Четверг, 24 мая 2018

Лучший вратарь младшей возрастной группы «Золотой шайбы» Егор Черник рассказал, как найти друзей

1 169

Паважаная «Газетка-дзетка», дапамажыце, калі ласка, знайсці сяброў. Зараз канікулы, і мае аднакласнікі раз’ехаліся, хто да бабуль-дзядуль, а хто на экскурсіі на некалькі дзён. У двары стала пуста і няма з кім пагуляць.

Максім, г.Пружаны.

Такую просьбу аб дапамозе мы не змаглі праігнараваць і вырашылі дапамагчы Максіму. Не, сяброў для яго мы шукаць не будзем, бо нельга некаму загадаць сябраваць з тым ці іншым. У такой справе кожны павінен сам рабіць першы крок. А вось параіць, як і дзе гэта рабіць, мы зможам. Таму спецыяльна для тых, хто шукае сабе сяброў, мы адкрываем новую рубрыку «У пошуку сябра», у якой будзем расказваць пра дзяцей, якім гэта зрабіць удалося. Наш першы герой — Ягор Чэрнік з Мокраўскай школы.

І вось яго гісторыя.

Зараз Ягору не хапае  пальцаў дзвюх рук, каб пералічыць сваіх сяброў. Відавочна, што першымі ў спісе ідуць яго партнёры па камандзе «Мухавец», за якую ён выступаў падчас нядаўняга чэмпіянату «Залатая шайба», але ёсць і хлопцы з іншых гарадоў.

А пачыналася ўсё з першага класа, калі ў Мокраўскай школе сярод хлопцаў вельмі папулярным стаў хакей. Ягор параіўся з бацькамі, ці варта яму паспрабаваць наведваць Лядовы палац у Пружанах. Тата Генадзь Уладзіміравіч і мама Алена Сяргееўна адобрылі такое жаданне.19мар2015_6574

— Першую трэніроўку я правёў каля борціка, бо ўвогуле не ўмеў стаяць на каньках,— успамінае Ягор той дзень, калі пачаў свой шлях у спорт.— Спачатку нічога не атрымлівалася, увесь час падаў. Сінякі не сыходзілі цэлы месяц, але пасля гэтага тэрміну я стаў упэўнена рухацца па ўсёй пляцоўцы. Галоўнае, не здацца і не адмовіцца пасля першай няўдачы.

Ягор, як толькі асвоіў   тэхніку катання, трапіў у каманду «Мухавец». Спачатку яго паставілі нападаючым, аднак аказалася, што тут патрэбна ўмець хутка рухацца, што для навічка яшчэ складана. Хлопчыка ўключылі ў абаронцы, толькі зноў ненадоўга, бо не хапала Ягорку масы цела, каб трывала прыціскаць праціўніка да борта.

Знайшоў сябе хлопчык як варатар. Вароты — гэта адно з самых небяспечных месцаў на хакейнай пляцоўцы. Калі на цябе на вялікай хуткасці нясецца ігрок каманды праціўніка ў поўнай экіпіроўцы, з клюшкай, ды яшчэ шайба  ляціць, — параўнаць гэта можна толькі з набліжэннем рыцара ў баявых латах, які, нібыта таран, можа проста знесці з месца.

— Потым зразумеў, што на лёд выходзяць тыя, хто стаіць на каньках упэўнена, ведае правілы і не імкнецца спецыяльна іх парушаць, — кажа Ягор.

На варотах Ягору Чэрніку спатрэбілася яго прыродная рэакцыя і ўменне пралічваць магчымыя накірункі атакі.

Дарэчы, хакей не перашкаджае, а дапамагае хлопцу добра вучыцца. Сярод сваіх любімых прадметаў ён называе працоўнае навучанне і фізіку. І марыць аб вялікім спорце. Для чаго ў яго ёсць усе шанцы. Напрыклад, зусім нядаўна падчас гульняў у Горках, дзе Ягор Чэрнік абараняў вароты каманды «Мухавец», ён быў прызнаны лепшым варатаром рэспублікі!

Толькі мы абяцалі расказаць пра пошук сяброў.

— У камандзе ўсё выбудоўваецца на аснове сяброўства, бо ніякія перашкоды не павінны ўзнікаць на лёдзе. Нават калі пакрыўдзяць аднаго, то ўся каманда можа заступіцца. І такія выпадкі бывалі,— расказвае Ягор Чэрнік пра тое, як шмат у яго стала сяброў.

І яны жывуць не толькі ў Пружанах, хлопчык пазнаёміўся з многімі ў Маладзечне на міжнародных спаборніцтвах, у Гродне, калі абаранялі гонар Пружанскага раёна, у Горках… З усімі падтрымлівае кантакты, дзеліцца навінамі. Зараз ён не думае аб тым, дзе адшукаць сябра для гульняў.

Але быў час, калі Ягор хацеў кінуць хакей, толькі бацькі адгаварылі адмаўляцца ад  дасягнутага, і сябры прасілі застацца. Аказалася, Ягор Чэрнік знайшоў не толькі сябе, але і шмат аднадумцаў, якія падтрымліваюць і на лёдзе, і ў паўсядзённым жыцці.

Магчыма, і ты, Максім, можаш зрабіць свой першы крок да новых сяброў. Толькі не здавайся ў самым пачатку шляху.

Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *