Не першы раз сутыкаюся з такой з’явай, калі ў вёсцы паважанага чалавека сталага ўзросту называюць не імем па бацьку, а проста «дзядзька», мабыць, каб падкрэсліць сваё пачуццё да яго, як да роднага і блізкага чалавека. Так і Аляксей Аляксандравіч Маркевіч, вядомы майстар-пячнік, ужо даўно стаў для жыхароў в. Клятное “дзядзькам Лёшам”.
Хоць, прызнацца, няма нічога дзіўнага ў тым, што чалавек, які ўмее складаць печы, карыстаецца такім вялікім аўтарытэтам. Бо печ у вёсцы – гэта больш чым проста цагляны «каларыфер». Гэта нават больш чым сямейны ачаг. Каму давялося хоць раз у жыцці пагрэць спінку каля яе і ўпасці ў дрымоту пад ціхае патрэскванне дроў у топцы, хто памятае смак бабулінай капусты, прыгатаванай у печы, той мяне абавязкова зразумее. Без печы ў вёсцы чалавеку жыцця няма, таму і майстры такія, як Аляксей Аляксандравіч, на вагу золата.
– Лепш печы ніхто ніколі не складваў, хіба толькі ягоны бацька. Паляцца добра і ніколі не дымяць. Ды і печку, складзеную іншым майстрам, так падрамантуе, што яна пачынае грэць зусім па-іншаму, – наперабой расхвальваюць аднавяскоўцы невысокага, худзенькага сівога дзядка.
Глядзіш на яго і здзіўляешся: як ён спраўляецца з цяжкімі камянямі і цаглінамі? Як варочае гліну? Сапраўды, аказалася, ужо год, як дзядзька Лёша па стане здароўя пакінуў свой «не-пад’ёмны» занятак:
– Я рабіў печы да апошняга часу, але здароўе падводзіць. Вельмі баляць рукі і ногі. Мне ўжо як-ніяк 86 гадоў. Яшчэ ў мінулым годзе некаму тут ладзіў печку. І, дзякуй Богу, людзі ніколі не скардзіліся на маю працу. Канешне, яшчэ і цяпер змагу печ і скласці, і падрамантаваць. Трэба, то і топку перараблю, і ядлоўцам пачышчу каміны. Але цяжка ўжо…
Дык у чым жа сакрэт майстэрства? Чыю школу давялося прайсці?
Пячнік з сумнай усмешкай адказвае:
– Усё пачалося каля сямідзесяці гадоў таму з вялікага жадання дапамагчы бацьку, які вярнуўся з вайны з цяжкімі раненнямі абедзвюх ног. З-за шматлікіх асколкаў, якія лекары так і не змаглі дастаць, ён хадзіў з цяжкасцю, перавальваючыся. Пенсію па інваліднасці атрымліваў усяго 18 рублёў. За што жыць? А трэба было неяк карміць вялікую сям’ю.
Да таго ж мы ж вярнуліся на папялішча: у вайну маму з чатырма дзецьмі (мне, старэйшаму, было 11 гадоў) вывезлі ў Беласток, а нашу вёску, як і іншыя навакольныя паселішчы, спалілі. Трэба было будаваць дом. А пачынаюць з чаго? І як без печы.
Я ўважліва глядзеў, як бацька спрытна і прыгожа клаў камяні і цэглу, як выводзіў усе “рукавы” і коміны. Гліну для яго насіў (браў пад Клятным, тут гліны шмат) і мясіў-мясіў. Усе прапорцыі тата на вока вызначаў: колькі пяску, колькі гліны. Глядзеў, як раствор на кельме трымаўся… Я заўсёды прыслухоўваўся да татавых парадаў і па-свойму іх асэнсоўваў. А пасля смерці бацькі застаўся адзіным карміцелем у сям’і. Вось так і прыйшлося з цаглінамі «сябраваць» усё жыццё.
Але сяброўства гэтае атрымалася на славу! Па сямейным падрадзе Маркевіч будаваў печы для ўсёй акругі, не толькі ў Брэсцкай, але і ў Гродзенскай вобласці. Печы розныя, простыя і складаныя, але ў любым выпадку прыгожыя, абліцаваныя кафляй.
Дзядзька Лёша яшчэ і ў калгасе працаваў (абавязаны быў зрабіць 220 выхадаў) і толькі ў вольны ад калгаснай і хатняй працы час мог займацца кладкай пячэй і каміноў. Дарэчы, апошнія два каміны па складаных схемах клятнянскі майстар узводзіў ў Пружанах, у “царскім сяле”. І прастаяць яны, як запэўніваюць гаспадары, “да другога прышэсця”.
– Чаму не прастаяць? Цяпер жыццё шчаслівае, вайны няма – і добра. Чацвёра сыноў мы з жонкай Лідзіяй Якаўлеўнай нарадзілі, адзінаццаць унукаў і восем праўнукаў дачакаліся. Шкада толькі, што ніхто з іх не захацеў перайняць уменне класці печ. А яна ж на сабе ўвесь дом трымае, – кажа мне на развітанне дзядзька Лёша.
І я з вялікай павагай цісну яго моцную руку. Руку сапраўднага печніка.
Алена ЗЯЛЕВІЧ. Фота аўтара.