Воскресенье, 18 февраля 2018

Валентине Дмитриевне Глазуновой исполняется 90!

810

В.Д.Глазунова яшчэ ў дзяцінстве выбрала сабе прафесію: вельмі ж ёй хацелася быць падобнай на сваіх школьных настаўнікаў — людзей разумных, інтэлігентных, заўсёды прыгожа і акуратна апранутых. І дасягнула сваёй мэты. Цяпер Валянціна Дзмітрыеўна сама з’яўляецца для многіх прыкладам для пераймання.

Валянціна Глазунова нарадзілася ў  вёсцы Дзеткавічы на Мсціслаўшчыне. У яе біяграфіі — вучоба ў педвучылішчы, жыццё ў акупацыі, доўгачаканае вызваленне, а затым і гады студэнцтва на геаграфічным факультэце вышэйшай навучальнай установы.

Пасля атрымання дыплома ў БДУ імя Леніна яна вырашыла абавязкова паехаць на Брэстчыну. Так у 1949 годзе апынулася ў Пружанах, якія сталі для яе другой радзімай.IMG_6438

Сёння Валянціну Дзмітрыеўну ведаюць у нашым горадзе як настаўніцу гісторыі ў першай і трэцяй школах, прафсаюзнага лідара работнікаў  асветы. У сукупнасці гэтым справам яна аддала каля сарака гадоў. Яе адказнае стаўленне да працы не раз адзначалася — медалямі «Ветэран працы» і «За доблесную працу», значком «Выдатніка адукацыі», нагрудным знакам ВЦСПС, дзясяткам грамат і падзяк. Але галоўнае, на думку самой Валянціны Дзмітрыеўны, тое, што яна падрыхтавала цэлую пляяду вучняў, якія, як яна, працуюць настаўнікамі і адказна ставяцца да педагагічнай дзейнасці, сеюць разумнае, добрае, вечнае…

Без перабольшвання, Валянціна Дзмітрыеўна заўсёды ўдзяляла больш часу жыццю грамадскаму, чым асабістаму. Але і сёння, на схіле гадоў, ніколькі пра гэта не шкадуе.

Учора Валянціне Дзмітрыеўне споўнілася 90. А яна па-ранейшаму застаецца дзелавітай, праяўляе ініцыятыву, вылучаецца энергічнасцю, сочыць за сваім знешнім выглядам і, як у часы сваёй камсамольскай маладосці, прапагандуе сумленнасць і прыстойнасць. Многія здзіўляюцца, як гэтай жанчыне, нягледзячы на ўзрост, заўсёды ўдаецца быць у гушчыні падзей: а гэта шматлікія экскурсіі, паездкі, сяброўскія сустрэчы, — больш таго, многія яна сама  ініцыіруе і арганізоўвае. На што яна адказвае: «А як жа інакш? Я ж — старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы!»

Дарэчы, за актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці напярэдадні юбілею В.Д.Глазунову знайшла чарговая ўзнагарода — грамата ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *