Четверг, 13 февраля 2025

85 фактаў з жыцця раёна

485

15 студзеня 2025 года Пружанскаму раёну споўніцца 85 гадоў. За мінулы час на пружанскай зямлі адбылося нямала падзей, якія істотна змянілі аблічча рэгіёна, жыццё людзей. Працягваем успамінаць самыя значныя з іх.

Гэта зараз мы дакладна ведаем, што перыяд да 1985 года стаў для Пружаншчыны часам паступовага, планамернага развіцця. Напрыканцы гэтай пяцігодкі ўжо пачалі гучаць лозунгі адносна «навукова-тэхнічнага прагрэсу», «рэсурсаёмістасці», «паскарэння» і т. п. Пра гэта мы раскажам у наступным выпуску гэтай рубрыкі, а пакуль жа адзначым чарговыя дасягненні ў жыцці нашага краю.

1980-1985 гады:
49 факт.
Стабільна пашыраюцца межы г. Пружаны, які да 1985 года прырос яшчэ адной вуліцай — Інтэрнацыянальнай, дзе разам з першымі пяціпавярховымі дамамі з’явіўся і новы магазін «Ветразь» («Палявы»). А яшчэ ў райцэнтры працягваецца павышацца ўзровень жыцця. Напрыклад, у гэты перыяд на вуліцах Макаранкі, Кобрынскай, Набярэжнай, Г.-Каляды, Касцякова, Тармасава і Камсамольскай былі пракладзены водаправоды. Паўстала пытанне аб будаўніцтве пружанскай станцыі абезжалезвання. Не адстаюць і іншыя населеныя пункты: у Ружанах таксама прыступілі да пракладкі водаправода.
50 факт. Такую з’яву, як таварыскія суды, нельга назваць «сацыялістычнай навінкай», таму што яны існавалі ў дарэвалюцыйны час. Вось толькі ў першай палове 80-х гадоў яны сталі масавымі. У прыватнасці, у арганізацыях і на прадпрыемствах раёна дзейнічала 65 таварыскіх судоў. І гэта форма ўздзеяння паказала сябе даволі станоўчай. А можа, і дарма мы зараз не выкарыстоўваем такі фармат грамадскага ганьбавання?
51 факт. Напрыканцы гэтай пяцігодкі было вырашана весці ўлік грамадскага аўтамотатранспарту. На 1985 год у жыхароў раёна было 2247 легкавых машын і 7741 матацыкл. Праз 40 гадоў колькасць легкавікоў павялічылася больш чым у 10 разоў.
52 факт. Пашыраецца і культурная сфера жыцця Пружаншчыны. Менавіта ў гэты перыяд упершыню на сцэне выступіў хор ветэранаў «Чырвоны гваздзік» (1982 год).
53 факт. Новым рэкордам вызначылася «малочная» галіна аграпрамысловага комплексу раёна. На котранскай ферме саўгаса «Савецкі» ад адной каровы атрымалі 3000 кг (сярэдні па раёне паказчык 2613 кг).
54 факт. На пружанскіх землях меліяратары пачалі будаваць яшчэ адзін саўгас — «60 год БССР» з цэнтрам у в. Кабылаўка.