Воскресенье, 5 апреля 2020

Пружаны эпохи Михаила Чернявского. Бывшему главному архитектору района — 70

1 363

Міхаіл Васільевіч Чарняўскі аддаў Пружанам 40 гадоў свайго жыцця. За гэты перыяд, у тым ліку дзякуючы і яго намаганням, райцэнтр не толькі разросся, ён значна змяніў сваё аблічча. Таму можна смела сцвярджаць, што гэты перыяд стаў для нашага горада новай вехай у яго гістарычным жыцці.18фев2015_4564

Як успамінае Міхаіл Васільевіч, займацца гарадской архітэктурай ніколі нават не марыў. Нарадзіўся ён незадоўга да Вялікай Перамогі — 22 лютага 1945 года — у сялянскай сям’і, і сваё жыццё меркаваў звязаць з зямлёй. Паступіў на інжынерна-землеўпарадкавальны факультэт Беларускай сельгасакадэміі і планаваў доўга і плённа працаваць на ніве сельскай гаспадаркі. Але вучыцца давялося якраз у той час, калі было вырашана праводзіць маштабную палітыку па збліжэнні ўмоў пражывання сельскіх і гарадскіх жыхароў. Таму паралельна з ведамі па навядзенні парадку на зямлі Міхаіл Васільевіч падчас вучобы атрымаў спецыялізацыю, звязаную з планіроўкай вясковых населеных пунктаў. Гэта і стала вырашальным пры размеркаванні маладога спецыяліста, які ў 1967 годзе трапіў у Пружаны. Адразу яму даверылі пасаду галоўнага архітэктара.

— У той час, як памятаюць пружанскія старажылы, межы горада праходзілі на поўначы па Чырвонаармейскай, на захадзе па вуліцы Горка, на поўдні і ўсходзе заканчваліся камбінатам будаўнічых матэрыялаў і вуліцай Камуністычнай (цяперашняй Р.Шырмы),— успамінае былы галоўны архітэктар.— Шматпавярховак стаяла каля дзясятка: некалькі дамоў па Камуністычнай і Урбановіча ды пачыналася будаўніцтва «афіцэрскіх» дамоў на Кастрычніцкай. Пераважную большасць гарадской плошчы займаў прыватны сектар.

Асабліва запомнілася М.В.Чарняўскаму, як ён пераконваў кіраўніцтва раёна ў неабходнасці ўзвядзення ў райцэнтры дамоў на дзевяць паверхаў: на яго думку, у такіх дамах жыць намнога зручней, чым у пяціпавярхоўках, бо жыльцы маюць магчымасць карыстацца ліфтамі. Ён адстаяў сваё меркаванне, і ў Пружанах з’явіліся дзевяціпавярхоўкі.

Аднак не толькі горадам займаўся галоўны архітэктар: у «эпоху Чарняўскага» ў раёне былі пабудаваны дзясяткі школ, дзіцячых садкоў, Дамоў культуры, аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, жылых дамоў. Асноўнай задачай для спецыялістаў архітэктурнай службы было забеспячэнне ўсяго працэсу ўзвядзення неабходнай дакументацыяй па праектаванні, з чым яна пад кіраўніцтвам галоўнага архітэктара паспяхова спраўлялася. Свой прафесіяналізм пацвердзіла і падчас самага галоўнага экзамену — рэспубліканскіх «Дажынак» у 2003 годзе. Райцэнтр тады давялося літаральна адбудаваць нанава, замяніць усю састарэлую інфраструктуру, а знешняму абліччу надаць сучасныя абрысы і зручнасці. Да слова, многае ў плане арганізаванасці і працавітасці галоўны архітэктар «падгле-дзеў» у пчол, якімі любіць займацца ў вольны час і зараз, калі знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

— Цэлы год давялося працаваць не толькі без адпачынку, але і амаль кругласутачна. Часта на працягу аднаго дня некалькі разоў мяняў мокрыя ад поту кашулі.

Міхаіл Васільевіч задаволены тым, што атрымалася, прыемна чуць станоўчыя водгукі аб гарадскім абліччы ад гараджан і гасцей Пружан. А таксама даведвацца пра тое, што райцэнтр і іншыя населеныя пункты Пружаншчыны становяцца пераможцамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў па ўзроўню добраўпарадкавання.

— Безумоўна, зараз, аналізуючы сваю работу, бачу, якія памылкі дапусціў, ведаю, што зрабіў бы цяпер інакш,— прызнаецца былы архітэктар.— Але не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць.

А зрабіў М.В.Чарняўскі вельмі многае, чым будзем з задавальненнем карыстацца яшчэ дзясяткі гадоў. Таму падчас 70-гадовага юбілею гэтага сціплага чалавека ад імя жыхароў Пружаншчыны выказваем яму самую шчырую падзяку, пажаданні здароўя і добрых чалавечых зносін з роднымі і сябрамі.

Алег СІДАРЭНКА,  Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *