Понедельник, 19 февраля 2018

В любви и согласии. Семья Ромаш поделилась секретом семейного счастья

1 252

«Гады — быццам вада», — шматзначна заўважае сямейная пара Ромашаў. І імклівая жыццёвая плынь прыносіла гэтым пасівелым людзям радасці і расчараванні, перамогі і паражэнні. Але добрага, як зазначаюць самі пенсіянеры, было ў іх жыцці, безумоўна, больш.

Абодва яны родам з Лазоўкі. Веры Пятроўне ў той дзень, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна,  споўнілася шэсць гадоў. Нягледзячы на тое, што была зусім дзіцём, падзеі  трывала заселі ў памяці.

— Бацькі былі на полі, калі ў хаце з’явіліся немцы, нас, малых, напужалі да слёз… Усяго і не раскажаш, але, шчыра кажучы, і ўспамінаць не хочацца той страшны перыяд.

У Івана Якаўлевіча  дзяцінства было зусім незайздроснае: калі малому было крыху больш за паўгода, трагічна загінуў яго бацька, а ў 12-гадовым узросце, неўзабаве пасля заканчэння вайны на беларускай зямлі, чакала яшчэ адна страта — пасля цяжкай хваробы не стала маці. Братоў ці сясцёр у яго не было, і хлопчыка гадавалі бабуля з дзедам.

Пасля службы ў арміі Іван Якаўлевіч не доўга хадзіў у халасцяках. Ды і чаго чакаць, калі шчасце было зусім побач, у суседскім двары.IMG_6472

— І дзяцінства, і юнацтва наша прайшло, лічы, разам, таму родныя і вырашылі нас пажаніць, — кажа бабуля Вера. — А што? Іван быў відным хлопцам: дужы, прыгожы, толькі адслужыў у войску. Але, каб не гэтая «ініцыятыва» старэйшых, магчыма, і не прыгледзеліся б адзін да аднаго.

На веласіпедзе паехалі ў сельсавет — 17 лістапада распісаліся, а 21-га згулялі вяселле. З тых пор мінула роўна 60 гадоў, пражытых у любові і згодзе. Выгадавалі двух дзяцей: сын Мікалай атрымаў вышэйшую адукацыю, выкладае замежную мову ў Пружанскім аграрна-тэхнічным каледжы, дачка Валянціна жыве ў Жабінцы, працуе ў дзіцячым садку.

Ромашы заўсёды шчыра працавалі, паказваючы прыклад іншым. Вера Пятроўна з 15 гадоў шчыравала ў паляводстве ў тагачасным калгасе «Перамога», зарабіўшы больш 45 гадоў працоўнага стажу. За сваю шматгадовую добрасумленную працу жанчына атрымала нямала грамат, а таксама медаль і званне ветэрана працы. Не раз ушаноўвалі і будаўніка Івана Якаўлевіча: у райспажыўтаварыстве, на камбінаце будаўнічых матэрыялаў, у рэстаўрацыйным аб‘яднанні. Работы хапала і дома: прысядзібны ўчастак быў вялікім, а ў асабістай падсобнай гаспадарцы  нямала жыўнасці.

У 2000 годзе сямейная пара памяняла сельскае жыццё на гарадское, пераехаўшы ў Пружаны. Маўляў, тут і да дзяцей бліжэй, і розных выгод больш.

— Лазоўка паступова вымірае — там цяпер усяго пяць чалавек жыве. Тут жа ў нас больш зносінаў, ёсць магчымасць наведваць царкву, да дома падведзены ўсе зручнасці…

На пытанне: «У чым жа сакрэт вашага шматгадовага шчаслівага сямейнага жыцця?», — пенсіянеры наперабой з пяшчотай стараюцца аддаць належнае адзін аднаму.

— Перакана, шчасце ў сям’і залежыць ад мужчыны. А ў мяне муж добры і працавіты, ніколі лішняй чаркі не выпіў, — пачынае Вера Пятроўна пералічваць лепшыя рысы свайго спадарожніка жыцця.

Іван Якаўлевіч тут жа перабівае:

— Проста жонка мая — добрая гаспадыня: заўсёды сочыць, каб я быў дагледжаны, — акуратна апрануты ды сытна накормлены. Калі ў нас яшчэ плойма работы было, яна сама ночы недасыпала, каб усё гэта паспець…

За гэтымі звычайнымі характарыстыкамі, здаецца, тоіцца зусім іншае: галоўнымі спадарожнікамі сям’і Ромашаў заўсёды былі і застаюцца ўзаемапавага, узаемаразуменне і, вядома ж, каханне.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *