Пятница, 17 апреля 2026

90 гадоў спаўняецца сёння з дня асвячэння лыскаўскай Свята-Ражства-Багародзічнай царквы. 40 гадоў настаяцелем у ёй служыць протаірэй Аляксандр Багдановіч

1 072

Сустрэцца са святаром Свята-Ражства-Багародзічнай царквы ў аг. Лыскава мітрафорным протаіерэем Аляксандрам Багдановічам дзеля таго, каб здзейсніць экскурсію па памятных мясцінах, мы дамаўляліся даўно. Ды як заўсёды атрымліваецца: абяцанага тры гады чакаюць. То праца, то справы нейкія, а потым каранавірус раптам напаў… Але гэтай вясной час спрацаваў на нас, яго аказалася дастаткова, каб пахадзіць-паездзіць па наваколлях, але галоўнае — паразмаўляць пра жыццё, пра храм, якому сёлета спаўняецца ні многа ні мала 90 гадоў. Ці ўжо споўнілася?

Так зараз выглядае лыскаўскі храм.

— Храм наш быў асвечаны 4 чэрвеня 1933 года, якраз перад днём памяці Ефрасінні Полацкай. А закладвалі яго на дзень Святога Духа ў 1930 годзе. На той час праваслаўныя вернікі Лыскаўскага прыхода вымушаны былі ўжо амаль за дзесяцігоддзе маліцца на могілках, у капліцы, пабудаванай з дрэва разабранай Пакроўскай царквы, — расказвае айцец Аляксандр.

Пра гісторыю культавых устаноў у Лыскаве святар можа расказваць бясконца. Пра ўніяцкі базіліянскі манастыр, заснаваны ў 1628 годзе. Пра праваслаўны жаночы Пакроўскі манастыр, які ўпамінаецца ў дакументах за 1689 год. Пра старажытную Пакроўскую царкву, датаваную 1725 годам.

Белы касцёл, руіны якога і зараз велічна ўзвышаюцца над аграгарадком, узвялі ў 1783-м. Праз стагоддзе ён згарэў ад удару маланкі, а адбудоўваўся ўжо як праваслаўная царква замест старой Пакроўскай, якая да таго часу пачала трухлявець. Храм быў асвечаны ў імя Ражства Прасвятой Багародзіцы. Але ў 1921 годзе, калі Заходняя Беларусь трапіла пад польскую ўладу, праваслаўных сілай выгналі з будынка…

Фота 1930-х гадоў.

У 1925 годзе настаяцелем Лыскаўскай царквы быў прызначаны малады святар Пётр Радкевіч, прадаўжальнік слаўнай дынастыі: яго дзед Антоній шмат гадоў служыў у Зельзіне, многае зрабіў для храма і прыхаджан, бацька Пётр працягваў бацькаву справу, але рана пайшоў з жыцця. Пётр Пятровіч і дабіўся ў польскіх улад дазволу на будаўніцтва храма ў неагаліцыйскім стылі на месцы старажытнай праваслаўнай царквы.

— Гэта была адзіная праваслаўная царква, пабудаваная пры Польшчы на нашых тэрыторыях, — кажа айцец Аляксандр. — Таму і помнік Пятру Радкевічу перад ганкам стаіць, хаця пахаваны ён насамрэч у Беластоку. Неверагодны чалавек, пяць храмаў за сваё жыццё пабудаваў. Зразумела, нешта перабудоўвалася, мянялася тут з часам. Напрыклад, на старым фота бачна, што званіца адкрыта, потым ужо яе закрылі.

Айцец Аляксандр з фотаздымкам Пакроўскай царквы каля памятнага знака на месцы, дзе яна стаяла.

Другі помнік на царкоўным пагосце — на магіле былога настаяцеля Лявонція Канькоўскага. Святар хацеў паставіць крыж на брацкай магіле ў Лыскаве, а на месцы расстрэлу гітлераўцамі 58-мі мясцовых жыхароў пабудаваць капліцу. Але ў пасляваенныя часы пачалі барацьбу з рэлігіяй і дзейнасць святара выклікала незадавальненне. Адным словам, можна сказаць, што ён стаў мучанікам за веру…

Айцец Аляксандр эмацыянальна і яскрава расказвае пра кожны момант царкоўнага жыцця, пра духоўныя рэліквіі, пра людзей, з якімі давялося сутыкацца, а вось пра сябе — вельмі сціпла.

— Нарадзіўся ў 1955 годзе ў Кобрынскім раёне, у 1972-м скончыў школу, служыў у арміі, а потым выбраў сабе шлях святарства.

— З чаго Вы пачыналі, айцец Аляксандр?

— Некаторы час жыў у Пачаеўскім манастыры і нават думаў прыняць манаства, але схіархімандрыт айцец Паліхроній (ён быў сапраўды празарліўцам, меў дар духоўнага бачання) адгаварыў, блаславіў ісці ў свет, ажаніцца, выхаваць дзетак у праваслаўным духу. Ну, і я паслухаў яго, манастыр пакінуў, сустрэў сваю матушку…

5 верасня 1977 года мітрапаліт Антоній Мельнікаў (на той час быў мітрапалітам Мінскім і Беларускім, пазней — Ленінградскі і Наўгародскі) прызначыў мяне псаломшчыкам да Брэсцкага Свята-Сімяонаўскага сабора. 12 сакавіка 1978 тым жа мітрапалітам Антоніем я быў рукапакладзены ў дыяканы.

Калі Уладыка Філарэт прыйшоў з Заходняй Еўропы да нас (ён змяніў Антонія), 4 снежня 1978 года, на свята Увядзення, я быў рукапакладзены ў святары. А ў маі 1983 года Філарэт сваім указам прызначыў мяне ў Лыскаўскі прыход і 27 мая 1983 года я адслужыў тут першае сваё богаслужэнне.

Слава Богу, роўна 40 гадоў таму.

— Фактычна за гэты час змянілася тры пакаленні прыхаджан. Вы ж, напэўна, усіх тут ведаеце і па імёнах, і па характарах.

— Так. Але ведаеце, калі прыйшоў, у прыходзе было 18 населеных пунктаў (некалькі — на тэрыторыі Гродзеншчыны), а зараз засталося чатыры, дзе людзі жывуць пастаянна. У астатніх прыязджаюць на адпачынак, на агарод, гэта ўжо не тое. У 1983 годзе на тэрыторыі прыхода было чатыры школы, лыскаўская працавала ў дзве змены, было 320 вучняў. А цяпер школа толькі ў Магілёўцах і стаіць пытанне вазіць дзяцей у Ружаны. У вёсцы Крупа народу колькі жыло, асноўныя прыхаджане былі адтуль, з зельзінскага прыхода, які я таксама абслугоўваў. А зараз у «раёнцы» спіс у некалькі дзясяткаў дамоў, якія патэнцыяльна ў чарзе на знос…

Людзі былі — людзей няма. Зразумела, гэта праблема не толькі Лыскава. Што ж, такая воля Божая. Трэба несці свой крыж. І ўсё ж хочацца ўвекавечыць памяць аб колішнім прыходзе. Вось прывёз камень, хачу паставіць яго на пастамент і заказаць шыльдачку з назвамі вёсак. Дарэчы, на месцы, дзе некалі стаяла Пакроўская царква, паставілі павець, пад якой захоўваецца крыж са старажытнага храма.

— Мясцовыя жыхары (і не толькі праваслаўныя вернікі, але і каталікі) адзываюцца пра Вас з вялікай павагай. А калі ў свой час вёску Корнадзь хацелі далучыць да Гродзенскай епархіі, прыхаджане не згадзіліся.

— Я тутэйшых людзей… не тое, каб палюбіў, я стаў ім бацькам і нясу адказнасць за іх перад Богам. Якія адчуванні? Вы да сваіх дзетак як ставіцеся? Ну вось. Розныя ёсць людзі, добрыя, праблемныя, са сваімі характарамі, але свае, родныя ўжо.

Не раблю розніцы паміж людзьмі розных веравызнанняў, не люблю, каб нешта было напаказ, ціха выконваю свае абавязкі. Нешта лепш атрымліваецца, нешта горш… Не мне меркаваць. У той жа час сумна, што людзі сённяшнія падыходзяць да веры фармальна.

— Можа таму, што выхоўвалі нас не на тых традыцыях?

— Ды і нас цягнуцца да Бога ніхто не прымушаў. Наадварот, я пры Хрушчове рос, якраз у перыяд ганенняў, сам імкнуўся зразумець службу. Цяпер нічога не забаронена, а жывой веры не засталося.

У нас сям‘я звычайная была: мама — даярка, тата — трактарыст. Але ў царкву хадзілі ўсе, нас, дзяцей, хрысцілі, вянчаліся. І я сабе жыцця, напрыклад, не ўяўляю з жонкай у неасвечаным царквой шлюбе. Я не мог бы так жыць. Матушка мая таксама з рэлігійнай сям‘і, старажытных традыцый мы заўсёды прытрымліваліся, таму і цяжкасцей з дзецьмі ў гэтым плане не было. Іх у нас нарадзілася чацвёра і яны, а потым і ўнукі ўсе, прывучаны захоўваць традыцыі.

Выхоўваць чалавека патрэбна з самага пачатку, як тое дрэва расціць: калі не даглядзеў і крывым вырасла, то не выправіш ужо. Бываюць, зразумела, выпадкі, калі чалавек мяняе сябе кардынальна ў свядомым узросце, як у свой час гэта адбылося з Саўлам, які з ганіцеля хрысціян стаў паплечнікам Ісуса Хрыста, апосталам Паўлам, але ж для гэтага патрэбна нейкае значнае ўзрушэнне ў жыцці. А калі час упушчаны, вельмі цяжка наганяць.

— А ці наогул удасца нагнаць, айцец Аляксандр?

— Свет мяняецца, многае ў жыцці цяперашнім зусім іншае, чым было нават не 40, але 10, пяць гадоў таму. Але ўсяму свой час. І зараз, напэўна, зноў настаў час раскідваць камяні… Спадзяюся, што і час іх збіраць надыдзе, маладыя пакаленні зразумеюць, што без Бога жыць немагчыма.

Так, мы ўсе розныя, мы слабыя, мы — людзі. Але калі Гасподзь мог з праху, з зямлі стварыць чалавека, ён можа і направіць яго на шлях праўдзівы.

Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік і з архіва Лыскаўскай царквы