15 студзеня 2025 года Пружанскаму раёну споўніцца 85 гадоў.
За мінулы час на пружанскай зямлі адбылося нямала падзей, якія істотна змянілі аблічча рэгіёна, жыццё людзей. Успомнім самыя значныя з іх.
Дваццацігоддзе Пружаншчыны — яшчэ адна нагода падвесці вынікі сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця нашага раёна. Тым больш што да гэтага юбілею адбыліся знакавыя і заўважныя змены ў яго жыцці.
1965 год:
24 факт. У склад створанага Пружанскага раёна ўключана значная частка тэрыторыі скасаванага Ружанскага раёна (7 сельсаветаў, уключаючы Ружаны, за выключэннем Дабрасялецкага, Славацічскага сельсаветаў і населеных пунктаў — Мелеховічы, Манцякі, Авечыцы, Пічукі і Цераховічы Кулянскага сельсавета). Такім чынам, Пружаншчына набыла тыя межы і геаграфічны абрыс, які нам добра вядомы зараз.
25 факт. Калі ў першыя дні вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў амаль у кожнай вёсцы ствараліся калгасы, то з павышэннем прадукцыйнасці працы паўстала новая неабходнасць — узбуйненне сельскіх гаспадарак. Такім чынам, да 20-годдзя на пружанскіх землях працавала 28 арганізацый АПК. Больш таго, аб’яднанне гаспадарак працягвалася і новым этапам стала ўзнікненне саўгасаў, якіх стала 5.
26 факт. У пружанскім вытворчым сектары стала ўкараняцца новая эканамічная форма — гаспадарчы разлік па прынцыпе «папрацаваў — зарабіў». Такім чынам, заробкі кожнага працаўніка сталі залежаць ад яго ўклада ў агульную справу. Напэўна, тады і з’явілася прымаўка «Хто не працуе, той не есць».
27 факт. З улікам значнай забалочанасці земляў нашага рэгіёна актуальнай стала меліярацыя. Штогод асушалася да 800-900 гектараў новых угоддзяў, у выніку на 1965 год плошча сельскагаспадарчых земляў дасягнула 41800 гектараў.
28 факт. На толькі што ўведзеную абласную Дошку гонару ўпершыню ў 1965 годзе трапілі пружанскія прадпрыемствы. І адразу 5 арганізацый: Ліноўскі спіртзавод (дырэктар М.Б. Пупо), Пружанскі вузел сувязі (начальнік І. Я. Звераў), эксперыментальная база «Белавусаўшчына» (дырэктар В.М. Карака), саўгас «Светлы шлях» (дырэктар І.Р. Качур), калгас «Савецкая Беларусь» (старшыня С.Д. Андрэйчанка).
29 факт. Узяты накірунак на механізацыю ферм, у прыватнасці, першымі сталі выкарыстоўвацца дражджавальныя ўстаноўкі, якія зманціравалі на МТФ у саўгасе «Светлы шлях», калгасах імя Леніна, «Ленінскі шлях», «Парыжская камуна». Да слова, гэтыя гаспадаркі ўступілі ў сацыялістычнае спаборніцтва з калегамі з Воранаўскага і Лідскага раёнаў Гродзенскай вобласці.