Воскресенье, 25 февраля 2018

Пружанские картингисты закрыли мотосезон

995
Па традыцыі у апошнія цёплыя восеньскія дні праходзіць закрыццё чарговага мотасезона. Гэта таксама повад для выхаванцаў гуртка картынгістаў ДТСААФ правесці апошнія «палявыя» трэніроўкі на свежым паветры. Як расказвае старшыня таварыства В.М.Гарахавіцкі, гэты мотасезон стаў асабліва ўдалы, нават нягледзячы на тое, што гурток толькі-толькі стварыўся. На першых абласных спаборніцтвах у красавіку пружанская каманда стала чацвёртай. Праз тры месяцы падрыхтоўкі і «на ўласным асфальце» атрымалі ўжо бронзу. Зноў некалькі месяцаў на дадатковую падрыхтоўку прынеслі ў Пінску другое месца нашым картынгістам. Саступілі толькі пінчанам, школа картынгу якіх прызнана лепшай у вобласці не толькі ў тэхнічным плане, але і дзякуючы багатаму досведу. IMG_6383
— Прагрэс відавочны,— расказвае Валерый Мікалаевіч.— Таму ёсць пэўныя спадзяванні, што ў будучай перспектыве мы не толькі пацвердзім паказаны клас, але і палепшым яго.
Будаваць такія планы дазваляюць прыемныя навіны. Напрыклад, у тэхнічным стане ўдаецца паступова вырашаць вострыя пытанні з набыццём тэхнікі. Ужо зараз гурток мае тры карта, хаця на момант пачатку дзейнасці быў толькі адзін «завадскі» з яшчэ адным самаробным. У наступным годзе плануецца пашырэнне «аўтапарку»: цэнтральны савет ДТСААФ, улічваючы такія перспектывы развіцця картынгу ў Пружанах, вырашыў дапамагчы ў набыцці яшчэ адной «Хонды», больш магутнай для хуткасных гонак.
Поспехі гуртка (а таксама шырокае асвятленне яго дзейнасці ў «раёнцы») дазволіла значна павялічыць і колькасны склад каманды. Зараз у жадаючых яго наведваць няма адбою, нават створаны свае правілы адбору. Напрыклад, цяпер не толькі трэба выказваць імкненне стаць сапраўдным гоншчыкам, але і пастаянна пацвярджаць добрую паспяваемасць у школе. А яшчэ — выконваць усе патрабаванні не толькі унутранай, аднак і грамадскай дысцыпліны: калі парушыш адміністрацыйнае заканадаўства і трапіш на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх, то з членскім білетам можаш развітацца. І наадварот, нядаўна ў гурток па ініцыятыве інспекцыі былі запісаны двое «цяжкіх» падлетка. І абодва за мінулы тэрмін паказалі добрыя сацыяльныя паводзіны, падцягнуліся па вучобе і зараз паўстала пытанне аб зняцці іх з уліку.
Нямала запісалася і дзяўчынак, якія таксама могуць паказаць сапраўдны клас. IMG_6355Вось Каця Яхнавец (на здымку) за некалькі месяцаў настолькі асвоіла карт, што на крайніх абласных спаборніцтвах заняла сёмае месца сярод 12 сапернікаў. А што будзе, калі яна год будзе руліць?
На думку В.М.Гарахавіцкага, у многім такія вынікі атрымаліся дзякуючы апантанасці настаўніка картынгістаў В.А.Рэчыца, які навучае іх усім хітрасцям гэтага віду спорту. У любую зручную хвіліну ваколіцы гарадскога стадыёна, побач з якім знаходзіцца аўтадром, агалошвае роў матораў. Каму не хапае руля за настаўнікам вывучае трасу нагамі і вачамі , каб уменні пераўтварыліся ў навыкі, што дазволіць эканоміць на гонках каштоўныя сякунды.IMG_6335
З закрыццём мотасезону работа гуртка не заканчваецца. Да вясны трэба прывесці ў парадак усю тэхніку і базу для яе, правесці прафілактычныя агляды і рамонты. А таксама гэта — зручны час для асвойвання тэорыі, без якой сядаць за рулём катэгарычна забаронена.
Алег Сідарэнка.
Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *