Среда, 20 октября 2021

Заведующий нотариальной конторой Пружанского района: «Я старший среди равных»

2 151

Жыць так, каб паважалі людзі, любіла сям’я, лічыліся калегі… Ці не гэта складаемыя поспеху любога чалавека? Аднак, каб стаць паспяховым, трэба ўмець патрабаваць і з сябе. Пра гэта расказвае загадчык натарыяльнай канторы Пружанскага раёна А.М.Рэпіха.Нотариус_7538

— Андрэй Мікалаевіч, падзяку Вам ад Міністра юстыцыі, якая ў рамачцы вісіць на бачным месцы службовага кабінета, нельга не заўважыць… А якое такое “ўзорнае выкананне службовых абавязкаў” ацаніў міністр?  

— Любую работу, за якую даводзіцца брацца, заўсёды імкнуся выканаць сумленна. Таму пры здзяйсненні  натарыяльных дзеянняў стараюся, каб былі задаволены кліенты. Абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама дзяржаўных інтарэсаў шляхам здзяйснення натарыяльных дзеянняў ад імя Рэспублікі Беларусь – перш за ўсё. І не важна, з якой праблемай звяртаюцца да нас людзі. Нашы натарыусы заўсёды дапамогуць ім вырашыць самыя складаныя прававыя пытанні ў вобласці грама-дзянскіх, шлюбна-сямейных, спадчынных і іншых праваадносін.

— Аднак кліенты, відаць, усё роўна імкнуцца трапіць на прыём да загадчыка?

— Ёсць такое… Аднак я ўсяго толькі старшы сярод роўных. І разам з іншымі натарыусамі выконваю тую ж работу. Ну, а як загадчык, займаюся яшчэ і вырашэннем шматлікіх арганізацыйных пытанняў: парадак прыёму, загады, распараджэнні…

— Пра тое, што Вы яшчэ і член рэвізійнай камісіі Беларускай натарыяльнай палаты, не гаворыце з-за сваёй сціпласці? 

— Больш таму, што дзейнасць, якой я займаюся ў рэвізійнай камісіі, не мае дачынення да нашых наведвальнікаў. Камісія, якая складаецца з сямі чалавек, займаецца ўнутранай праверкай фінансава-гаспадарчай дзейнасці Беларускай натарыяльнай палаты, ажыццяўляе кантроль за адпаведнасцю яе дзейнасці  заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Я ў камісіі прадстаўляю Брэсцкую вобласць. Думаю, што такім чынам была ацэнена мая прынцыповасць і пазіцыя ўсё падвяргаць сумненню. Хаця ў мяне на ўсё ёсць свой пункт гледжання.

— Такі падыход выпрацаваўся з вопытам работы? Калі не памыляюся, Вы, Андрэй Мікалаевіч, прайшлі ўсе прыступкі кар’ернай лесвіцы?

— У натарыяльнай канторы раёна я працую з 2003 года. Сапраўды, пачынаў з самага “нізу”, кансультантам, пасля працаваў натарыусам, з 2010 года – загадчык. Хаця тое, што юрыспрудэнцыя, як кажуць, гэта маё, зразумеў не адразу. Пасля школы паступіў у аграрна-тэхнічны каледж. Там і пераканаўся, што маю цягу зусім не да тэхнічных, а да гуманітарных навук. Пасля заканчэння каледжа была вучоба на юрыдычным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

— І пасля праца ў натарыяльнай канторы?

— Сюды, можна сказаць, трапіў выпадкова: лічыў, што натарыус – чыста жаночая прафесія. Сапраўды, у натарыяце вобласці працуюць ўсяго тры мужчыны. Хаця натарыяльную кантору ў Пружанах таксама першапачаткова ўзначальваў вядомы франтавік Пётр Піліпавіч Мычко. Змяніў яго на гэтай пасадзе мой бацька Мікалай Віктаравіч Рэпіха. А я прымаў справы ўжо ад Любові Анатольеўны Тарасевіч, якая і навучыла мяне ўсім тонкасцям натарыяту. Дарэчы, не так даўно Любоў Анатольеўну, як заслужанага натарыуса, узнагароджвалі ў Беларускай натарыяльнай палаце. Такіх спецыялістаў памятаюць і шануюць на самым высокім узроўні.

— Андрэй Мікалаевіч, а якую галоўную навуку Вы засвоілі ад сваёй настаўніцы?

— Любоў Анатольеўна навучыла выклікаць прыхільнасць да сябе з боку кліентаў, пазбягаць канфліктных сітуацый, наогул, працаваць так, каб людзі натарыусу давяралі. Бо якасць прадастаўляемых намі паслуг залежыць менавіта ад шчырасці кліента.

— Зараз, як некалі і Вашых папярэднікаў, ведаюць і шануюць цяперашняга загадчыка натарыяльнай канторы. Прызнайцеся, прозвішча абавязвае?

— Можна сказаць і так. Імкнуся адпавядаць аўтарытэту бацькі – суддзі і маці Лідзіі Мікалаеўны, якая працуе выкладчыцай Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Такі аўтарытэт бацькі заслужылі сваімі ведамі, культурай, прафесіяналізмам, сваімі адносінамі да людзей.

— А як лічыце: чаго не варта дараваць сваім падначаленым?

— І не толькі падначаленым, калі ідзе размова пра падман і здраду. Хаця ў любой сітуацыі патрэбна паспрабаваць зразумець чалавека і нават паставіць сябе на яго месца. Што ж да ўзаемаадносін унутры нашага калектыву, дык паміж работнікамі пануе поўнае паразуменне і ўзаемавыручка. У нас — не я, а мы. І я ўдзячны Л.А.Тарасевіч за такі калектыў. Бо, як вядома, караля робіць світа…

— Чаго ў прафесійным плане і ў асабістым жыцці Вы, Андрэй Мікалаевіч, чакаеце ад наступіўшага года?

— Калектывам я задаволены, сваю работу людзі ведаюць, таму ў сувязі з рамонтам памяшканняў, дзе будзе размяшчацца натарыяльная кантора, чакаю толькі хутчэйшага яго завяршэння, каб можна было прымаць грамадзян у камфортных умовах. А для сваёй сям’і спадзяюся вырашыць, нарэшце,  жыллёвае пытанне, каб тром маім дочкам і нам з жонкай адчувалася ў сваім жыллі прасторна. А ў рэшце рэшт — і гэта галоўнае, каб усе родныя і блізкія былі жывыя і здаровыя!

Інтэрв’ю ўзяла Галіна Каляда.

Один комментарий

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *