Понедельник, 16 сентября 2024

9 Мая: жыхары нашага горада падзяліліся меркаваннямі, што для кожнага з іх значыць гэты дзень

451

9 Мая – гэта свята, якое адгукаецца ў нашых сэрцах і радасцю, і болем. У гэты дзень мы ўспамінаем усіх тых, хто аддаў свае жыцці дзеля перамогі над фашызмам, і радуемся мірнаму небу над галавой. Жыхары нашага горада падзяліліся меркаваннямі, што для кожнага з іх значыць гэты дзень і чаму мы павінны памятаць подзвіг нашага народа.

Ганна:
— Я лічу, што святкаванне 9 мая неабходнае, таму што мы без ведання мінулага не пабудуем у нашай дзяржаве шчаслівай будучыні. Мы заўсёды павінны памятаць пра тых, хто прынёс нам гэтую Перамогу, хто вызваліў нашу зямлю ад фашыстаў і дзякуючы каму мы зараз жывем пад мірным небам. Мы павінны захоўваць гэты мір на нашай зямлі і шанаваць памяць і традыцыі.

Любоў Іванаўна:
— Я думаю, што 9 Мая — гэта свята, якое можна прыраўняць па сваёй значнасці да Нараджэння Хрыстова і Вялікадня. Для нашага народа шанаванне гэтага дня павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне. Памяць аб гэтай вайне, аб генацыдзе нашага народа трэба захоўваць. Нашчадкі павінны ведаць, як ваявалі дзяды і прадзеды, як гінулі нашы людзі ў канцлагерах. У мяне дзядуля і дзядзька ваявалі. Бацьку павезлі ў Германію на катаржныя работы. Брат бабулі трапіў у канцлагер, а пасля вайны апынуўся ў Амерыцы і ўжо не вярнуўся дадому. Свёкар ваяваў, страціў у 19 гадоў руку. Бачыце, вайна закранула ўсіх у маёй сям’і. І пра гэта мы павінны памятаць.

Максім:
— 9 Мая — гэта дзень памяці, даніна павагі ўсім тым, хто з такой вялікай цяжкасцю здабываў для нас вялікую Перамогу. Я лічу, што ў гэты дзень павінны праводзіцца парады, паказвацца вайсковая моц краіны. Для людзей ёсць нагода ўпрыгожыць горад і ўспомніць нашых герояў, урачыста правесці гэтае свята. Гэта добра, што мы і сёння, праз столькі гадоў, святкуем гэты дзень.

Дзмітрый:
— Гэты дзень — памяць пра нашых продкаў, якія ваявалі і аддавалі жыцці за нашу шчаслівую будучыню. У мяне самога дзед ваяваў, прайшоў усю вайну ад пачатку да канца. На жаль, я ўжо не застаў яго, але мама і бабуля расказвалі мне яго гісторыю. Таму 9 Мая для мяне асаблівае свята, дзень успамінаў і аб вялікім подзвігу нашага народа, і аб сваім дзядулі.

Уладзімір:
— Свята перамогі нашага народа над фашызмам — сапраўды вялікі дзень. Гэта свята ўсяго былога савецкага народа, калі можна так сказаць. Для мяне 9 Мая — з дзяцінства ўшанаванае свята, таму што мой дзед ваяваў і нават меў узнагароды, мой бацька нарадзіўся за некалькі дзён да перамогі.
Мы павінны быць дастойнымі сваіх продкаў, бо калі згіне памяць, то памрэм і мы як асобы, як нацыя.

Ганна з дачкой Сарай:
— 9 мая для мяне — гэта дзень памяці пра мінулыя падзеі, пра якія нам усё ж не трэба забывацца. Але асабіста мне ўсё ж здаецца, што святкаваць гэты дзень неабходна без парадаў ваеннай тэхнікі. Парады ў любым выпадку дэманстрацыя сілы, а Дзень Перамогі — гэта, на мой погляд, больш свята міру і і перамогі жыцця над смерцю.

Думкамі цікавілася
Вольга ВАДЗЯНОВІЧ, фота Кацярыны МАСІК