Среда, 19 сентября 2018

Бессмертный полк. Иван Вакульский

1 012

Захаваць памяць пра тых, хто не па чутках ведаў пра Вялікую Айчынную вайну і, як мог, набліжаў доўгачаканую Перамогу, у апошнія гады становіцца асабліва важна. Час бяжыць няўмольна хутка, і ўсё больш слаўных удзельнікаў баявых дзеянняў, храбрых партызанаў і падпольшчыкаў, нястомных працаўнікоў тылу, замучаных вязняў глядзяць на сваіх нашчадкаў ужо толькі з пажаўцелых фотаздымкаў, якія беражліва захоўваюцца ў сямейных фотаальбомах. Што зробіш: такі ён — закон жыцця! На сённяшні дзень на Пружаншчыне налічваецца ўсяго дзевяць дзясяткаў чалавек, якія носяць ганаровае званне ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і маюць магчымасць прымаць ад сучаснага пакалення даніну павагі. Але давайце сёлета, у юбілейны год Вялікай Перамогі, згадаем і пра тых, хто не дажыў да сямідзясятага пераможнага мая. Памяць пра такіх людзей жыве амаль у кожнай беларускай  сям’і. Прапануем аб’яднаць яе ў адно  цэлае і стварыць «Бессмяротны полк» — летапіс-хроніку лёсаў нашых землякоў — герояў і пакутнікаў вайны.  Неад’емнай часткай яе стануць фотаздымкі і гісторыі пра вашых родных і блізкіх. Іх можна даслаць у рэдакцыю (г.Пружаны, вул.Чырвонаармейская, 78) ці расказаць карэспандэнту (тэл.9-12-36). Чакаем вашых сямейных гісторый! Вакульскі Іван Мітрафанавіч (1909-2007 гг.), вёска Стаі27фев2015_5547 Мой тата быў негаваркім, маўклівым чалавекам. Таму нам, яго дзецям, дасталіся сціплыя ўспаміны — даваенныя і ваенныя, але і іх аказалася дастаткова, каб мець уяўленне, наколькі складаны лёс выпаў на яго долю. Бацьку давялося перажыць дзве вялікія вайны. У першую, якая пачалася ў 1914 годзе, ён быў зусім дзіцём, іх сям’я падалася ў бежанства і апынулася ў тагачаснай Магілёўскай губерні. Тата ведаў малітвы і некалькі гадоў прыслужваў у царкве. У Вялікую Айчынную бацьку давялося пазнаёміцца з вайной больш блізка. У той дзень, калі немцы ўварваліся на беларускую зямлю, на аэрадроме ў Купліно вяліся нейкія будаўнічыя работы. Тата пасля расказваў, што пачалася страшэнная бамбёжка, і тыя, хто там шчыраваў, кінуліся ўцякаць па сваіх дамах. У Стаях, дзе жылі бацькі, у гады нямецкай акупацыі было больш-менш спакойна: бліжэйшы нямецкі штаб размяшчаўся ў Рудніках, у самой жа вёсцы гітлераўцы паказваліся нячаста. Жыхарам суседніх вёсак пашанцавала менш. Напрыклад, сястру маёй маці, якая жыла ў Казлах, пасадзілі ў Пружанскую турму, а затым расстралялі ў Слабадскім лесе, і ў нашай сям‘і жыў яе малалетні сын — мой дваюрадны брат Аляксандр Мязга, які потым шмат гадоў працаваў фотакарэспандэнтам «раёнкі».27фев2015_5543 Бацьку мабілізавалі ў 1944 годзе, калі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была вызвалена Пружаншчына (мне тады было крыху больш за паўгода). Спачатку яго, радавога, адправілі ў Дзмітраў пад Масквой праходзіць курс маладога байца. Навучанне было кароткім, яму прысвоілі нумар у мінамётным разліку і накіравалі на фронт. Запомніўся яго расказ, як салдаты са спыніўшагася каля поля эшалона кінуліся па мёрзлую бручку — так хацелася есці. Тата ўдзельнічаў у Вісла-Одэрскай аперацыі, дайшоў да Берліна, вярнуўся дамоў з баявымі ўзнагародамі і медалямі. Пра баявыя дзеянні ён ніколі не заводзіў гутарак, а мы, як кажуць, не лезлі ў душу. Аднойчы выпадкова мне расказаў бацькавы зямляк, з якім ён служыў у адным палку: «Ну, і бясстрашны Іван Мітрафанавіч: з боку ворага ляцяць міны, снарады выбухаюць адзін за адным, яму крычаць «Вакульскі, кладзіся!», а ён нават не зварухнецца!» Калі тата ішоў на фронт, маці павесіла яму на шыю крыжык і блаславіла: хто ведае, ці ён проста нарадзіўся ў сарочцы, ці яго Бог ахоўваў? Пазней ужо, пасля смерці таты, на сайце «Подзвіг народа» мая дачка знайшла сціплую вытрымку з архіўнага дакумента аб узнагароджанні медалём «За баявыя заслугі»: «…за тое, што пры фарсіраванні ракі Вісла разам са сваім разлікам першым пераправіўся праз раку і, нягледзячы на моцны абстрэл праціўніка, рыхтаваў боепрыпасы да стральбы і будучы параненым працягваў працаваць каля мінамёта». І толькі франтавіку вядомы пачуцці, якія хаваюцца за гэтымі сухімі радкамі. Іван Мітрафанавіч пражыў доўгае — 98 гадоў — і ва ўсіх адносінах дастойнае жыццё: выхаваў чацвёра дзяцей, быў прыкладам шчырага працаўніка і ўзорнага сем’яніна. Уладзімір Вакульскі, г.Пружаны. На здымках: Іван Мітрафанавіч і Ганна Апанасаўна  Вакульскія, іх дзеці Люба і Аркадзь і пляменнік Саша Мязга (стаіць) —фота 1943 года;  Іван і Ганна — 1960-я гады. Фота з сямейнага архіву.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *