпоўнай занятасці: у сельскай гаспадарцы такія тэрміны ўвогуле не ў хаду.

Шчыра кажучы, у Сяргея былі прапановы перабірацца ў горад на іншую работу і забыцца пра вясковае жыццё. Але Капіца заўсёды адмаўляў: не ляжыць душа мяняць тое, што маеш, на тое, аб чым не ведаеш.

Ці цяжка працаваць у аграпрамысловым комплексе?

— Так, у гарачы сезон забываешся пра нарміраваны працоўны дзень, бо зарплату мы атрымліваем не за адпрацоўку «з 8 да 17», а за дасягнутыя вынікі,— гаворыць аграном гаспадаркі.— Аднак працаваць трэба ўсюды — ці ты ў полі, ці ты ля станка. А вось умовы могуць адрознівацца. Напрыклад, у нас ёсць службовы транспарт, дзякуючы чаму паспяваем усюды і аб’ёмныя задачы выконваюцца значна лягчэй.

І яшчэ галоўным якарам Сяргей Іванавіч называе дом, у якім гаспадарыць яго жонка Міраслава. Адразу пасля вяселля гаспадарка выдзеліла маладым новае жыллё, якое яны добраўпарадкавалі па сваім гусце. Тут нарадзіўся сын Елісей, для якога Клепачы таксама малая радзіма, што, магчыма, у будучым і для яго стане падставай для выбару жыццёвай дарогі.

— Раней у размовах з сябрамі чуў такую думку, што дом у вёсцы — гэта каровы, свінні, вялікі агарод і праца, праца, праца ад світання і да глыбокай ночы. Потым, калі пачалі прыязджаць да нас у госці, то выказвалі зайздрасць і жаданне таксама пасяліцца ў аграгарадку.

Сапраўды, свой дом Капіцы зрабілі узорным, ёсць тут і ўсе неабходныя зручнасці, і ўмовы для жыцця. А тое, што ён знаходзіцца ў вёсцы, не лічаць нейкім мінусам: у сям’і ёсць свой аўтамабіль, на якім яны могуць за кароткі час прыехаць у Пружаны на святочныя мерапрыемствы або проста схадзіць у кіно ці кафэ. У пацвярджэнне гэтаму яны дэманструюць свае фотаздымкі з розных куткоў Беларусі, якую праехалі практычна ўздоўж і ўпоперак. А таксама пабывалі ў Балгарыі, Егіпце, Расіі.

— Працяглы час лічылася, што вяскоўцы недацягваюць па ўзроўні жыцця да гараджан. Я на ўласным прыкладзе бачу, што гэта зусім не адпавядае рэчаіснасці. І ў чарговы раз радуюся, што некалі зрабіў такі выбар. Калі б давялося зноў рашаць, то абавязкова пайшоў бы па гэтым шляху,— зазначае Сяргей Капіца.

На здымку: Сергей, Міраслава і Елісей Капіцы.

Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *