Воскресенье, 24 июня 2018

Медсестра из Ружан освоила технику цумами канзаши и сама создает игрушки и предметы интерьера

2 066

Навучыцца можна амаль што ўсяму», — пераканана жыхарка Ружан Кацярына Каляда. І з гэтым складана не згадзіцца, калі яна сама з’яўляецца яскравым таму прыкладам.

—Варта прызнаць, мяне заўсёды цікавілі дэкаратыўна-прыкладная творчасць, арганізацыя культурна-масавых мерапрыемстваў, — расказвае дзяўчына пра тое, як знайшла сабе хобі. — Я і ў школе актывісткай была.

Атрымаўшы школьны атэстат, Каця нават паступала ў Белдзяржуніверсітэт культуры і мастацтваў, але абітурыентцы не хапіла ўсяго двух балаў, каб аказацца ў ліку студэнтаў установы. Што рабіць далей у такім выпадку, было загадзя абмеркавана з бацькамі: калі не культарганізатар, значыць — медык, як бацькі.

І толькі падчас дэкрэтнага водпуску Кацярыне ўсё-такі ўдалося памяняць «кваліфікацыю»: спачатку стала займацца падзелкамі, а затым кінулася і ў іншыя віды творчасці. А пачалося ўсё даволі элементарна: хацела зрабіць сваімі рукамі цацку для дачкі Сонечкі. Спачатку з’явіўся пупс з капронавых шкарпэтак, затым — лялька-дамавушка. А калі мама вырашыла паказаць калегам арыгінальныя вырабы, якія робіць дачка, у Кацярыны з’явіліся першыя кліенты.IMG_6161

— Як кажуць, я — шавец без ботаў: дома няма, лічыце, ніводнай з работ, — усміхаецца майстрыха.

Акрамя таго, вывучыўшы безліч інфармацыі пра рукадзелле ў інтэрнэт-прасторы, Кацярына сёння спынілася яшчэ і на тэхніцы цумамі канзашы, у аснове якой ляжыць арыгамі. Як вынік цікаўнасць перарасла ў выраб арыгінальных інтэр’ерных лялек.

— Я — толькі аматар. І, на мой погляд, займацца падобнай справай нескладана: сёння дастаткова крыніц, з якіх можна запазычыць нямала карыснай інфармацыі. У мяне, — з гордасцю зазначае Каця, — ёсць дамавічкі і гномікі, якія з’яўляюцца цалкам маёй распрацоўкай.

У той жа японскай тэхніцы Кацярына навучылася рабіць яшчэ і прыгожыя абручы, арыгінальныя шпількі для валасоў.

На пытанне: «Ці рэальна на такім хобі зарабляць грошы?», — дзяўчына дае адмоўны адказ і тлумачыць:

— Пакуль і не стаўлю перад сабой мэту зарабіць. Таму ўсе выручаныя за работы сродкі ідуць на тое, каб купіць матэрыял для новых заказаў. Набыць неабходную дробязь, дарэчы, у Ружанах няпроста: сёе-тое купляю ў Пружанах, некаторыя рэчы — у Мінску, часцей за ўсё набываю па пошце, заказваючы праз інтэрнэт.

Але не выключае, што на перспектыву рукадзелле можа стаць і спосабам заробку: яна марыць адкрыць невялікі магазінчык усё больш набіраючай папулярнасць прадукцыі «hand-made».

Чым далей гутарым з дзяўчынай, тым больш пераконваемся ў яе творчым патэнцыяле: Каця ўмее маляваць, ведае толк ва ўпрыгожванні залаў на ўрачыстасці… Яна шчыра прызнаецца, што не можа ўсядзець без справы і аддае перавагу паўнацэннаму насычанаму жыццю.

Але Кацярына з горыччу зазначае:

— У Ружанах вельмі сумна, няма асабліва магчымасцей для ўсебаковага развіцця дзяцей. Іншы раз з-за гэтага хочацца памяняць месца жыхарства. Святаў масавых праводзіцца вельмі мала, «Ружанская брама» — бадай, адзінае мерапрыемства, узровень арга-нізацыі якога радуе. Вельмі хацелася б стаць арганізатарам масавых мерапрыемстваў, каб унесці новы подых у культурнае жыццё ружанцаў, наладзіць Купалле, Масленіцу  ў новым фармаце…

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *