За першыя сем дзён бягучага года ў раёне здарылася пяць пажараў, адзін — з гібеллю чалавека. Вечарам першага студзеня трывожны выклік паступіў з вёскі Лінова, дзе загарэўся жылы дом. Гаспадары дома паставілі каля печкі крэсла-ложак, і мэбля ад раскаленай сценкі загарэлася. У выніку агнём пашкоджаны сцены і хатняя маёмасць.
Праз дзень пажарныя падраздзяленні выехалі ў в.Ткачы, дзе таксама ўвечары загарэўся жылы дом з-за парушэнняў правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення. Агнём пашкоджаны ўнутраная аддзелка і хатняя маёмасць.
На наступны дзень трывожны выклік паступіў з в.Смаляніца, дзе пацярпела 76-гадовая жыхарка. Жанчына несла ў руцэ лямпу, але зачапілася і ўпала: ад разбітага электрапрыбора загарэўся дыван, ад якога пенсіянерка атрымала апёкі рук і твару 1 і 2 ступеняў.
Шостага студзеня пажарным давялося ўтаймоўваць агонь у в.Шубічы. Задымленне заўважылі суседзі, якія і выклікалі падраздзяленні МНС. Агнём былі ахоплены адзін з пакояў, перакрыцці і дах будынка. Выратавальнікі дасталі і самога жыхара, але 86-гадовы мужчына загінуў. Мяркуемая прычына здарэння — парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення.
І зноў з-за печкі яшчэ адзін пажар здарыўся сёмага студзеня на вагавой у Шанях: без нагляду была пакінута печка, ад якой загарэлася ўнутраная аддзелка памяшкання вартаўніка, а потым і дах будынка.
Алег Сідарэнка.