Вторник, 29 сентября 2020

Рукодельница из Пружан делает эксклюзивные вещи из льна

2 127

Неадбеленыя экалагічна чыстыя льняныя тканіны — гэта сапраўдны падарунак сучасным людзям, які дастаўся ад нашых продкаў. Так лічыць жыхарка Пружан Тамара Трушко.

Большую частку свайго свядомага жыцця Тамара Іванаўна пражыла на Пружаншчыне. Настальгію і замілаванне ў яе выклікаюць дзіцячыя ўспаміны, звязаныя з адпачынкам у бабулі, якая жыла ў невялічкай вёсачцы Еськаўцы, што на мяжы з Івацэвіцкім раёнам.

— Наша баба Надзя лічылася знатнай траўніцай. Сёння часта ўспамінаю духмяныя сеннікі, якія яна штогод набівала высушанай лугавой травой, — расказвае субяседніца. — А гадоў з дзевяці бабуля стала вучыць і мяне ўсяму таму, што сама ўмела і ведала.

Так паступова дзяўчынка была дапушчана да таінстваў, якія перадаваліся ў іх сям’і з пакалення ў пакаленне. Праўда, як прызнаецца сама, напэўна, у сілу свайго ўзросту асаблівага захаплення не адчувала, калі даводзілася разам з бабуляй спасцігаць розныя гаспадарчыя прамудрасці. Менавіта бабуля імкнулася абудзіць ва ўнучцы і любоў да льну.

Перш чым вырасці маральна ды зразумець сэнс усяго таго, што некалі ёй перадавалі ў нематэрыяльную спадчыну, Тамара атрымала прафесію мастака-мадэльера. У 2003 годзе ёй нават даручылі стварыць да «Дажынак» спецыяльную калекцыю з нацыянальным каларытам. Праўда, завяршыць усе 12 мадэляў яна не паспела, затое ў тым жа годзе з дэфіле яе «Ільняной казкі Беларусі» распачалі кінафестываль у Брэсце.

І толькі пару гадоў таму Тамара Трушко нарэшце ўсвядоміла, які сакральны сэнс нясе ў сабе лён, якую сямейную каштоўнасць на самой справе, яна атрымала ад бабулі і наколькі рэдкім на сённяшні дзень вопытам валодае. Сёння жанчына ўжо з веданнем справы аналізуе існуючую сітуацыю са льном: у прыватнасці лічыць, што адзінае месца, дзе сапраўды захаваліся векавыя традыцыі продкаў, — Беларусь. 03фев2015_3868

— Лён — гэта, безумоўна, здароўе. У кожнай гаспадыні ў хаце павінны быць ільняныя вырабы: вопратка, бялізна, фіранкі, ручнікі і абрусы з ільну валодаюць неверагоднай энергетыкай, напоўнены здароўем, прыгажосцю і малітвамі славян.

Так, напрыклад, зімой ільняная вопратка грэе, а летам дорыць прахалоду: гэта адзіная «разумная» тканіна, якая забірае лішнюю вільгаць з цела і не вяртае яе назад. Працаваць, займацца спортам, адпачываць — брацца за любы занятак камфортна ў ільняной вопратцы. У старажытных славян лён і зробленае з яго палатно нават выконвалі функцыю плацёжнага сродку. Дарэчы, менавіта ад слова «палатно» пайшло «плаціць».

Для пашыву дызайнерскіх рэчаў Тамара Трушко выкарыстоўвае выключна неадбеленае палатно, зробленае на Аршанскім ільнокамбінаце. Яна тлумачыць:

— Спаць на такой бялізне рэкамендуюць урачы, асабліва тым, хто мае дэрматалагічныя, алергічныя і астматычныя захворванні, а ў ляжачых хворых прадухіляе з’яўленне пролежняў. Акрамя таго, лён прызнаны цудоўным антысептыкам, здымае сверб, стрымлівае развіццё бактэрый, а крэмнезём, які ўтрымліваецца ў ільне, засцерагае ад гніення.

Сёння Тамара Іванаўна заўзята стараецца звярнуць увагу на незаслужана забыты лён. У сваёй швейнай майстэрні з ільнянога палатна жанчына шые пад заказ наборы пасцельнай бялізны, начныя сарочкі, дзіцячыя піжамкі, спартыўныя касцюмы, шторы і многае іншае.

Асаблівай папулярнасцю яе паслугі карыстаюцца ў расіян, якія часцей за астатніх робяць заказы. А ў дадатак кожны атрымлівае ад швачкі падарунак — ляльку-абярэг з ільну: напрыклад, да піжамы — цацку Конік, да пасцельнага камплекта — Абаўніцу, захавальніцу сямейнага ложа. Самая галоўнай сярод абярэгаў спакон веку лічылася Берагіня — лялька абавязкова з пышнымі грудзямі і дзіцяткам на руках. Старажылы сцвярджаюць, што ў куфрах яе можна было знайсці да 300 штук. А яшчэ ёсць Пеленашка, Здравушка, Падарожніца…

Тамара Іванаўна прызнаецца, што да нядаўняга часу і сама карысталася пасцельнай бялізнай невядомых вытворцаў, але цяпер памяняла ўсе камплекты на льняныя. Больш таго, і мужа з сынам стараецца апрануць у натуральнае. Нават стварыла шэраг мадэляў спартыўных касцюмаў з ільну — здаецца, да такога яшчэ ніхто не дадумаўся!

— Мы проста не маем права забыць пра гэтую тканіну і мяняць вырабы з яе на розныя падробкі.

Дарэчы, лён мае ў сваім складзе льняны алей, дзякуючы якому вырабы маюць уласцівасць самі сябе адмываць. Таму, закідваючы льняныя рэчы ў пральную машынку, Тамара Іванаўна дадае толькі кандыцыянер — для лёгкага прасавання.

Здаецца, пра якасці льняных вырабаў жанчына можа расказваць бясконца.

У сям’і Трушко яшчэ нямала самабытных сямейных традыцый. Летам, напрыклад, як калісьці бабуля, нарыхтоўваюць лугавыя травы, сушаць і напаўняюць падушкі — круглага-дзічная рэлаксацыя і здаровы сон забяспечаны.

Яшчэ адна не менш каларытная традыцыя, запазычаная ў продкаў, — нарыхтоўка іван-чаю — кіпрэю — для сямейных чаяпіццяў.

— Наколькі гэта смачны напой! Пра гэтую траву згадвалася ў гістарычных хроніках старажытнай Русі. У свой час іван-чай шырока экспартаваўся, карыстаўся папулярнасцю ў Еўропе. Шкада, што такі спажыўны напой сёння выцясніў брудны чорны чай.

А зрабіць гадавы запас іван-чаю для сям’і нескладана: гэтая расліна расце нават на пустэчы.

Як бачыце, стварыць   гармонію навокал магчыма. Дастаткова, як Тамара Трушко, спалучыць разам спадчыну з мінулага і сучасныя рытмы жыцця.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ,   Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *