Пятница, 22 июня 2018

Как пружанка обыграла знатоков «Что? Где? Когда?»

1 971

Наталля Ерашава шмат гадоў захапляецца праглядам па тэлевізары чарговых гульняў «Што? Дзе? Калі?», прычым з задавальненнем цікавіцца не толькі расійскім варыянтам інтэлектуальнага казіно, але і нацыянальным. На яе думку, беларускі клуб яшчэ больш цікавы, бо дае шанц зарабіць аўтарытэт і тым, хто толькі сабраў сваю каманду. Але наша гутарка не аб гэтым.

Наталля пастаянна купляе і выпісвае свайму сыну Аляксандру — старшакласніку СШ №3 — розную пазнавальную літаратуру: часопісы і энцыклапедыі. Усё гэта яны чытаюць разам, бо абодвум цікава ведаць пра свет, калі не ўсё, то многае. І аднойчы яна вырашыла скласці сваё пытанне для знаўцаў інтэлектуальнай гульні.IMG_6314

— Спачатку я зрабіла відэапытанне пра кактусы, якімі вельмі люблю займацца,— расказвае Наталля.— Яно гучала прыкладна так. Вядома, што кактусы індзейцам з пампасаў служаць у якасці крыніцы вады і таму падобнае. Аднак часта людзі абсаджваюць свае пасяленні гэтай раслінай для абароны ад аднаго віду жывёлы. Хто баіцца кактусаў?

Пытанне аказалася лёгкім для знаўцаў: больш за астатніх кактусаў баяцца каёты, што насяляюць пампасы. Аднак гэта не расчаравала прадстаўніцу каманды гледачоў з Пружан, яна падрыхтавала другое пытанне — пра беларускую бульбу. І зноў знаўцы перамаглі.

І вось яе трэцяя спроба. У адным з часопісаў сын знайшоў цікавую інфармацыю пра стан сучаснага грамадскага транспарту ў Душанбэ. Там кожны тралейбус абслугоўваюць пяць чалавек: вадзіцель, двое кандуктараў, кантралёр і… Як вы, шаноўныя чытачы, думаеце, для чаго патрэбны пяты спецыяліст? Інфармацыя настолькі здзівіла Наталлю Ерашаву, што яна вырашыла на яе аснове падрыхтаваць яшчэ адно пытанне для знаўцаў. На інтэрнэт-сайце праграмы яна запоўніла спецыяльную заяўку (у ёй указваюцца не толькі ўласныя дадзеныя, але і крыніца, адкуль узята інфармацыя, потым усё абавязкова правяраецца).

Пытанне пружанкі падалося арганізатарам настолькі складаным, што яго агучылі ў фінале гульні, куды здолелі прайсці найбольш моцныя каманды. І атрымаўся цуд: знаўцы не здолелі знайсці правільны адказ! Аказалася, што пяты работнік… бяжыць за тралейбусам і сочыць, каб яго «рогі» не адчапляліся ад правадоў. І такі адказ — нібыта просты, але недаступны — настолькі захапіў усіх, што пытанне Наталлі Ерашавай з Пружан было прызнана самым цікавым, а яго аўтар атрымала прэмію ў пяць мільёнаў рублёў.

Ці складана стаць аўтарам пытання? Наталля лічыць, што для гэтага не трэба быць прафесарам якіх-небудзь навук. Сама яна закончыла СШ №5, зараз завочна вучыцца ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна і працуе аператарам лініі па разліву малака на СТАА «Юнімілк Пружаны». Дастаткова цікавіцца літаратурай, пазнавальнымі выданнямі і быць чалавекам з шырокім кругаглядам. Гэта абавязкова дасць свой плён і спатрэбіцца ў жыцці.

Наталля з сынам Аляксандрам ужо  складаюць новыя пытанні для знаўцаў.

Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *