Четверг, 15 апреля 2021

В Перерове открылся Музей народного быта и стародавних технологий

2 143

Сучаснаму чалавеку складана  ўявіць свой побыт без такіх рэчаў, як пральная машына, тэлевізар, мікрахвалевая печ, камп’ютар і многага іншага. А некаторыя прадстаўнікі падрастаючага пакалення наогул іншы раз нават і не ведаюць, як выглядалі  прадметы, якімі карысталіся літаральна стагоддзе-паўтара таму. Балазе, усё больш характэрным для беларусаў становіцца жаданне спасцігнуць свае карані, хаця б на непрацяглы час вярнуцца да вытокаў, наблізіцца да абстаноўкі, у якой жылі нашы продкі. У дапамогу такім — новы этнаграфічны  аб’ект, які размясціўся пад разлапістымі векавымі пушчанскімі дрэвамі, Музей народнага побыту і старадаўніх тэхналогій.    22янв2015_3344

Тут жылі людзі

Урочышча Перароў знаходзіцца на тэрыторыі НП «Белавежская пушча». Сёння там, непадалёку ад аднайменнага пешаходна-веласіпеднага пагранпераходу, няма жыхароў — толькі турысты. І нават не верыцца, што яшчэ пару гадоў таму сярод велічных пушчанскіх дрэў у акружэнні дзікай прыроды тут вялі гаспадарку людзі.

Калісьці ў гэтым старым лесе было лясніцтва. Менавіта старадаўняя сядзіба лесніка, дакладны ўзрост якой ніхто не ведае, і лягла ў аснову музейнага комплексу. Яе аднавілі на месцы захаваўшагася падмурка ды паступова напоўнілі самабытнымі элементамі інтэр’еру, якія датуюцца ХІХ — пачаткам ХХ стагоддзя. 22янв2015_3270

Адметна, што ўсе экспанаты адлюстроўваюць побыт не проста беларуса, а менавіта тыповага пушчанца. Нямала давялося папрацаваць над гэтай «ізюмінкай» Святлане Кабылкевіч. Жанчына расказвае, як разам з дачкой, студэнткай філфака, нястомна збіралі па дробках інфармацыю ад старажылаў пушчанскіх вёсак Пружанскага і Камянецкага раёнаў.

— Разам з бясцэннымі расказамі, паданнямі і звесткамі  мы сабралі цэлую калекцыю старадаўніх рэчаў, якія захаваліся ў старых людзей на гарышчах.

Таму і не дзіўна, што на любое пытанне турыстаў Святлана Іванаўна, якая не адзін год цікавілася мясцовым фальклорам, ведае адказ.22янв2015_3289

Першых наведвальнікаў тут прынялі ў верасні мінулага года. Экскурсія ў Музей народнага побыту і старадаўніх тэхналогій —  унікальная магчымасць акунуцца ў далёкую бытнасць продкаў, насяляўшых гэтыя землі.

У месцы светлым і прыгожым

— Здаўна вёска лічылася калыскай народных традыцый, — расказвае нам Святлана Іванаўна. — Кожны сялянскі падворак уяўляў універсальную гаспадарку, якая цалкам забяспечвала патрэбы чалавека: вырошчванне збожжавых, ільну, іх перапрацоўка, пашыў адзення, валянне валёнак, апрацоўка футра. Куплялася хіба што нязначная частка рэчаў, вырабляемых майстрамі-рамеснікамі: сярпы, ганчарныя вырабы… Хочацца адзначыць, што людзі не асядалі на тых месцах, дзе здараліся пажары, забойствы, стыхійныя з’явы — такія месцы называлі чортавымі. Месца пад будоўлю выбіралася скрупулёзна. Будавалі звычайна там, дзе любілі сяліцца жывыя істоты: шэршні, мурашы, пчолы…22янв2015_3287

Паводле слоў работнікаў музея, Перароў — ідэальнае ў гэтым плане месца: тут не бываюць пустымі шпакоўні, нярэдка па брукоўцы поўзаюць змеі, у госці на сядзібу прыбягае янот, а з ляснога гушчара прыходзіць паласавацца дзічок, атрымаўшы мянушку Пумба. І нават навукова даказаны факт, што шэршні ніколі не жывуць побач з пчоламі, бо першыя забіваюць апошніх, тут не знаходзіць пацвярджэння: у Перарове абодва віды насякомых цудоўна ўжываюцца па-суседстве.

А напярэдадні адкрыцця комплексу містычная гісторыя здарылася. Будаўнікі наводзілі марафет, рабілі апошнія штрыхі: у музеі, узведзеным на захаваўшымся падмурку, пакрылі лакам падлогу, навесілі замок. А раніцай у сенцах знайшлі тры слядкі — босай левай ступні. Няўжо дамавік засяліўся?22янв2015_3296

За парогам музея

Экскурсія ў дом-музей значыцца першым пунктам праграмы для гасцей. Святлана Кабылкевіч ведае нямала цікавых фактаў з жыцця мясцовых жыхароў. Дзеліцца імі і з намі.

— Вялікая ўвага надавалася закладцы вянца хаты. Ва ўсходнім яго куце заўсёды клалася жменька збожжа, мёд у сотах і асвечаная галінка ядлоўцу — яны ў далейшым служылі своеасаблівым абярэгам дома. Увогуле, старыя людзі з асцярогай перасяляліся ў новае жыллё. Прыдумалі нават тонкі абрадавы ход: спачатку на ноч пускалі ў хату пеўня ці ката, і толькі на наступны дзень адбываўся сам пераезд. І тут былі нюансы: галава сям’і браў ручнік і толькі ўсе разам, трымаючыся за ручнік, заходзілі ў дом. Верылі, што так удасца пазбегнуць страт членаў сям’і.22янв2015_3352

Дарэчы, са старадаўніх тых часоў і пайшоў звычай, якога многія прытрымліваюцца і сёння: цераз парог нельга вітацца і штосьці пазычаць. А ўсё з-за таго, што парогі лічыліся выхадам у іншы свет.

Ад старадаўніх прылад, сабраных у музеі, вочы разбягаюцца. Практычна ўсе знаходзяцца ў рабочым стане. У сенцах, як і стагоддзе таму, сваё пачэснае месца займаюць жорны. Дарэчы, экскурсавод звяртае ўвагу, што музейныя экспанаты збіраліся па вёсках пружанскай і камянецкай частак пушчы: няўзброеным вокам заўважаюцца адрозненні быццам бы адных і тых жа рэчаў. У бабіным (альбо жаночым) куце — ганчарны посуд і вырабы з лазы, расстаўленыя па паліцах, маслабойкі і бандарныя рэчы, конаўка, бязмены.

— Гэта апалубка, — дэманструе наш экскурсавод драўляны прадмет, які нагадвае карытца. — У сезон у яе збіралі і веялі насенне каляндры і кропу. А ў халодную пару года, калі нараджалася дзіця, у апалубку клалі наванароджанага і ставілі на печ, каб малое не замерзла, пакуль дапамагалі жанчыне.

У спальным куце — палаці ўздоўж сцяны паблізу печы, да столі падвешана дзіцячая калыска, у куце хадункі-стаюны.

Самае ганаровае месца

Самае ганаровае месца ў чырвоным куце займала радавая сямейная ікона, якую перадавалі з пакалення ў пакаленне, а таксама абразы Казанскай Божай Маці, якая суправаджала ў шлях маладую, і Выратавальніка, суправаджаўшага маладога, воіна.

Тут жа пачэснае месца адведзена дзяжы для замешвання цеста. Дарэчы, да хлебнага цеста не мела права дакранацца ніводная з гаспадынь, акрамя самай старэйшай і вопытнай. І толькі тады, калі жанчына па прычыне ўзросту губляла сіл

у ў руках, свае навыкі яна перадавала наступнай захавальніцы сямейнага ачага. Калі ішоў замес цеста, з дома прасілі выйсці тых, у каго было «дрэннае» вока, а таксама мужчын. Увесь працэс замешвання цеста і выпечкі хлеба суправаджаўся малітвай.

Лядо, цапы, трапала, шорнікі, нажоўкі, багор, пралкі, сукачы, шпулі, цэўкі, прасы, прэсы, шкуры драпежнікаў, кошыкі, кадкі… Далёка не поўны пералік рэчаў, якія можна ўбачыць у мужчынскай і жаночай залах рамяства.

22янв2015_3389

— Глядзіце, і нават канькі: што цікава, старажылы расказваюць, што раней каталіся толькі на адным каньку, другой нагой адштурхоўваліся. Калі хтосьці ўмудраўся стаць адразу на два канькі, дык яго ўжо лічылі такім майстрам, як сёння  алім-пійскага чэмпіёна па фігурным катанні.

Але самым унікальным экспанатам  з’яўляецца станок для падвойнага ткацтва: сёння гэтую тэхналогію можна смела далучыць да спісу нематэрыяльных каштоўнасцяў, паколькі яна захавалася толькі на тэрыторыі двух-трох раёнаў Брэстчыны.

 Па старадаўніх рэцэптах

— Першае пытанне, якое задаюць нашы госці, ужо чуўшыя ад сваіх знаёмых пра музей у Перарове: «Ну, і дзе?»,— усміхаецца гаспадыня музея, паказваючы на вялікі будынак з чаротавым дахам, у якім здалёк віднеюцца в

ялізарныя ёмістасці, злучаныя паміж сабой бліскучымі трубамі.22янв2015_3368

 

Больш таго, бровар тут нават называюць мясцовай гордасцю. Справа ў тым, што НП «Белавежская пушча» — адна з нямногіх юрыдычных асоб, якая мае ліцэнзію на выраб і продаж самагону. Да нядаўняга часу Нацыянальны парк меў адзін афіцыйны бровар, а цяпер у Перарове — другі.

Як расказваюць работнікі музейнага комплексу, да працэсу вытворчасці напою пушчанскага арыгінальнага падыходзяць вельмі сур’ёзна, таму і прадукт атрымліваецца якасны. Выкарыстоўваюць толькі трыцікале альбо жытнюю муку, крынічную ваду. Вымешваюць брагу выключна драўляным вяслом больш за гадзіну. Строга вытрымліваецца тэмпературны рэжым — адхіленні ў два-тры градусы могуць паўплываць на якасць канчатковага прадукту. Пераганяюць двойчы.

Да слова, пушчанскі напой  нятанны — літр самагону каштуе каля 250 тысяч рублёў. Прыкладна ў такую ж суму абыходзіцца і суве-нірная тара, у якую наліваюць «з сабой».22янв2015_3374

Але буфетчыца Алена Хоміч звяртае ўвагу, што ў Перарове можна пакаштаваць не толькі знакаміты «пярвач». У карчме — дэгустацыйнай зале комплекса прапануюць адведаць саленні-марынаванні, зробленыя па старадаўніх рэцэптах, бярозавы сок, вясковую каўбасу «пальцам пханую», капусту… Чакаем турыстаў!

Сёння работы на комплексе не спыняюцца — ідзе будаўніцтва павецяў для рамеснікаў, узводзіцца кузня, хлеўчык, у якім плануецца развесці хатнюю жывёлу.22янв2015_3371

Тым часам гасцінны калектыў музея чакае наведвальнікаў: прызнаюцца, што ў сезон наплыў турыстаў адчувальны, а вось у іншы час бывае і бязлюдна. Асабліва запрашаюць гасцей з Пружаншчыны: нягледзячы на тое, што турыстычны аб’ект знаходзіцца на тэрыторыі нашага раёна, мясцовых гасцей тут вельмі мала. Бліжэйшая падстава з’ездзіць у Перарова — Масленіца: ужо ідзе падрыхтоўка да народнага гуляння.

Тэлефоны для даведак:  8-029- 828-76-38, (8-01631) 5-56-98.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота)

На здымку: культуролаг Святлана Кабылкевіч можа не толькі расказаць пра прадметы побыту продкаў, але і прадэманстраваць, як імі карысталіся.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *