Четверг, 24 мая 2018

Ученик СШ №5 Влад Попко исследовал качество воды в Мухавце и получил диплом областной конференции

1 476

У той час, як нехта скардзіцца, што ў школьнікаў, акрамя камп’ютарных гульняў, няма іншых інтарэсаў, настаўнікі СШ №5 Юрый Уладзіміравіч і Алена Міхайлаўна Ляўчукі спрабуюць (і, забягаючы наперад, адзначу, небеспаспяхова) запаліць у сваіх вучнях цікавасць не толькі да геаграфіі, але і да вучобы ўвогуле.

Ужо шмат год запар  іх вучні займаюць высокія месцы на рэспубліканскіх алімпіядах і нават датэрмінова становяцца студэнтамі. Пра асаблівасці сваёй методыкі настаўнікі неаднаразова распавядалі ў тым ліку і на старонках “Раённых будняў”. Калі Юрый Уладзіміравіч рыхтуе вучняў менавіта да алімпіяд, Алена Міхайлаўна займаецца з імі навуковымі даследаваннямі.image003

Тройчы навукова-даследчыя работы юных географаў СШ №5 адзначаліся дыпломамі на абласной канферэцыі. У 2013 годзе вызначылася работа Дар’і Ціхановіч, якая апісала праблему выміраючых вёсак Пружаншчыны, праз год высока адзначана была работа Георгія Казлоўскага, які даследаваў і абгрунтаваў эканамічнае значэнне аб’язной дарогі ўздоўж Белавежскай пушчы.

Сёлета дыплом ІІІ ступені атрымаў Уладзіслаў Папко. Улад, як і яго старэйшыя таварышы, таксама абраў тэму блізкую і важную для нашага раёна, — «Аналіз змянення складу вады ў рацэ Мухавец ад вытока да вусця».

— У сваіх даследаваннях я хацеў зразумець і паспрабаваць даказаць, што рака адыграла вялікую ролю ў засяленні Пружанскага раёна. Вада давала ежу, служыла абаронай ад ворагаў, была асноўнай транспартнай магістраллю. У цяперашні час функцыі ракі змяніліся. Штогод у вадаём трапляе велізарная колькасць забруджвальнікаў. Забруджванне навакольнага асяроддзя ставіць пад пагрозу жыццё і здароўе людзей, існаванне расліннага і жывёльнага свету. Праблема забруджвання вады, як вынік пагаршэння экалагічнай сітуацыі, актуальная і для нашай ракі, — піша ў сваёй рабоце Улад.

Зараз Уладзіслаў вучыцца ў 9 класе, але пачаў свае доследы намнога раней, калі яму было толькі 12 гадоў. Некалькі разоў кожны год  — зімой, вясной, летам і восенню — Улад браў пробы вады на розных участках (у Пружанах, Кобрыне, Брэсце). Частку аналізаў рабіў самастойна, іншыя рабіліся ў Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

У сваёй рабоце Уладзіслаў прыйшоў да наступных вынікаў:

«Дадзеныя аналізаў узятых пробаў паказваюць, што якасць вады ў рацэ змяняецца (пагаршаецца) ад вытоку да вусця. 13фев2015_4531

З узятых летніх пробаў лабараторыя хіманалізу ДУ «Пружанскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» выявіла ў вадзе аміяк. Павелічэнне колькасці аміяку ў вадзе, ад вытоку да сярэдняй плыні і памяншэнне зноў да вусця:  у г. Пружаны 0,21 мг/дм3, у г. Кобрын — 1,43 мг/дм3, у г. Брэст —  0,69 мг/дм3. Я лічу, што гэта звязана перш за ўсё з больш інтэнсіўным забруджваннем вады сцёкамі грунтовых вод з палёў на тэрыторыі Пружанскага, Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў пасля ўнясення на палі мінеральных і арга-нічных угнаенняў. Некаторыя гаспадаркі назапашваюць паблізу жывёлагадоўчых ферм велізарную колькасць гною, што з’яўляецца небяспечным фактарам забруджвання глебы і вады. У іх назапашваецца вялікая колькасць шкодных мікраарганізмаў, сярод якіх могуць быць ўзбуджальнікі небяспечных захворванняў — слупняку, бруцэлёзу, сібірскай язвы, сухотаў і інш. Незасваяльныя і нерастваральныя радыкалы аміяку вымываюцца ў грунтовыя воды і з імі трапляюць у воды ракі Мухавец, атручваючы іх.

Па выніках работы я зрабіў высновы: узровень забруджанасці сярэдні, таму ў вадзе можна купацца, ваду можна выкарыстоўваць у бытавых і гаспадарчых патрэбах, гэта значыць, для паліву садоў і агародаў. Наяўнасць жывёльных арганізмаў у вадзе кажа пра тое, што натуральнае сама-ачышчэнне ракі знаходзіцца на сярэднім узроўні.

Я таксама даведаўся, што ўздоўж ракі Мухавец ўсталявана прыбярэжная паласа шырынёй 20 метраў ад зрэзу вады. У межах паласы забараняецца: узворванне зямель, прымяненне хімікатаў, выпас жывёлы, выкідванне смецця, адходаў вытворчасці, стаянка і мыйка аўтамашын, устаноўка палатак».

Зрабіўшы вялікі аб’ём працы і ўбачыўшы вынік, школьнік звяртаецца да грамадскасці:

— неабходна забараніць мыццё машын каля вадаёмаў;

— абмежаваць выкарыстанне ядахімікатаў і ўгнаенняў;

— у мэтах дасягнення чысціні вады і аптымальнай глыбіні ракі Мухавец неабходна штогод праводзіць днопаглыбляльныя работы, чысціць раку ад бытавога смецця, а таксама не ладзіць несанкцыянаваных сметнікаў на беразе ракі.

— шырока інфармаваць мясцовае насельніцтва аб існуючых праблемах забруджвання ракі і магчымых шляхах іх вырашэння.

Настаўнікі, не адмаўляючы складанасці падрыхтоўкі даследчыцкіх работы, у адзін голас зазначаюць, што справа пой-дзе толькі ў тым выпадку, калі гэта цікава вучню. Ні ў якім разе нельга нагружаць нават самых здольных, калі такая праца ім у цяжар.  Навуковая работа прывучае школьніка да самаадукацыі, ён вучыцца выбіраць галоўнае.

Улад і яго настаўнікі мяркуюць працягнуць даследаванне Мухаўца і на наступны год зрабіць яшчэ больш падрабязны аналіз.

Зразумела, што навуковая работа — не адзіны занятак Уладзіслава. Ён добра паспявае ў школе, удзельнічае ў гульні “Што? Дзе? Калі?”, наведвае «Школу юнага географа”. Пры ўсім гэтым ён сцвярджае, што працаваць над доследам яму было ў радасць, а значыць, настаўнікі дасягнулі сваёй галоўнай мэты – зацікавілі вучня і навучылі яго разважаць.

На здымках: Улад за работай; з настаўніцай Аленай Міхайлаўнай Ляўчук.

Кацярына Пашкевіч.

Фота з асабістага архіву Улада Папко і Сяргея  Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *