Среда, 20 октября 2021

Михаил Серков: «Делать добро никогда не поздно»

1 918

Год 2014-ы ўжо застаўся ў мінулым і можна смела сцвяр-джаць, што для нашай дзяржавы ён быў насычаным на значныя палітычныя падзеі, няпростым у эканамічным плане. А яшчэ ён запомніцца як Год гасціннасці, а для Пружанскага раёна – і як Год культуры. Падвесці яго вынікі, падзяліцца сваімі думкамі ласкава пагадзіўся старшыня райвыканкама Міхаіл Мікалаевіч Серкоў.

—Міхаіл Мікалаевіч,  крыху больш двух гадоў мінула з таго часу, як Вы былі прызначаны на пасаду першай асобы ў раёне. З вышыні  гэтага часу якія вывады можна зрабіць?

—Сапраўды, неяк хутка праляцелі гэтыя два з лішнім гады. Напэўна, таму, што ўсе дні былі клопатнымі, але цікавымі.  Той аб’ём работ, які зваліўся  ў Пружанах (менавіта зваліўся) на мяне як маладога кіраўніка, дастаткова вялікі. Але яго трэба было рабіць, прычым нярэдка рабіць упершыню. Скажу, што на вочы кінуліся адразу некалькі праблем, на якія чамусьці раней мала звярталі ўвагі.Серков_4998

—На што, напрыклад?

—Адразу занепакоіў той факт, што кожны год  у раёне змяншаецца колькасць насельніцтва на  700, 600, 500 чалавек… На 20 тысяч працаздольных гэта вельмі многа і вядзе, па вялікім рахунку, да згортвання многіх накірункаў дзейнасці. І, безумоўна, развівацца пры такой негатыўнай сітуацыі раёну будзе праблематычна.  Аднак, скажу шчыра, неяк заспакоіла, што на Пружаншчыне вельмі многа зроблена па ўмацаванні тэхнічнай базы, асабліва ў сельскай гаспадарцы. Было пабудавана нямала важных для жыцця лю-дзей сацыяльных аб’ектаў: тыя ж Лядовы і Водны палацы, міні-ЦЭЦ і г.д. Але вось парадаксальная выснова, да якой мяне прывялі спробы арганізаваць у шырокім аб’ёме турыстычную работу: пабудавана ў нас нямала, а паказаць няма чаго. Куды, напрыклад, можна прывесці малодшых школьнікаў з іншых гарадоў, акрамя як у аквапарк? На жаль, тая экскурсія, якую мы правялі для пінчан у Пружанскім палацыку, паказала, што дзеці не хочуць больш прыязджаць сюды. Бо тое, што ім тут паказвалі і расказвалі, хутчэй разлічана на дарослых.

 —Вы хочаце сказаць,  што нельга застойвацца на месцы, цяпер неабходна ініцыятыва і, як модна сёння гаварыць, крэатыўнасць? Напэўна, гэта ў поўнай ступені, а магчыма, і найперш, адносіцца  да нашай эканомікі.

—Задача заключаецца ў тым, каб структурна выбудаваць эканоміку так, каб яна прыносіла прыбытак. Вось вам просты прыклад: наш раён дае нямала мяса, але дабаўленую вартасць атрымліваюць перапрацоўшчыкі яго. Мы не працуем з жывёлай на апошняй стадыі, не забіваем жывёлу, не робім абвалку, а рэалізуем  прадукцыю жывой масай. І гэтая акалічнасць крайне негатыўна адбіваецца на эканоміцы нашых сельгасвытворцаў.

А паглядзіце, як развівалася малочная галіна? Большасць нашых гаспадарак за вельмі кароткі тэрмін перайшла ад прывязнога да безпрывязнога ўтрымання кароў, не ўлічыўшы, што тут ёсць свае асаблівасці: патрэбна не толькі выгадаваць для новых тэхналогій новую жывёлу, але і падрыхтаваць адукаваныя кадры, якія б маглі эфектыўна працаваць на нашых сучасных комплексах. І тут таксама патрэбна мяняць падыходы. Спытаеце:  як? Адкажу: найперш вучобай, матэрыяльным стымуляваннем і строгім патрабаваннем да нядбайных работнікаў. Пры гэтым мы не павінны спыняцца на абнаўленні тэхнічнай базы, яна павінна быць аптымальнай, такой, каб атрымліваць максімальную дабаўленую вартасць. І тады дастаткова значныя сродкі будуць заставацца на рахунках нашых прадпрыемстваў, што дазволіць ім дынамічна развівацца без падтрымкі дзяржавы. У нас ёсць магчымасць павялічваць кармавую базу  – гэтага першага і галоўнага звяна ў ланцужку па нарошчванні вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, якая абавязкова павінна быць высокарэнтабельнай.

—Міхаіл Мікалаевіч, відавочна, што для дасягнення гэтай мэты без прадпрыемстваў па пярвічнай перапрацоўцы  таго ж мяса нам не абысціся.

—І такая работа ўжо вядзецца. Мы лічым, што вывозіць сыравіну за межы  рэспублікі – гэта недальнабачна і недаравальна. Таму зараз актыўна абмяркоўваем з нашымі сельгаспрадпрыемствамі пытанні будаўніцтва забойных  пунктаў, цэхаў па абвалцы мяса, што таксама дазволіць пакідаць сабе пэўную частку дабаўленага кошту пры рэалізацыі прадукцыі. Пры гэтым не варта забываць, што такая палітыка дае дадатковыя рабочыя месцы, высокааплатныя месцы. Канкрэтныя намаганні ў гэтым накірунку ўжо бачны ў ААТ “Жураўлінае”,  дзе заканчваецца рэканструкцыя  жывёлагадоўчай галіны. Рыхтуем тэндарныя прапановы па выбару  падрадчыка для будаўніцтва комплексу па абвалцы мяса і біягазавай устаноўкі ў ААТ “Айчына”. Пры гэтым хачу адзначыць, што нам не абавязкова будаваць новыя аб’екты для паглыбленай перапрацоўкі сельгаспрадукцыі. Куды важней шляхам рэканструкцыі дабіцца высокай аддачы ўжо дзеючых магутнасцей.

 —А калі канкрэтней?

—Напрыклад,  завод у вёсцы Харава, дзе дзейнічае лінія перапрацоўкі бульбы. Але, вырабляючы тут толькі крухмал, мы, уласна кажучы, выпускаем  тую ж сыравіну, з якой можна  атрымліваць гатовую прадукцыю. Шляхам набыцця недарагога прыстасавання можна выпускаць, напрыклад, кісель без хімічных дабавак і штучных паляпшальнікаў смаку і фарбавальнікаў. У прынцыпе нічога складанага тут няма. Не хапае іншага –  жадання не стаяць на месцы.

 —Шчыра кажучы, пружанцам імпануе, што Вы, Міхаіл Мікалаевіч, прыйшоўшы на пасаду кіраўніка раёна,  вялікую ўвагу надаеце развіццю эканомікі, павышэнню заработнай платы.

—Не ўсе, напэўна, ведаюць, што мы выйшлі на чацвёртае месца сярод раёнаў  вобласці па росту сярэдняй заработнай платы, прайграючы толькі прамыслова развітым рэгіёнам. Абышлі нават горад Пінск. І самае галоўнае, што для большасці гэтая зарплата з’яўляецца сапраўды заробленай,  звязанай з ростам прадукцыйнасці працы. У нас для павышэння заробкаў ёсць добрыя перспектывы: пакуль, на жаль,  далёка не ўсе прадпрыемствы плоцяць дастойную зарплату, і асабліва гэта датычыца малога і сярэдняга бізнэсу, у адрозненне, дарэчы, ад сельскагаспадарчых арганізацый, дзе заработная плата              няўхільна расце і расце. Складаней з павышэннем заробкаў у бюджэтнай сферы, але і тут ёсць яшчэ нявыкарыстаныя магчымасці. Мы будзем абавязкова іх выкарыстоўваць.

—Вы гаворыце, што ў нас ёсць яшчэ магчымасці для росту заработнай платы. У чым яны?

—Цяпер у раёне ствараецца нямала малых прадпрыемстваў, якія павінны працаваць у высокарэнтабельных галінах эканомікі і мець высокую сярэднюю заработную плату. У 2014 годзе з’явілася 26 такіх прадпрыемстваў, на якіх створана каля 200  рабочых месц, дзе зарплата вышэйшая за сярэднераённую.  І чым больш  будзе ў нас такіх высокаэфектыўных  прадпрыемстваў, тым менш  людзей будзе працаваць на малааплатных пасадах.

 —Нярэдка даводзіцца чуць, што прадпрымальнікі, паказваючы афіцыйна нізкі ўзровень зарплаты сваіх работнікаў, на самой справе плоцяць яе “ў канвертах”.

—Не заўсёды гэта так. Я часта сустракаюся з людзьмі, і яны не ўтойваюць, што атрымліваюць за сваю працу мізэрныя  паўтара-два мільёны рублёў, але яны вымушаны працаваць за такую недастойную плату, бо іншых прапаноў проста няма. Лепшы спосаб барацьбы з  “зарплатамі ў канвертах”, з нізкімі стаўкамі  – гэта стварэнне  высокааплатных месц, з’яўленне  сярод работадаўцаў канкурэтнай барацьбы за лепшага работніка.

 —Наша інтэрв’ю  адбываецца напярэдадні навагодніх свят. Скажыце, калі ласка, работай якіх працоўных калектываў у 2014 годзе Вы асабліва задаволены?

—Безумоўна, гэта нашы аграрыі і перапрацоўшчыкі сельгаспрадукцыі. Стабільна і эфектыўна працуюць  малочны камбінат і СТАА “ЮНІМІЛК  Пружаны”, актыўна дапамагаючы развівацца гораду. Вы ведаеце, што адзін мост праз Мухавец малочны камбінат  за свае сродкі пабудаваў ужо, за будаўніцтва яшчэ аднаго бярэцца  другое наша малакаперапрацоўчае прадпрыемства.

 —А што тады Вас, Міхаіл Мікалаевіч, больш за ўсё непакоіла ў мінулым годзе?

—Вельмі і вельмі непакоіць і нават здзіўляе нізкая актыўнасць мясцовых прадпрымальнікаў.  Ёсць цікавыя, прыбытковыя праекты, але ніхто імі займацца чамусьці не жадае. Паглядзіце, у нас практычна не развіты пракат, няма ніводнай турыстычнай кампаніі: каб купіць нейкую пуцёўку на адпачынак, неабходна ехаць у Брэст. Але ж арганізаваць усё гэта на месцы не так і складана. Няўжо на Пружаншчыне перавяліся людзі з прадпрымальніцкай жылкай?

 —Міхаіл Мікалаевіч, у адным з газетных інтэрв’ю Вы сказалі, што будзеце імкнуцца  ўсімі сіламі ствараць прывабны імідж Пружаншчыне, каб зрабіць раён сапраўды прыцягальным. Ці не занадта смелая заява?

—Ніякіх рамак інтэрв’ю не хопіць для таго, каб адказаць на гэтае пытанне, бо ўсё, што робіцца сёння ў раёне, падпарадкавана адной мэце: Пружаншчына павінна быць на слыху, тут павінна быць усё самае лепшае, самае дасканалае, самае прыгожае… І для  гэтага распрацавана цэлая канцэпцыя, праграма, у якую ўцягнуты практычна ўвесь раён.  Я перакананы і дакладна ведаю, што любая мара пры ўмелай арганізацыі становіцца  рэальным планам. Таму заўсёды стаўлю перад сабой і іншымі складаныя, на першы погляд, невыканальныя планы. І сваю задачу бачу не ў тым, каб кіраваць, “рукамі вадзіць”, а шляхам пераканання знайсці аднадумцаў. Пад прымусам мала што атрымаецца. І я рады, што сёння маю шмат такіх аднадумцаў, ідзе зусім іншы працэс, калі кіраўнік, не прэтэндуючы на ісціну, дазваляе сабе выслухаць іншую думку і пагадзіцца з ёй.

Не ўдаваючыся асабліва ў падрабязнасці, скажу, што згаданая праграма закранае літаральна ўсе сферы нашага жыцця. Яна будзе ўключаць развіццё спартыўнага, пазнавальнага, медыцынскага, экалагічнага, транзітнага, гандлёва-гастранамічнага, гасцявога, адукацыйнага, працоўнага, этнаграфічнага і патрыятычнага турызму. Пералічу толькі той мінімум населеных пунктаў, якія, акрамя Пружан, уключаны ў гэтую праграму: Каштанаўка, Ружаны, Лыскава, Вяжное, Чабахі, Шчарчова, Сярэдняе, Мокрае, Клятное, Клепачы, Кабылаўка, Слабудка, Шарашова, Крыніца, Паддубна, Тарасы, Гута, Руднікі, Залессе, Калазубы, Новыя Засімавічы, Ліберполь, Інтэрнацыянальны, Стойлы, Белы Лясок, Ківачына, Стараволя, Сілічы, Засімы і іншыя.

 —Я так разумею, што ў кожным з гэтых населеных пунктаў будзе свая прыцягальная для турыста “ізюмінка”?

—Так. Возьмем для прыкладу вёску Крыніца.  У мінулым ужо годзе мы зрабілі першы невялікі крок – пачалі праводзіць фестываль “Крыніца – грыбоў сталіца”. Але на гэтым спыняцца не варта, прапануем у далейшым арганізаваць некалькі конкурсаў для школьнікаў (і не толькі для іх), каб будынак Дома культуры ператварыць у музей грыбоў і лесу. Сваімі сіламі. Нават калі мы ўздоўж голых сценаў расставім сотні дзіцячых вырабаў на згаданую тэму, гэта ўжо будзе цікава. Гэта можа стаць месцам, якое будзе цікавым для наведвання кожным школьнікам. А калі ўлічыць, што Крыніца — гэта практычна Белавежская пушча, цікавасць да мясціны  будзе проста неверагодная. Па вялікім рахунку, Крыніца павінна стаць тым месцам,  дзе любы жыхар, прыехаўшы з  Брэста, Баранавіч і г.д., можа не толькі пакаштаваць грыбныя прысмакі, але і купіць сабе грыбоў на цэлую зіму.

Калі вось такім чынам будзе ажыўляцца кожная  мясціна, гэта дазволіць нам развівацца, забыць пра адміранне так званых неперспектыўных вёсачак: тут з’явяцца новыя рабочыя месцы, якія не патрабуюць высокаадукаваных спецыялістаў, задзейнічаны з выгадай для сябе будуць звычайныя, простыя людзі. І падобных прыкладаў можна прывесці мноства.

—Бачна, што Вы, Міхаіл Мікалаевіч, асоба не толькі не раўнадушная, але і вельмі творчая. Не прыміце гэта за падхалімаж, але ж са мной сапраўды пагодзяцца многія: за два гады змены ў лепшы бок у жыцці і вяскоўцаў, і гараджан адбыліся  значныя. Асабіста мяне, напрыклад, радуе, што Вы з’яўляецеся натхняльнікам правядзення розных конкурсаў для маладых. Асабліва запамінальна цырымонія ўшанавання юных талентаў, калі на галоўную сцэну раёна падымаюцца не толькі “вундэркінды”, але і іх бацькі, настаўнікі. У гэтыя навагоднія і калядныя дні нельга не згадаць і тое, як з кожным разам усё больш прыгажэюць нашы Пружаны, асветленыя разнакаляровымі агеньчыкамі. Дзякуй Вам за гэта!

—Самае галоўнае і важнае для мяне, каб нашы людзі не ўспрымалі ўсе нашы пачынанні як староннія назіральнікі. Паверце:  ніколі не позна пачынаць рабіць нешта добрае і прыемнае. Разам мы можам дабіцца  вельмі многага, зрабіць сваё жыццё больш заможным і прыгожым.

Дазвольце, шаноўныя жыхары Пружаншчыны, павіншаваць вас з навагоднімі і каляднымі святамі. Я вельмі спадзяюся і нават упэўнены,  што 2015 год будзе больш плённым, чым 2014 год, у плане інвестыцый і развіцця раёна. Мы павінны ўсе  разам імкнуцца да таго, каб наш рэгіён развіваўся і рос. Асабіста кожнаму жадаю шчасця, здароўя вам і вашым блізкім, нармальных, дастойных даходаў. Усё, што залежыць ад райвыканкама ў гэтым накірунку, мы, безумоўна, зробім.

Жадаю вернікам усіх канфесій жыць у гармоніі з верай, жыць у гармоніі з сабой, не зайздросціць, не зласловіць, помніць, што гэта такіж грэх, як і забойства. Будзьце уважлівымі адзін да аднаго, добрымі, не спяшайцеся асуджаць іншых, не ўнікнуўшы ў сутнасць справы. Трэба жадаць дабра кожнаму і да кожнага адносіцца так, як хацелася б, каб адносіліся да цябе.

Інтэрв’ю ўзяла Людміла Антаноўская.

Один комментарий

  • Мыкола я

    — Здравствуйте. Я могу купить в вашем банке 200 долларов?
    — Да, конечно. Приносите, — продадим.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *