95 гадоў таму — 11 лістапада 1918 года – завяршыліся ваенныя дзеянні ў ходзе Першай сусветнай вайны. Камп‘енскае перамір‘е паставіла апошнюю кропку ў існаванні не толькі кайзераўскай Германіі, але і Расійскай імперыі. У гэты дзень многія краіны цяпер адзначаюць Дзень памяці загінуўшых падчас ваенных дзеянняў 1914-1918 гадоў.
Тэрыторыя Пружаншчыны, якая была акупавана ў верасні 1915 года, заставалася “пад германцамі” да лютага 1919-га. На змену ім прыйшлі спачатку войскі Чырвонай арміі, потым белапалякі, якіх зноў змянілі чырвонаармейцы, але ўжо ў верасні 1920 года наш раён на наступныя 19 гадоў адышоў да Польшчы.
Я не пра палітычныя падзелы зараз распавядаю, а пра тое, што пастаянныя змены ўлады суправаджаліся жорсткімі баямі. Гінулі немцы і аўстрыйцы, рускія, беларусы, палякі. Як памяць пра тыя гады – могілкі 1914-18 гг. у вёсцы Слабудка, дзе былі пахаваны салдаты ўсіх нацыянальнасцей. Тут устаноўлены помнік з надпісам на нямецкай мове, які можна перакласці прыкладна так: “І той, хто смерць сустрэў у барацьбе святой, у чужой зямлі спіць, як у сваёй роднай”.
Некалі вакол знаходзіліся надмагільныя пліты з імёнамі салдат, але ў другой палове 20-га стагоддзя могілкі паступова пачалі руйнавацца. Сёння тут не засталося нічога, акрамя помніка, затое добра бачны сляды нядаўняй дзейнасці “чорных капальнікаў”.
Знаходзіцца ў гэтым месцы было сумна і сорамна. Сорамна за сваіх суайчыннікаў, якія рабуюць мёртвых дзеля грашовай выгады. Калі ўжо нават на гарадскіх могілках здымаюць старажытныя чыгунныя агароджы, каб “падзарабіць”, то што казаць пра гэтыя слабудскія выселкі, за якімі ніхто не сочыць. Сорамна за тых, хто шмат гадоў абыякава назіраў за гэтым разбурэннем…
Зараз можна колькі заўгодна абвінавачваць “савецкі лад жыцця” ў заахвочванні гістарычнага бяспамяцтва, але, як абвяшчае ўсходняя мудрасць, ад слова “халва” ў роце соладка не стане. Час пераходзіць да дзеянняў? Але нават вайсковыя слабудскія могілкі побач, дзе каля брацкай магілы савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1941 і 1944 гадах, апошнім часам некалькі разоў рабіліся перапахаванні астанкаў салдат, не выглядаюць дагледжанымі…
Сорамна, уласна кажучы, і за сябе. Бо толькі Дзень памяці стаў нагодай успомніць пра гэтае месца і гэтыя падзеі.
Ля помніка на нямецка-рускіх могілках ліцію аб усіх пахаваных тут, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання, здзейсніў протаіерэй Ігар Мрыхін. Вечны ім спакой. Хацела сказаць, вечная памяць, ды толькі з памяццю, мяркуючы па гэтых могілках, у нас не заўсёды ладна.
Ірына Сядова.
На здымках: малітва ля помніка загінуўшым у 1914-1918 гадах; побач, на воінскіх могілках, месцы нядаўніх перапахаванняў зусім зраўняліся з зямлёй…