Вторник, 29 сентября 2020

Спастись от войны. Станет ли «Родина» второй родиной для семьи с Украины?

1 400

Не раз даводзілася знаёміцца з людзьмі, для якіх Беларусь стала другім домам. Крыху больш за паўгода таму на Пружаншчыне знайшла прытулак і сям’я Ісакавых. Праўда, думаць, што свой пераезд яны абмяркоўвалі загадзя, памылкова: рашыцца на такі нялёгкі крок, як перамена месца жыхарства, вымусілі жыццёвыя абставіны — Ісакавы, якія жылі на Украіне, ратаваліся ад вайны.

Калі ў родным сяле Шульгінка, што ў Старабельскім раёне Луганскай вобласці, стала зусім «горача», Ісакавы кінулі свой дом, сабралі дакументы і фактычна з пустымі рукамі накіраваліся на чужыну. Так у чэрвені мінулага года ўчатырох яны і прыехалі на Пружаншчыну.30янв2015_3795

Уладзімір удакладняе: пры абмеркаванні ўсемагчымых варыянтаў пераезду яны трапілі ў інтэрнэце на сайт ААТ «Радзіма», кіраўніцтва якога запрашала на работу бежанцаў з Украіны, абяцаючы забяспечыць прыезджых дахам над галавой і работай. Калі сазваніліся з дырэктарам таварыства П.М.Лішам, вызначыліся і з населеным пунктам. Так сям’я апынулася ў аграгарадку Лыскава.

— Рашэнне аб ад’ездзе, шчыра кажучы, было вельмі складаным, балючым, — прызнаецца Вераніка. — Разумееце, у нас быў свой добраўпарадкаваны дом з сучаснай мэбляй, рамонтам, аўтамабіль, участак у паўгектара, гаспадарка, у якой адных толькі гусей каля 180 галоў… Настолькі цяжка аказалася пакінуць тое, што было нажыта асабістай нялёгкай працай.

Вераніка з жахам успамінае, як іх мірнае жыццё было парушана і жыць станавілася ўсё страшней.

— Спачатку спадзяваліся, што ўсё наладзіцца, — гаворыць маладая жанчына. — Але жыццё станавілася ўсё больш невыносным: з’явіліся блокпасты, пачала ездзіць бронетэхніка, усё часцей сталі падымаць у неба паветраныя войскі. Наш дом стаяў у паўкіламетры ад трасы, па якой ішлі танкі.

Бацькі хваляваліся, вядома ж, у першую чаргу, за дзяцей. Тым больш, што 32-гадовая Вераніка ўжо ведала, што такое вайна: не з кніжак і фільмаў, а з рэальнага жыцця. У 1993 годзе яна разам з бацькамі, гэтак жа як і цяпер сама, вымушана была ўцякаць ад вайны. Розніца хіба што толькі ў тым, што тады сям’я выехала з Грознага ва Украіну, дзе жылі родзічы, у Беларусі ж у іх не было нават знаёмых.

Як і многім іншым, дабрацца  ў Беларусь аказалася магчымым толькі праз Расію. Вера-ніка, успамінаючы пра сваю «вандроўку», не можа стрымаць слёзы.

— Каб трапіць у Мінск, спатрэбілася двое сутак. Нескладана ўявіць сабе, які ў нас быў выгляд, калі нарэшце апынуліся на чыгуначным вакзале. А ў маленькай Настачкі, якой тады не было і го-дзіка, у дадатак паднялася тэмпература. Звярнуліся па медыцынскую дапамогу, а нас прынялі за бамжоў. Дзякуй добрай жанчыне, якая не пакінула нас сам-насам з бядой.

Пачынаць жыццё з чыстага ліста, калі ўся твая маёмасць — гэта два чамаданы рэчаў, не надта лёгка. Неабходна яшчэ абжыцца, добраўпарадкаваць быт. Балазе, свет не без добрых людзей: на іх шляху ўжо знайшлося нямала нераўнадушных, якія аказалі прыезджым украінцам пасільную дапамогу.

Ісакавых у Пружанах сустрэў дырэктар гаспадаркі, але жыллё да іх прыезду не паспелі падрыхтаваць. Тады на выручку прыйшоў вядучы інжынер-энергетык М.К.Касцюк: у яго ў вёсцы Крупа ў спадчыну застаўся дом, дзе ніхто не жыў. Два месяцы, пакуль не выдзелілі жыллё ў Лыскаве, сям’я з Украіны тулілася ў Мікалая Канстанцінавіча. Сам мужчына, ды і суседзі з разуменнем аднесліся да прыезджых людзей: дапамагалі, хто чым мог.

— Мы бязмежна ўдзячны ўсім, хто аказвае дапамогу, хто з разуменнем паставіўся да нашай сітуацыі, — гавораць муж і жонка Ісакавы.

— Асобна яшчэ хочацца адзначыць і старшыню мясцовага сельсавета Антаніну Васільеўну Лагач, якая стала для мяне другой мамай, — кажа Вераніка. — Гэтая чулая жанчына дапамагала не толькі матэрыяльна, але і аказвала такую патрэбную маральную падтрымку.

У ААТ «Радзіма» перасяленцам далі жыллё, выдзелілі грошы на нарыхтоўку дроў, адрамантавалі водаправод, паставілі кацёл для ацяплення. Школьніка Славіка ўладкавалі ў трэці клас мясцовай школы. Уладзімір, як сапраўдны мужчына, абавязак матэрыяльна забяспечваць сям’ю цалкам узяў на сябе: працуе жывёлаводам. На цяперашняе сваё жыццё Ісакавы не скардзяцца, але сціпла замоўчваюць, як ім даводзіцца размяркоўваць свой невялікі сямейны бюджэт. Але пра гэта нескладана здагадацца, калі зарплата мужа — адзіная крыніца даходаў, пакуль афармляецца дапамога па догляду дзіцяці, — складае ўсяго  тры мільёны 600 тысяч рублёў. Вераніка чакае, калі хоць трошкі падрасце дачушка, каб аддаць яе ў садок і самой выйсці на работу.

Пакуль Ісакавы аформілі гадавую рэгістрацыю, але вельмі спадзяюцца атрымаць і від на жыхарства. Прызнаюцца, не чакалі, што ў Беларусі настолькі сацыяльна арыентаваная палітыка.

— Тут і для дзяцей перспектыў больш, — тлумачыць маладая мама. — На Украіне, напрыклад, існуюць праблемы з дзіцячымі садкамі: яны працуюць толькі ў вялікіх населеных пунктах, пераважна ў райцэнтрах. У Беларусі ж садкі ёсць і ў невялікіх вёсках, кожны мае магчымасць атрымаць прафесійную адукацыю бясплатна.

Ды і навіны з Украіны прыходзяць усё горшыя. Пакуль зносіны з роднымі яны маюць толькі праз СМС-паведамленні. З Украіны пішуць, што магчымасць пакінуць краіну невялікая, а ў мужчын яна наогул зведзена да нуля: у краіне ідзе мабілізацыя.

— А як будзе далей, — шматзначна ўздыхаюць Ісакавы, — час пакажа.

Хто ведае, магчыма, гасцінная Беларусь стане і для гэтай сям’і не проста прыстанкам, але і другой радзімай.

Марына Вакульская.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *