Суббота, 10 апреля 2021

Спасибо женщинам за хлеб!

1 351

Магчыма, выпечка хлеба некалі была чыста мужчынскім заняткам. Не задумваліся, чаму словы «пекар», «хлебапёк» мужчынскага роду? А вось на Пружанскім хлебазаводзе хлеб вырабляецца выключна жаночымі рукамі. Як удакладніла начальнік участка хлебапякарнай вытворчасці Н.А.Жыдзецкая, тут працуюць 70 жанчын. — Прычын, чаму так атрымалася, вельмі многа,— разважае Ніна Адамаўна.04мар2015_5717

— Я думаю, звязана гэта з тым, што хлеб, нават у тых маштабах, што выпускае завод, патрабуе часцінку душы.

А яшчэ вялікі адбітак накладаюць і ўмовы работы. Нягледзячы на значную механізацыю працэсу, многае залежыць і ад саміх работнікаў. Уявіце сабе, што ўсю змену — восем гадзін — трэба прастаяць на нагах. Прычым не толькі ўдзень, але і ўначы. І вымешваць-выпякаць-раздзелваць-загружаць неабходна не адзін-два боханы, а тысячы.

— Зацішша ў нас бывае вельмі рэдка. І гэта норма, бо хлебныя паліцы ў магазінах не могуць пуставаць.

А колькі даводзіцца папрацаваць булачніцам, праз рукі якіх праходзіць тысячы вырабаў за змену! Пры гэтым булачкі павінны быць аднолькавыя і сіметрычныя.04мар2015_5721

Канешне, на заводзе нямала працы, якую выконваюць мужчыны. Але да хлеба падыходзяць толькі жанчыны.

Ніна Адамаўна сцвярджае, што ў справе хлебапячэння многае залежыць ад рыс характару: каля яго нельга нервавацца, выказваць крыўды і ленавацца. А яшчэ — ад вопыту. Сапраўднымі ветэранкамі завода можна назваць Людмілу Лявонцьеўну Качан і Таццяну Фёдараўну Зяваліч, якія за гады работы вырабілі сотні тон булачак, плюшак і вітушак. Багатым вопытам валодаюць пекары Алена Міхайлаўна Несцярук і Людміла Васільеўна Гушча. Цэняць тут Ніну Мікалаеўну Нічыпаровіч, якая адпрацавала на гэтым месцы значную частку свайго жыцця. Хаця жанчына і дасягнула пенсійнага ўзросту, але на заслужаны адпачынак ісці не спяшаецца. І гэтае рашэнне калектыў сустрэў з задавальненнем, бо ад яе работы ў многім залежыць агульны поспех.

Сярод першых Н.А.Жыдзецкая называе і В.У.Касцюкевіч, якая працуе на вытворчасці тэхнікам-тэхнолагам: гэта жанчына з неверагоднай фантазіяй. Усе караваі, якія завод прадстаўляў на конкурсы і для дэлегацый раёна, зроблены яе рукамі. А колькі навінак яна распрацавала! Уявіце сабе, што, зыходзячы з попыту спажыўцоў, у асартымент хлебазавода пастаянна ўносяцца змяненні,  ён папаўняецца пракладна раз у два месяцы. Некаторыя вырабы падрыхтаваны з улікам заўваг пакупнікоў, якія звяртаюцца да кіраўніцтва завода са сваімі просьбамі. Слушныя парады заўсёды прымаюцца да ўвагі. І сёння пружанскія хлебапёкі могуць выпускаць звыш 120 найменняў вырабаў! Дарэчы, многія рэцэптуры распрацаваны на месцы.04мар2015_5734

— Назвы таксама прыдумваем «мясцовыя». Хлеб «Хвалаўскі», «Ружанскі», «Ліноўскі» і іншыя карыстаюцца вялікім попытам. Падобныя вырабы не толькі займаюць дастойнае месца ў штодзённым рацыёне: іх бяруць з сабой, едучы ў госці, як часцінку сваёй малой радзімы,— зазначае начальнік участка.

За апошнія гады на заводзе прайшло істотнае пераўзбраенне: з’явілася новае абсталяванне, якое працуе па асобных камп’ютарных праграмах. Але былыя рытуалы тут таксама захоўваюцца. Напрыклад, нашы бабулі памятаюць, як у даўніну выпякаўся вясельны каравай: чужым у хаце не было месца. Так і на заводзе староннім уваход забаронены. Ёсць  у  жанчын-хлебапёкаў і свае сакрэты.

Калі меркаваць па тым, што і цяпер на завод прыходзяць маладыя дзяўчаты, у будучым прафесія хлебапёка ў Пружанах застанецца жаночай. Яно да лепшага: значыць, пружанцы і надалей будуць купляць смачны хлеб, выраблены жаночымі рукамі.

На здымках: чарговую партыю прадукцыі рыхтуюць (злева направа) С.Я.Багдановіч,                 А.Х.Крук, брыгадзір С.У. Аўсюк, Л.П.Прытульчык і Л.С.Талай; а гэты хлеб, што загружае пекар Л.В.Гушча, прыйдзе на сталы пружанцаў ранкам наступнага дня, Н.А. Жыдзецкая.

Алег СІДАРЭНКА,       Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *