14 чэрвеня — Сусветны дзень донара крыві. Сёлета ён праходзіць пад дэвізам «Дзякуй за выратаванне майго жыцця».
Зінаіда Несцярук каля паўсотні разоў здавала кроў і спадзяецца, што гэтым дапамагала выратаваць жыццё многім людзям.
Жанчына атрымала статус донара больш дваццаці гадоў таму. Ёй проста патэлефанавалі з бальніцы і папрасілі здаць кроў: маўляў, у вас патрэбная група. Тады, дарэчы, донарства яшчэ насіла бязвыплатны характар: за добрую справу ўзнагароджвалі ўсяго толькі талонам на харчаванне і дадатковым днём да адпачынку.
Сёння Зінаіда Адамаўна — ганаровы донар Рэспублікі Беларусь. Яна лічыць, што быць донарам ці не — справа кожнага, але асабіста яна зрабіла свой выбар, калі аднойчы прыйшла ў аддзяленне пералівання крыві.
Наогул, пераацаніць ролю донарства ў нашым жыцці складана: па статыстыцы кожнаму трэцяму жыхару планеты хаця б раз у жыцці патрэбна донарская кроў.
Я сам маю непасрэднае дачыненне да донарства: больш сарака гадоў працаваў загадчыкам аддзялення пералівання крыві. У 1970-м, калі аддзяленне толькі пачало функцыяніраваць пры ЦРБ, як і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, кроў здавалася на бязвыплатнай аснове.
Прапаганда бязвыплатнага донарства вялася медработнікамі пастаянна. Безумоўна, колькасць донараў павялічылася, калі за кожную кроваздачу сталі плаціць грошы. І сёння, у наш прагматычны час, донарства цалкам перайшло на камерцыйныя рэльсы. Але ж хіба можна ацэньваць жыццё грашыма?
Радуе, што ўсё-такі бязвыплатныя донары не перавяліся, і лепш за іншых ведаюць пра гэта мае былыя калегі. Як расказала старшая медсястра ад-дзялення пералівання крыві Н.І.Чайкоўская, за 2014 год план па атрыманні донарскай крыві быў выкананы на 108,7%. Што тычыцца плана на бягучы год, то ўсяго за пяць месяцаў яго ўдалося выканаць амаль напалову. Найбольш жадаючых стаць донарамі знаходзіцца ў медыцынскім асяроддзі.
Высакародная справа донарства жыве, і аб гэтым лепш за ўсё сведчыць той факт, што колькасць людзей, якія ўдастойваюцца звання ганаровага донара Рэспублікі Беларусь, павялічваецца: на сённяшні дзень толькі на Пружаншчыне яго носяць 88 чалавек.
Павел Барадзюк, ганаровы донар Рэспублікі Беларусь і СССР.
На здымку: З.А.Несцярук і старшая медсястра аддзялення пералівання крыві Пружанскай ЦРБ Н.І.Чайкоўская.
Фота Марыны Вакульскай.