Воскресенье, 27 сентября 2020

Ко Дню памяти воинов-интернационалистов. Воспоминания о необъявленной войне

1 259

На мой погляд,  «афганская» праблема застаецца адной з самых вострых.  Што мяне больш за ўсё здзіўляе,  — гэта тое, што ў наш час  былых воінаў -«афганцаў» не вельмі шануюць, рэдка пра іх успамінаюць. Магчыма таму, што вайна ішла на тэрыторыі чужой краіны. Але яны ж аддалі гэтай неабвешчанай вайне гады сваёй маладосці. Адзін з такіх  воінаў — мой дзядзька Сяргей Вікенцьевіч Малыха. Тады ён быў зусім маладым. Я папрасіла яго распавесці пра афганскую вайну.12фев2015_4242

—А што расказваць? — здзівіўся ён. — Чужая зямля, чужая краіна, горы… і нікому не патрэбная вайна.

Спачатку паляцелі ў Ташкент. Далей па плану павінен быў быць Кабул, але пачалася пясчаная бура, і нас часова высадзілі ў Кандагары. Пераначавалі ў палатках, а раніцай — у Кабул. У Джалалабадзе таксама даводзілася служыць.12фев2015_4245

Жылі ў паўзямлянках. Што рабілі? Усё магчымае,  каб лётчыкі лёталі. Пілоты ў нашым палку выдатныя былі, але верталёт без тэхнічнага абслугоўвання не паляціць. Верталётчыкі выконвалі самыя разнастайныя баявыя задачы. Мы — тэхсастаў — ім у гэтым дапамагалі. Акрамя нас, была пошукава-выратавальная каманда, батальён аховы і шмат яшчэ іншых, такіх жа маладых, бестурботных хлопцаў, якія марылі вярнуцца дахаты, горача абняць сваіх родных і блізкіх, пацалаваць дзяцей, ды проста паглядзець у блакітнае неба і не ўбачыць у ім верталётаў і шэрай завесы ад пылу, узнятага выбухамі.12фев2015_4244

…У нашым 330-м баявым авіяцыйным палку з тых, што ляцелі са мной у Афган, 14 чалавек загінулі.

З часам мы пачалі нават звыкацца са свістам куль, шумам верталётаў. Там хутка ўсе станавіліся сталымі.

…Больш года прабыў там. Прыгожыя месцы… дзе-нідзе пальмы раслі, ружы ўжо ў сака-віку расцвілі. Але прывыкаць да гор, да клімату таксама давялося. Днём, напрыклад, +25 градусаў, а ўначы – мінусавая тэмпература. Вось такія вялікія перапады. Сонца невыносна пякучае, улетку наогул у ценю зашкальвала за  +50 градусаў. А ўвечар сонца за гару села — і ўсё, рэзка сцямнела. Вось і ноч.

Пэўны час мы жылі на ўскрайку горада побач з апельсінавым гаем. Цягалі  апельсіны, пакуль гэты гай не замініравалі  «духі». Часам нават рыбачылі — сазанаў лавілі. Адзін раз была такая бамбёжка, а я ж сазана не ўпусціў!12фев2015_4241

…Родныя дасылалі лісты. У нас была сцяна, на якой мацавалі ўсе дзіцячыя малюнкі. Майму сыну Сярожцы тады было тры гадкі. Як я радаваўся яго фатаграфіям!

—А якое самае яркае ўражанне за  той час? — пытаюся я.

—Якія могуць быць уражанні? Вайна ёсць вайна. Крый Божа каму-небудзь спазнаць, што гэта такое. Вось добра запомнілася, як дахаты ехаў. Як радаваўся, калі гаворку беларускую пачуў! Як сын Сярожка закрычаў: «Тата, тата!» Дома лёг спаць, а заснуць не магу. І доўга потым начамі не спаў. Заплюшчваю павекі і бачу сяброў, амаль дзяцей, што засталіся там, забітыя на той дзікай зямлі.

Я паглядзела на дзядзьку — і да горла падкаціўся камяк: у яго  вачах застыў боль, нібы бачыў твары таварышаў, якіх ужо не вярнуць. За час свайго аповеду ён нанова перажыў  жахі вайны.

Ён дастаў стары самаробны  альбом. Стаў асцярожна перагортваць старонкі з фотаздымкамі, у якіх захоўваецца велізарная колькасць успамінаў. На гэтых фатаграфіях я ўбачыла маладых хлопцаў, што паказалі цуды мужнасці, адвагі, сілы духу і братэрства. Яны размываліся ў цяснінах гор, спускаючыся ланцужком у нязведаную далеч, усміхаліся, ганарліва паднімаючы над галавой  рыб-сазанаў, і шмат яшчэ іншых фатаграфій было ў гэтым  альбоме. І хоць вайна прайшла, як страшны сон, але гэтыя ўспаміны, я думаю, будуць наведвацца да яго ўсё жыццё.

Нельга забыцца пра Афган. І наш святы абавязак — шанаваць тых, хто вярнуўся, памятаць тых, хто не вернецца ўжо ніколі.

Ала Яжова, вучаніца 11 класа Слабодскай СШ.

На здымках: з тымі самымі сазанамі; з афганскімі школьніцамі; радасць вяртання дадому.

Фота з асабістага архіву С.В.Малыхі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *