Пятница, 17 января 2025

9 жителям Пружанского района больше 100 лет!

1 880

Сёння на Пружаншчыне дзевяць доўгажыхароў. Самая старэйшая з іх — Марыя Антонаўна Лухтан — жыве ў горадзе: летась ёй споўнілася 107 гадоў. Жыхарцы Магілёўцаў Марыі Васільеўне Пасевіч — 105 гадоў, 102-гі дзень нараджэння адзначылі Марыя Іосіфаўна Якаўчук з Лыскава, Марыя Аляксандраўна Бусень з Чахца і Клаўдзія Васільеўна Маракіна з Пружан. Праскоўя Зіноўеўна Пекун, якая жыве ў Навасёлках, — 1912 года нараджэння. Але найбольш доўгажыхароў, якія адзначылі векавы юбілей, у Смаляніцы — трое.

Разам з работнікамі Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва мы наведалі самых сталых людзей са Смаляніцы… Іван Пятровіч Гарус — з Ру-

жаншчыны: нарадзіўся ў вёсцы Ласасін, дзе правёў дзяцінства, а абзавёўшыся сям’ёй, асеў у суседнім Паўлаве. У Смаляніцу пераехаў да дачкі пару гадоў таму, калі аднаму цяжка стала спраўляцца з хатнімі клопатамі.

— Я з сялян, — расказвае пра сябе Іван Пятровіч. — Таму, зразумела, пра дзіцячыя гады, акрамя як цяжкай працы, няма што і ўспомніць. Воінскі абавязак яшчэ ў польскім войску праходзіў.

Ажаніўся І.П.Гарус яшчэ да вайны. А праз год пасля вяселля — у 1939-м — у сям’і нарадзілася дачка. Калі малой споўнілася два гады, бацька пайшоў на вайну. Радавы пяхоты Іван Гарус ваяваў на Беларускім фронце, пратаптаў паў-Еўропы і дайшоў да Берліна — усяго пяць гадоў аддаў на тое, каб яго дзецям дасталося мірнае жыццё. Наогул, варта адзначыць, што мужчыны з сям’і Гарусаў у гады Вялікай Айчыннай вылучыліся патрыятызмам…

— Раней бацька расказваў нам пра сваю сям’ю, пра брата-рэвалюцыянера, пра вайну, але цяпер памяць падводзіць, — удакладняе яго дачка Лідзія Іванаўна, — узрост усё-такі.

Іван Пятровіч пражыў дастойнае жыццё: пабудаваў хату, разам з жонкай выгадаваў пяцёра дзяцей… Працоўная дзейнасць прайшла ў сельскай гаспадарцы: у мясцовым саўгасе быў паляводам, конюхам, вартаўніком.

Хапала ў жыцці і радасці, і гора. Кажуць, для бацькоў няма горш, як перажыць сваіх дзяцей. Горыч гэтай страты давялося адчуць і Івану Пятровічу: старэйшую дачку Зінаіду пахаваў ужо. Нягледзячы на вялікую адлегласць паміж населенымі пунктамі, не-не ды і завітаюць у госці дочкі Галя з Санкт-Пецярбурга, Вера з Краснадара ды Люба з Байканура, патэлефануюць унукі, праўнукі і прапраўнукі  з розных куткоў свету, нават з Англіі.

Нягледзячы на тое, што Івану Пятровічу ідзе 102-і год, на здароўе не скардзіцца. Ну, праўда, з улікам яго ўзросту. Дачка ўдакладняе, што іншы раз яшчэ і за шуфель бярэцца, каб двор ад снегу ачысціць. А на пытанне: «У чым сакрэт доўгажыхарства?» — толькі паціскае плячыма і ўсміхаецца.

А ў невялікай несамавітай хатцы на горачцы ў Смаляніцы жыве нават сям’я доўгажыхароў. Антаніне Ва-сільеўне Жабрун напачатку студзеня споўніўся 101 год, а яе мужу Паўлу Васільевічу ў панядзелак «стукнула» роўна сто. Павіншаваць яго з такой значнай датай  прыехалі старшыня раённага савета ветэранаў М.В.Дулько, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК С.С.Лаўрыновіч, прадстаўнікі ААТ «Айчына» і Хараўскога сельвыканкама.

Баба Тоня адзначае:

— Пра наша такое доўгае жыццё язык забаліць расказваць!

…Павел Васільевіч рос сіратою: бацькі памерлі, калі ён быў яшчэ малы, таму пачаць працаваць ён вымушаны быў з дзяцінства. Дарэчы, за працавітасць і спадабаўся ён Антаніне Васільеўне, бацькоўская сядзіба знаходзілася непадалёку ад хутара, на гаспадароў якога працаваў хлопец. Стаць на ногі маладой сям’і дапамаглі бацькі Антаніны Васільеўны.

Калі грымнула Вялікая Айчынная вайна, у Жабруноў падрасталі дзве дачушкі. Каб на хутары за Асятніцай не змаглі прыняць партызанаў, аднойчы немцы загадалі Жабрунам… разабраць хату. Давялося туліцца з малымі дзецьмі па чужых людзях.

Калі немцаў пагналі на Захад, Павел Васільевіч паспеў ізноў скласці сваю хату і таксама пайшоў ваяваць. Дайшоў амаль да Берліна, але з-за ранення быў адпраўлены ў шпіталь у Ташкент, дзе і пачуў вестку пра Вялікую Перамогу.

На хутары за Асятніцай Жабруны пражылі да 1982 года, пакуль з-за старэчай нямогласці не прыйшлося пераехаць у Смаляніцу бліжэй да дзяцей. Дарэчы, тут у іх жывуць трое дзяцей, двое — у Сонечным, адна — у Клепачах.

— Каб пражыць доўгае жыццё, не дастаткова есці натуральную ежу ці выконваць іншыя парады па здаровым ладзе жыцця, — кажа баба Тоня. — Трэба верыць у Бога, жыць у згодзе з людзьмі.

Марына Вакульская.

На здымках:  Павел Васільевіч і Антаніна Васільеўна Жабруны  прымаюць віншаванні.

Фота Аляксандра МЕЛЕША.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *