Четверг, 18 апреля 2024

Жить в деревне. Синица в руке лучше, чем журавль в небе

1 650

«Вось толькі стану самастойным і паеду шукаць лепшага жыцця». Рызыкну выказаць меркаванне, што менавіта так думае сёння пераважная большасць маладых людзей. У чым прычына такой незадаволенасці малой радзімай? Камусьці не хапае месца для баўлення вольнага часу, іншыя не бачаць магчымасці для самарэалізацыі, а нехта проста марыць аб вялікіх заробках.

Калі вясковыя хлопцы і дзяўчаты ў якасці бліжэйшага пункта назначэння называюць Пружаны, дык гарадская моладзь — толькі Брэст або Мінск. А вы думаеце, што мінчане не мараць пакінуць сваё «балота»? Мараць, але ў іх іншыя запатрабаванні: Масква, Еўропа, заакіянскія краіны. Ці ёсць сэнс у такіх падарожжах? Не выключаю, што для свайго росту, для павышэння кваліфікацыі, а часам і для паляпшэння ўласнага дабрабыту пераехаць варта. Нездарма кажуць: хто не рызыкуе, той не п’е шампанскага. Але шампанскае дастаецца далёка не ўсім. Часцей моладзь едзе ў свет без канкрэтных планаў, у пошуку «сіняй птушкі». Пры гэтым, губляючы час, за які і ў сваёй вёсцы, пасёлку або гарадку можна было б самарэалізавацца, дасягнуць пэўных вынікаў. Напрыклад, як бухгалтар ААТ «Ружаны-Агра» Вольга Сяргееўна Давідзенка, якая нарадзілася і зараз жыве ў вёсцы Воля.30янв2015_3789-2

Магчыма, продкі, калі давалі назву вёсцы Воля, думалі і пра тое, што кожны вольны выбіраць свой жыццёвы шлях.

— Ці марыла я паехаць у вялікі горад, адшукаць там сваё прызванне і застацца назаўсёды? Так,— сцвярджае Вольга.— Разам з сяброўкамі неаднаразова дзяліліся за школьнай партай такімі планамі. Але потым лёс падказаў зусім іншы выбар.

Спачатку «гарадская хвароба» таксама захапіла дзяўчыну, але калі рэальна ацаніла шанцы такой самастойнасці, то вырашыла звязаць сваё жыццё таксама, як і бацькі, з сельскай гаспадаркай. Паехала ў Ваўкавыскі аграрны каледж. Былі, зразумела, былі сумненні аб правільнасці выбару.

— Але толькі да першай практыкі, калі прыехала ў ААТ «Ружаны-Агра»,— прызнаецца Вольга. Тут яна на свае вочы пабачыла, што свой жыццёвы шлях, прычым не горшы за іншыя, можна адшукаць і ў сельскай гаспадарцы. Пацвярджалі гэта і работнікі таварыства, і той клімат, што склаўся ў працоўным калектыве.

Таму на пастаянную работу дзяўчына ехала ў гаспадарку з лёгкім сэрцам. Тым больш, што ніякіх карэнных змен у жыцці можна не перажываць: падтрымка бацькоў побач, а таксама родныя мясціны і знаёмыя людзі.

Летам мінулі два гады абавязковай адпрацоўкі, але малады спецыяліст вырашыла не шукаць больш жураўля ў небе, а карыстацца такой лагоднай сініцай у руках, і засталася працаваць у гаспадарцы. Што гэта ёй дае?

— Зараз моладзь жадае з першых дзён працаўладкавання атрымліваць заробак не меншы, чым у галоўных спецыялістаў з вялікім стажам работы,— абгрунтоўвае сваё рашэнне Вольга.— Першая зарплата і мяне не вельмі задаволіла, але зараз я атрымліваю больш за чатыры мільёны рублёў, што лічу неблагім дасягненнем для двухгадовага стажу. У будучым, упэўнена, мае заробкі будуць толькі павялічвацца.

Відавочна, што пастаянныя пераезды і пошукі лепшай пасады наўрад ці дадуць магчымасць зарабіць стаж, а значыць і матэрыяльныя прыбаўкі. Акрамя таго, пастаяннае месца працы — добрая падтрымка для тых, хто жадае атрымліваць вышэйшую адукацыю завочна. Напрыклад, Вольга Давідзенка зараз навучаецца ў Гродзенскім аграрным універсітэце.

А па-трэцяе, трэба ўлічваць канкурэнцыю, якая ў горадзе непараўнальна вышэй, чым у сельскай мясцовасці.

Часта моладзь спасылаецца на тое, што ў вёсцы немагчыма знайсці жыллё, аднак гэта таксама рэдкая, да таго ж і часовая з’ява. У сельскай мясцовасці будуецца жылля. Але, зразумела, што і яго трэба заслужыць: трывалымі планамі застацца на месцы, сумленнай працай, а яшчэ лепш — зменамі ў сямейным статусе.

Ад рэдакцыі. Мы мяркуем зрабіць публікацыі на гэту тэму пастаяннымі, для чаго заклікаем моладзь для абмеркавання і выказвання сваіх заўваг і прапаноў.

Алег СІДАРЭНКА,  Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *