Вторник, 23 января 2018

Ветеран Василий Габец: «Я родился в рубашке»

1 289

Адным з нешматлікіх ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія сёння жывуць на Пружаншчыне, з’яўляецца жыхар пасёлка Шарашова Васіль Яфімавіч Габец.

Як і многіх яго равеснікаў, Васіля Габеца мабілізавалі ў рады Чырвонай Арміі летам 1944-га, пасля вызвалення Беларусі. Салдат апынуўся ў Волагдзе, дзе праходзіў кароткі курс абучэння вайсковай справе. А літаральна ў кастрычніку 1944 года ўжо быў на фронце, удзельнічаў у вызваленчых баях на тэрыторыі Польшчы.12мар2015_6015

— Баявое хрышчэнне я атрымаў 24 кастрычніка, — успамінае інвалід Вялікай Айчыннай вайны. — Перад нашым стралковым палком паставілі задачу наступаць на групу нямецкіх салдат, якія дыслацыраваліся ў лясным масіве. Было нялёгка: праціўнік даваў моцны агнявы адпор і столькі аднапалчан палягло! Але заняць пазіцыю ўдалося.

Нават праз сем дзясяткаў гадоў Васіль Яфімавіч памятае тыя нягоды і выпрабаванні, што выпалі на яго лёс. Сёння прызнаецца, што тады больш за ўсё ён марыў як след… адаспацца.

— Зямлянкі, якія нам адводзіліся для кароткачасовага адпачынку, не ўмяшчалі ўсю колькасць салдат. Ляжаць можна было толькі на баку, бо не хапала месца. А калі выйдзеш на двор, вярнуўшыся назад, на сваё «спальнае месца» ўжо не ўціснешся.

Паводле ўспамінаў франтавіка, страшныя баі чакалі яго наперадзе. 13 студзеня 1945 года пачалася Усходне-Пруская стратэгічная аперацыя. Васіль Яфімавіч расказвае пра падзеі, сведкам і ўдзельнікам якіх стаў:

— Яшчэ раніцай пачалася моцная артпадрыхтоўка. Гукі ўсіх відаў артылерыі сышліся ў адзін магутны, страшны, бесперапынны гул. Да самага завяршэння аперацыі салдат нашага стралковага палка пастаянна перакідвалі з флангу на фланг, загадваючы ісці ў наступленне — прарываць нямецкую абарону, адбіваючы атакі праціўніка. Колькі побач хлопцаў падала — на вайне ж смерць секундная.

Неаднойчы даводзілася глядзець смерці ў твар і самаму В.Я.Габецу. У яго франтавой біяграфіі нямала выпадкаў, пасля якіх пра людзей кажуць, што яны нарадзіліся ў кашулі. Так, аднойчы з баявога задання з пяці салдат вярнуліся толькі ён і яго таварыш. А падчас заняцця агнявых пазіцый пасля фарсіравання Віслы Васіль Габец трапіў пад моцны перакрыжаваны агонь ворага, з якога выйшаў з адмецінай на касцы ад кулі. Такімі былі франтавыя будні В.Я.Габеца прыкладна месяц — да 17 лютага ён адчайна біў ворага, пакуль яго самаго не знайшоў асколак  варожага снарада. З раненнем ён трапіў у шпіталь у польскім гора-дзе Торуні.

— Не паверыце, колькі ішоў па фронце, ніколі не было пачуцця страху. А калі трапіў у шпіталь, як толькі падумаю, што ізноў трэба будзе вяртацца ў тое пекла, такі жах разбіраў, — прызнаецца Васіль Яфімавіч.

Дамоў франтавік вярнуўся ў 1946 годзе. І адразу ж запрыкмеціў сабе спадарожніцу, жыццё якой у ваенны перыяд было не менш складаным. Вёску Клятное, дзе да вайны жыла сям’я Марыі Мікалаеўны, спалілі, а многіх яе жыхароў адправілі на прымусовыя работы на чужыну. У іх ліку аказалася і маладая дзяўчына, на долю якой выпалі цяжкая праца і голад.

У Шарашове, куды сям’я пераехала больш за паўстагоддзя таму, гэтых людзей ведаюць як шчырых працаўнікоў. Амаль увесь працоўны стаж Васіль Яфімавіч атрымаў, шчыруючы на тагачасным Шарашоўскім хімлясгасе. Загартаваныя жыццёвымі выпрабаваннямі Габецы, дзякуй Богу, сустрэлі ўжо нямала вёснаў, выгадавалі двух дзяцей і адзначылі 67-годдзе (!) сумеснага жыцця.

На здымку:   Васіль Яфімавіч і Марыя Мікалаеўна Габецы.

Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *